«Вярніце нас дадому». Палонны ўкраінскі марак напісаў ліст з расійскага СІЗА
Наймалодшы з украінскіх маракоў, якія трапілі ў палон у выніку атакі РФ у Керчанскім праліве, 19-гадовы Андрэй Эйдэр, напісаў ліст з маскоўскага СІЗА Ляфортава, паведамляе «Белсат».

Копію ліста на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала журналістка тэлеканалу UATV Таісія Турчын.
Вядома, што Эйдэр атрымаў раненне падчас нападу расійскіх памежнікаў на ўкраінскія караблі і перанёс аперацыю.
«Мару, каб гэта (вяртанне дадому. — заўвага.) адбылося хаця б да канца студзеня, але мне здаецца, гэтай мары не наканавана спраўдзіцца… Я не ведаю, наколькі гэта ўсё зацягнецца — паўгода, год… Спадзяюся на больш хуткае палітрашэнне, пакуль часу прайшло адносна няшмат…. Не хочацца, каб пра гэта забываліся, бо 24 чалавекі сядзяць проста так у СІЗА іншай краіны… Усе гэтыя людзі — вайскоўцы, яны служаць народу Украіны», — піша марак.

У лісце ён таксама распавёў пра стан свайго здароўя і ўмовы знаходжання ў СІЗА. Свой зварот ён завяршыў просьбай «Вярніце нас дадому».
***
Нагадаем, 24 украінскія маракі трапілі ў палон пасля захопу суднаў расійскімі памежнікамі. 25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») планавалі зрабіць пераход з Адэсы ў Марыупаль. Хаця Азоўскае мора і Керчанская пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расіі, дзе гандлёвыя і ваенныя караблі карыстаюцца свабодаю суднаходства, расійскі бок не прапусціў украінскія караблі. Расейцы абвінавацілі ўкраінцаў у парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яна Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі.