Навумчык: Імкнуся ўбачыць карысныя для Беларусі аспекты членства ў АДКБ — і не знаходжу іх
Сяргей Навумчык, журналіст і экс-дэпутат Вярхоўнага савета разважае ў сваім тэлеграме, што АДКБ выявіўся перад сусветам як «саюз дыктатур».
Не магу пагадзіцца з нядаўнімі словамі шаноўнай Святланы Ціханоўскай (чалавечая сімпатыя да якой у мяне застаецца нязменнай), што стаўленне да АДКБ мусіць вызначаць народ, калі ў яго будзе права свабоднага выбару.
Не магу — ні як былы дэпутат, які ў 1990-м удзельнічаў у стварэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, дзе было запісана імкненне да нейтралітэту, а ў 1993-м галасаваў супраць далучэння Беларусі да АДКБ (пытанне ў павестку дня сесіі, між іншым, прапанаваў дэпутат Лукашэнка). Ні як чалавек, які аналізуе характар дачыненняў як у самой структуры АДКБ, гэтак і стратэгічны кірунак дзейнасці гэтай арганізацыі.
Само па сабе права народа вызначаць — уступаць краіне ў вайсковыя блокі ці не ўступаць — безумоўна, сумненняў не выклікае. Але бясспрэчнай ёсць і роля лідараў, якія мусяць указаць народу як на станоўчыя, гэтак і на адмоўныя бакі таго ці іншага рашэння, узважыць рызыкі і прапанаваць найбольш аптымальны варыянт.
Імкнуся ўбачыць карысныя для Беларусі аспекты членства ў АДКБ — і не знаходжу іх. Яшчэ ў 1993 годзе (тады мы імкнуліся будаваць незалежнае ад Масквы войска) дэпутаты Апазіцыі БНФ казалі, што далучэнне да АБКБ уцягне краіну ў арбіту вайсковых інтарэсаў расійскага Генштабу. Гэтак і адбылося.
Па-сутнасці, АДКБ з’яўляецца рэінкарнацыяй блоку Варшаўскай дамовы. З той толькі розніцай, што меншага памеру, і што калі пры Брэжневе ён абараняў «заваёвы сацыялізму», дык пры Пуціне — ідэю вялікадзяржаўнага расійскага шавінізму, экспансіі «русского мира». У абодвух выпадках, цэнтр прыняцця рашэнняў — Крэмль. (Я апускаю падпісаныя Лукашэнкам двухбаковыя вайсковыя пагадненні з РФ у рамках так званай «саюзнай дзяржавы», стварэнне якой Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагоддзя». Тут, мяркую, і так усё ясна).
За больш як трыццаць гадоў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь немагчыма прыгадаць, каб Крэмль прапанаваў беларускаму народу нешта прагрэсіўнае ў якой-небудзь сферы грамадскага, палітычнага, культурніцкага ці эканамічнага жыцця. З нядаўняга — менавіта падтрымка Пуціным дазволіла ўшчэнт збанкрутаванаму Лукашэнку ўтрымацца ў жніўні 2020-га. Апошнія ж дзеянні Крамля вакол Украіны надалі Беларусі пазіцыю патэнцыйнага агрэсара — чаго ніколі не было ў беларускай гісторыі за ўсе стагоддзі. Гэта паставіла і беларускіх палітыкаў, і звычайных грамадзян перад неабходнасцю зрабіць геапалітычны выбар, пра што нядаўна заявіла Рада БНР.
Менавіта праз АДКБ сучасная Расійская імперыя (назавем рэчы сваімі імёнамі) вярнула сабе імідж «жандара Еўропы» — што пацвердзілі нядаўнія падзеі ў Казахстане. АДКБ выявіўся перад сусветам як «саюз дыктатур».
Калі ж уявіць, што ва ўсіх краінах-членах АДКБ замест дыктатураў усталёўваюцца дэмакратыі — дык і тады існаванне гэтай арганізацыі сумнеўнае. Бо калі цяпер у ёй можна разглядзець унутраную логіку узаемазахавання дыктатарскіх рэжымаў — дык ва ўмовах свабоды вельмі праблематычна будзе знайсці нешта агульнае ў вайскова-палітычных інтарэсах паміж еўрапейскай Беларуссю ды Таджыкістанам ці тым жа Казахстанам, які, найхутчэй, будзе арыентаваны на Кітай.
Пасля знішчэння прарасійскай дыктатуры Лукашэнкі Беларусі сапраўды давядзецца рабіць выбар — ці абіраць шлях у NATO (што запатрабуе выканання шмат якіх умоваў), ці пацвярджаць курс на нейтралітэт (для дасягненне якога ў ягонай класічнай форме неабходны намаганні яшчэ большыя).
Менш за ўсё высілкаў спатрэбіцца для захавання членства ў АДКБ — але для нацыі гэта будзе выбарам самазабойцы, паўторам трагічнай памылкі, аднойчы ўжо зробленай у 1994 годзе.