Мы чакаем пачатку, а ён — канца

Пасля падзей 19-га снежня нямала людзей з апазіцыйнага актыву з’ехалі за мяжу. Многія ўсур’ёз думаюць пра тое, каб змяніць краіну і свой лёс. Здрада ці выратаванне? Гэта ў віленскім Доме правоў чалавека Вольга Хвоін высвятляла ў Віктара Гарбачова, Алега Мяцеліцы і Андрэя Бабіцкага, давераных асобаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты. (На фота: Віктар Гарбачоў)



1e8ca836c962598551882e689265c1c5.JPG

Пасля падзей 19-га снежня нямала людзей з апазіцыйнага актыву з’ехалі за мяжу. Многія ўсур’ёз думаюць пра тое, каб змяніць краіну і свой лёс. Здрада ці выратаванне? Гэта ў віленскім Доме правоў чалавека Вольга Хвоін высвятляла ў Віктара Гарбачова, Алега Мяцеліцы і Андрэя Бабіцкага, давераных асобаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

(На фота: Віктар Гарбачоў)


Віктар Гарбачоў, лідар кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева
— 20 снежня ў тры гадзіны ночы да мяне дадому прыйшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Пайшлі да няпоўнагадовага сына ў школу, паспрабавалі яго «выклікаць на шчырую размову». Радуе, што настаўнікі не дазволілі гэта зрабіць, сказалі, што калі ім трэба бацька, дык хай шукаюць яго і з ім размаўляюць. Днём зноў прыехалі да майго дома з пажарнай машынай — спрабавалі ўвайсці ў кватэру праз вакно. Жонка ім адчыніла дзверы, але, натуральна, мяне не знайшлі. Быў вобшук у маёй маці. На допыты выклікалі дачку.
Прадстаўнікі спецслужбаў ішлі літаральна па маіх слядах. Я жыў у адным месцы, потым мяняў месца знаходжання, і праз дзень туды прыходзілі спецслужбісты. І гэта ва ўмовах, калі ўсе тэлефоны былі адключаныя, ніякіх кантактаў не было. Мне нічога не заставалася, як з’ехаць з краіны, каб заставацца на свабодзе. Я з’ехаў ужо ў студзені, далучыўшыся да сваіх сяброў па шчасцю. Па шчасцю — бо гэта людзі, якія неабыякавыя, гатовыя працаваць, і не на словах, каб у Беларусі адбыліся перамены. Цяпер не стаіць пытанне пра тое, каб прасіць палітычны прытулак. Найперш актуальнае вызваленне палітвязняў. Мы расказваем, што насамрэч адбылося 19-га снежня і пазней, падтрымліваем адносіны з актывістамі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Алег Мяцеліца быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева, намеснікам рэспубліканскага перадвыбарчага штабу
— Гэта была першая Плошча, на якой я змог пабываць, — можна сказаць, мая мара. Пачынаючы з 2001 года мяне перад кожнымі выбарамі садзілі на «суткі». Цяпер былі прынятыя ўсе меры бяспекі. 17 снежня ўвечары мы з Юрыем Алейнікам цудам змаглі адарвацца ад пераследу. За намі на трох машынах ганяліся хвілін 40 у раёне Акадэміі навук. Мая дачка тады была побач, дык сказала, што толькі ў кіно такое бачыла. Мы з’ехалі на кватэру, якая нідзе не была «засвечаная». 19-га каля штабу было многа людзей — журналісты, назіральнікі. Нам падавалася, што гэта надзейны варыянт, каб дайсці і даставіць апаратуру. Што адбылося, мы ўсе ведаем. Я асабіста выносіў Някляева на руках. З кім ні размаўляў — ніхто не памятаў твараў тых, хто збіваў людзей, усё адбылося вельмі хутка.
Калі быў разгон, мы прарвалі ачапленне вайскоўцаў з боку БДУ. У метро жанчына на ўваходзе крыкнула: «Хлопцы, не трэба жэтонаў! Бяжыце ўніз!» Ноччу-днём ішлі зачысткі, мы зразумелі, што сядзець на дне бессэнсоўна. Ноччу нас на машыне вывезлі ў Невель у Расіі. Мэта была — Вільня. Добра, што тут ёсць беларускі Дом правоў чалавека — пляцоўка, з якой можна пачынаць нешта рабіць. Мы ехалі на два дні, на тры, потым на дзесяць, потым на месяц, на два... Хто хоча нешта рабіць для Беларусі, едзе ў Варшаву, Кіеў, Вільню. Хто хоча атрымаць выгоду з сітуацыі, едзе ў краіны з лепшымі сацыяльнымі ўмовамі — Швецыю, Францыю, Бельгію, Чэхію. У Беларусі засталася мая сям’я — жонка і двое дзяцей.
Мне страшна, калі мае дзеці будуць жыць у такой краіне. Таму я баюся, але нешта раблю. Думаю, сваякам лягчэй, калі яны ведаюць, што родныя людзі не за кратамі, а на волі. Гэта своеасаблівы адказ тым, хто часам вінаваціць нас ледзьве не ў здрадніцтве. У папярэднія кампаніі я даў сябе затрымаць на суткі, і якая карысць з таго была? Тут мы нешта робім — адразу пайшлі ў Чырвоны крыж, Сейм. Імкнёмся сабраць факты таго, што на Плошчы была правакацыя.
Андрэй Бабіцкі, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь», быў даверанай асобай Андрэя Саннікава
— Мы пабачылі, як забіраюць актывістаў, нашых сяброў, узломваюць рэдакцыі недзяржаўных СМІ. Сустрэліся з родзічамі тых, хто ўжо сядзіць. І яны сказалі нам: «З’язджайце!» У Беларусі засталіся бацькі, сястра і каханая дзяўчына. Імкнёмся з роднымі падтрымліваць адзін аднаго хаця б маральна, бо я разумею, у якой сітуацыі яны там засталіся. Дадому прыходзяць невядомыя, супрацоўнікі КДБ, пытаюцца, дзе я. Але сям’я была маральна гатовая да такога, бо ведала, чым я займаюся і ў якой краіне мы жывём.
— Не баіцеся, што вашыя жанчыны вас не дачакаюцца?
Андрэй Бабіцкі: Ну, канешне, думаю пра гэта. Але ёсць вера, што з сем’ямі будзе ўсё добра, што даб’ёмся справядлівасці.
Віктар Гарбачоў: Я ўпэўнены, што мая жонка мяне не кіне. Мы жывыя, здаровыя і духам не падаем.
Алег Мяцеліца: Лукашэнку шкада. Мы чакаем пачатку, а ён — канца. Нашая будучыня наперадзе.
— Калі вы ўвязваліся ў палітычную кампанію, напраўду разлічвалі, што Лукашэнка добраахвотна аддасць уладу?
Алег Мяцеліца: Калі б не спадзяваўся, што нешта зменіцца, дык і не жыў бы. Як можна жыць без надзеі?! Калі мы не зробім гэта, то будуць вымушаныя зрабіць нашыя дзеці. Да таго ж, калі б не было акцый пратэсту пасля гэтых «выбараў», у дэпрэсію ўпала б мноства людзей. Не кажу, што мусіў быць жорсткі сцэнар, але быў разлік на вялікую колькасць людзей. Тады мы маглі б стаяць доўга, абараняць Плошчу. Ведаю, што былі такія настроі нават сярод вайскоўцаў і міліцыянтаў. Але было бачна, што Плошча прыспешвалася. Не буду называць асобаў, магчыма, яны гэта рабілі неасэнсавана, паддаліся на правакацыі, але факт прыспешвання быў. Папросту не хапіла часу кандыдатам, каб арганізаваць групу, што мусіла спыняць правакацыі. Усё навальвалася камяком, людзей падсоўвалі да гэтых дзвярэй.
— Ці не было ў вас на плошчы Незалежнасці адчування нестандартнага сцэнару?
Андрэй Бабіцкі: Калі даведаўся пра Някляева, то адразу стала зразумела, што ўжо ненармальна. Радуе, што па праспекту прайшлі ювелірна — ніводнае шкло не было пашкоджанае, ніводная машына. Бачыць аграмадны натоўп, канца і пачатку якога не бачна, людзей з агнём спадзеву ў вачах вельмі прыемна. Я асабіста стараўся не дапускаць правакацый. Мы рабілі перыметр з боку Дома ўраду з людзей, потым бачу нейкага чалавека, які бяжыць са сцягам і крычыць: «Наперад!» Але спыніць натоўп мы не змаглі, бо не чакалі такой правакацыі. Не хапіла Цэнтралізаванага загаду забяспечыць парадак. Віна не віна, але арганізавацца мы не змаглі.
— Адзін з кандыдатаў прызнаўся да выбараў, што разумее — могуць быць ахвяры. А вы гатовыя да гэтага?
Віктар Гарбачоў: Лукашэнка сам сказаў, што будзе сваю ўладу да апошняга патрона абараняць.
Андрэй Бабіцкі: Чаму мы мусім думаць аб ахвярах, калі не плануем гвалту? Калі б нешта такое і было, то гэта на сумленні ўлады, а не нашай.
Алег Мяцеліца: Я не веру кандыдатам, якія заклікаюць на плошчу, але запэўніваюць, што ўсё будзе мірна і плённа. Лукашэнка — гэта дыктатура. Беларусь не заплаціла за сваю незалежнасць. Толькі праз пакуты можна ацаніць каштоўнасць нечага. Увогуле, усё адносна. Хіба не ахвяра — зламаныя лёсы, маральная падаўленасць людзей?
Віктар Гарбачоў: Усе нашыя сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі паказалі, што людзі зацікаўленыя ў тым, каб валодаць інфармацыяй. Яны разумеюць, што цяперашняя ўлада Беларусі для еўрапейскай супольнасці — пагроза. Параўноўваюць сітуацыю з тым, як у 1933 годзе Гітлер пачынаў маршыраваць па Еўропе, а яму апладзіравалі і сур’ёзна не ўспрымалі. Чым гэта скончылася, мы ведаем.
— Калі вы збіраецеся вярнуцца ў Беларусь?
Алег Мяцеліца: Сігналам вяртання будзе спыненне крымінальных спраў. Свае статусы — падазраваныя ці абвінавачаныя — мы не ведаем. Вы ж бачыце, што людзей спачатку саджаюць на суткі, а потым лепяць крымінальную справу. Калі пад хатні арышт выпусцілі Ірыну Халіп, Сяргея Вазняка, Наталлю Радзіну, ужо былі спадзяванні, што нешта мяняецца, і мы зможам хутка вярнуцца.
Андрэй Бабіцкі: Пастараемся тут стварыць пляцоўку для дэмакратычных сілаў, каб ЕС мог атрымліваць інфармацыю з першых вуснаў, а не ў скажоным выглядзе. Тут наўпрост можна працаваць з беларусамі — вакзалы, гандлёвыя цэнтры.
Віктар Гарбачоў: Дарэчы, на кожнай другой машыне з беларускімі нумарамі стаяць спецпропускі. Чыноўнікі гавораць, што трэба падняць эканоміку, а самі ездзяць у гандлёвыя цэнтры Вільнюса. Дзеці багатых чыноўнікаў вучацца па еўрапейскіх праграмах.
— Не думаеце, што падзеі 19 снежня пойдуць на карысць і беларускай апазіцыі, і грамадству?
Віктар Гарбачоў: Адназначна, так. Нашым паплечнікам трэба сказаць, што час спыніць сваркі і ісці ў рэгіёны працаваць з людзьмі. Кансалідацыя Еўропы, Амерыкі, Расіі з беларускім народам дасць свой вынік. Я адчуваю, што яшчэ год-два — і сітуацыя рэальна пераломіцца. Змяніцца яна мусіць з нашай дапамогай. Трэба аналізаваць памылкі, мы, відаць, недапрацоўвалі з боку праваабарончай дзейнасці. Урываюцца ў кватэры, а актывісты не ведаюць, што рабіць, ідуць без позвы на допыт. Хачу, каб мае дзеці не па маіх слядах пайшлі, а ў вольнае плаванне.
Прадпрымальнікі разумеюць, што з гэтай уладай мы свабоды для дзейнасці не атрымаем. Засталіся праблемы высокай арэнды, штрафных санкцый. Магу сказаць, што многа прадпрымальнікаў дапамагалі рэчамі, транспартам, грашамі палітычным вязням. Думаю, каля траціны актывістаў у штабах былі прадпрымальнікі. Я з’ехаў, а мае структуры ў рэгіёнах працягваюць працаваць.