Кошт незалежнасці 15 мільярдаў. Хто больш?

Сённяшняя сустрэча Пуціна і Лукашэнкі можа стаць вызначальнай для Беларусі. А можа — шараговай, так бы мовіць, чарговай перадаўкцыённай. Усё залежыць ад таго, наколькі патрэбныя аднаму рэжыму грошы, а другому іміджавыя бонусы.

images_53.jpg

Грошы вельмі патрэбны беларускаму рэжыму. Наперадзе выбары і магчыма рэферэндум, на якія трэбы раскашэліцца. У эканоміцы завал, які так і не разабралі, бо гэта пры такой палітыцы ў прынцыпе не магчыма. Унутраныя інвестары ўжо абскубленыя амаль пад нуль, а знешнімі не пакамандуеш, як хочацца. А тут яшчэ з усходу кожны раз якую-небудзь гадасць падкідваюць. Таму трэба вужакай круціцца, каб і ўладу захаваць і грошы ў патрэбнай колькасці атрымаць.
А як жа незалежнасць і суверэнітэт? У адказе на гэта пытанне крыецца галоўная дылема, якая не дае спакою Лукашэнку прыкладна з 2000 года. І пакуль Пуціну хапала іншых бонусаў яго знешняй палітыкі, гэта дылема не патрабавала неадкладнага вырашэння.
Дылема, як вядома, гэта, кажучы простай мовай, сітуацыя, калі абодва варыянты непажаданыя і выбар робіцца па прынцыпу найменшага ліха. Што ў дадзеным выпадку стане гэтым «найменшым ліхам», нават цяжка ўявіць. Бо, каб захаваць уладу, Лукашэнку патрэбны грошы. А каб атрымаць грошы (у поўным аб’ёме) трэба здаць суверэнітэт. То-бок, дэ-факта страціць уладу.
Які ж кошт пытання? «Што тычыцца коштаў на нафту, сітуацыя змянілася тры гады таму. На працягу гэтых трох гадоў з-за падатковага манеўру (у нафтавай сферы Расіі. — рэд.) мы страцілі амаль 4,5 млрд долараў. Мы разумеем, што ў бліжэйшыя гады, прыкладна да 2024 года, панясем страт яшчэ на 10,5 млрд долараў», — сказаў Лукашэнка.
Атрымліваецца, што на сённяшні дзень кошт незалежнасці Беларусі 15 мільярдаў долараў, паўтара бюджэты краіны? Ці гэта кошт захавання Лукашэнкі пры ўладзе да 2024 года? А можа гэта проста лічба для пачатку, так бы мовіць, стартавы кошт, і зараз іншыя ўдзельнікі аўкцыёну павінны сказаць сваё слова? Пытанні, пытанні, пытанні…
Чаму ж менавіта зараз Пуцін вырашыў, што за цьмяныя абяцанкі грошы больш даваць не будзе? Фінансаванне беларускага рэжыму для Расіі заўсёды было больш палітыкай, чым эканомікай. І таму зараз беларускае пытанне павінна кампенсаваць палітычныя правалы ў пытанні ўкраінскім. «Апошні дыктатар Еўропы», як называюць у свеце беларускага кіраўніка, яшчэ і «апошні закляты сябар у Еўропе» пуцінскага рэжыму.
Таму Пуцін сёння будзе ціснуць на ўсе кропкі і вымагаць выканання Саюзнай дамовы 1999-га. Той дамовы, якая так неабходна была менавіта Лукашэнку ў 1999-м, каб замяніць ужо ніякага на той момант Ельцына на пасадзе кіраўніка адзінай дзяржавы (мара Рыгоравіча бадай з 1991-га). Іронія, але менавіта тая дамова можа сёння зрабіць Лукашэнку першым і апошнім кіраўніком незалежнай Беларусі. Безумоўна, калі ён пагодзіцца на яе выкананне ў поўным аб’ёме.
А гэта, нагадаю, да ўсяго ўжо існуючага — яшчэ і ўзгодненая знешняя палітыка і агульная канстытуцыя, і падатковае заканадаўства, адзіны дзяржсавет і парламент, адзіная валюта і эмісійны цэнтр, агульная транспартная і энергетычная сістэмы, адзіны суд і нават камісія па правах чалавека. Цікава, што Саюзная дзяржава павінна і выплачваць знешні доўг краін-удзельніц. То бок, фармальна абедзве краіны як бы страчваюць свой суверэнітэт. Але рэальна суверэнітэту пазбаўляецца менавіта Беларусь.
Такім чынам, паўтаруся, на сёння кошт незалежнасці і суверэнітэту 15 мільярдаў долараў. Менавіта гэты кошт і гэта пытанне, верагодна, стануць сёння тэмай для перамоваў у Маскве. Якія будуць наступствы?
Выкажу здагадку, што Лукашэнка пагодзіцца на большасць прапаноў Пуціна па выкананні Саюзнай дамовы. Ці будзе выконваць, гэта ўжо іншае пытанне. Магчыма, пры павелічэнні ціску проста вынесе пытанне аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы на рэферэндум (менавіта такая працэдура выхаду прадугледжана дамовай). Магчыма, нас яшчэ чакаюць гучныя заявы і дэманстратыўныя крокі да беларускасці… 
Праўда, шмат што сёння будзе залежыць ад тону перамоваў і ад таго, якія сустрэчныя прапановы ўжо атрыманы беларускім бокам.