«Маршы недармаедаў выніку не далі», — заяўнікі акцыі 25 сакавіка

Ці дазволяць улады акцыю 25 сакавіка, пакуль невядома.

dzen.jpg

Заяўнікі прапанавалі сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці калонай да сквера Янкі Купалы. Мітынгу не плануецца, каб не даць падставаў скіраваць акцыю на плошчу Бангалор, дзе, на думку гарадскіх уладаў, «зручнае месца да публічных выступаў».

Подпісы пад заяўкай на акцыю 25 сакавіка паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» (Аляксандар Русевіч), аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Абʼяднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі), Партыі БНФ (Зміцер Каспяровіч) і руху салідарнасьці «Разам» (Аляксандар Макаў).

Садоўскі: асноўная акцыя будзе 25 сакавіка

Дзяніс Садоўскі, які фактычна ўзначаліў шэсьце недармаедаў у Мінску 15 сакавіка, лічыць, што акцыі супраць дэкрэту № 3 пакуль не дасягнулі сваёй мэты, бо галоўнае патрабаванне — пра ягонае скасаванне — не выкананае.

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

«Учора мне давялося ўзначаліць акцыю, бо лідэры палітычных партыяў, што ўваходзяць у аргкамітэт кампаніі „Мы не дармаеды“, знаходзяцца за кратамі, а іншыя людзі, якія ўмеюць праводзіць вулічныя акцыі, чамусьці вырашылі не ісці. Як на маю думку, акцыя прайшла добра, мірна, мы пазбеглі затрыманняў падчас самой акцыі, было шмат непалітызаваных удзельнікаў. Што да колькасьці, таксама ацэнка здавальняючая; думаю, гэта добры крок да нашай агульнай мэты. Паводле зместу і колькасці асноўная акцыя будзе 25 сакавіка. Як будуць далей разгортвацца падзеі ў краіне, залежыць ад колькасці ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка».

Садоўскі адзначыў, што, нягледзячы на тое, што акцыя 15 сакавіка была дазволеная, улады чынілі шматлікія перашкоды для яе ўдзельнікаў: на станцыі «Акадэмія навук» не спыняліся цягнікі мэтро, не працаваў наземны транспарт, людзей запалохвалі аўтазакамі і вадамётамі; зрэшты, пасьля і перад акцыяй адбываліся затрыманні. Самыя жорсткія затрыманьні былі ўжытыя да самых актыўных групаў людзей — лідэраў апазыцыі і анархістаў, адметных выдатнай самаарганізацыяй і самаабаронай.

Ён таксама дадаў, што акцыі недармаедаў, якія прайшлі 15 сакавіка ў Горадні і Магілёве, рэкордныя па колькасьці для гэтых гарадоў.

Віняцкі: Мінск расчараваў

Іншы заяўнік акцыі 25 сакавіка, актывіст АГП Ягор Віняцкі, незадаволены колькасцю ўдзельнікаў акцыі «Марш недармаедаў» у Мінску і спадзяецца, што Дзень Волі выратуе Мікола Статкевіч.

Прадстаўнікі АГП Ягор Віняцкі (злева) і Мікалай Казлоў

Прадстаўнікі АГП Ягор Віняцкі (злева) і Мікалай Казлоў

«Перад першым „Маршам недармаедаў“ у Менску былі меркаванні, што выйдзе вельмі мала людзей. Колькасць пратэстоўцаў стала вялікай неспадзяванкай. Таму цяжка нешта ўгадаць і наконт 25 сакавіка. Учора, 15 сакавіка, Ммнск мяне расчараваў. Я чакаў, што будзе больш людзей. Разам з тым прыемна ўразілі рэгіёны — там людзі сапраўдныя малайцы. Думаю, прычына ў адрозненні матэрыяльнага стану паміж сталіцай і рэгіёнамі».

Віняцкі канстатуе, што малая колькасьць удзельнікаў у Ммнску выклікана, магчыма, тым, што апазыцыйныя лідэры знаходзяцца «на сутках», і спадзяецца, што кіраванне акцыяй 25 сакавіка возьме на сябе Мікола Статкевіч, які ўжо даў на гэта згоду.

Касьпяровіч: улады прадэманстравалі страх

Прадстаўнік Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч сказаў, што ўлады пакуль не далі адказу на заяўку (паводле закону, павінны адказаць не меней, як за 5 дзён). Ён лічыць, што ўлады яшчэ не вырашылі, дазваляць шэсце ў цэнтр гораду ці скіраваць яго традыцыйным маршрутам.

Зміцер Каспяровіч

Зміцер Каспяровіч

«Улады прадэманстравалі страх. Брутальна хапалі абсалютна мірных людзей, якіх цяпер судзяць і даюць адміністрацыйныя арышты. Гэта запалохванне перад 25 сакавіка. Такая логіка ўладаў. Але па рэакцыях у сацыяльных сетках я бачу, што людзей такія паводзіны толькі больш раззлавалі. Таму можна чакаць, што 25 сакавіка выйдуць тыя, хто вагаўся».

Паводле Радыё Свабода