Павел Усаў: Лукашэнка ўжо нічога не вырашае

«Маскве па сутнасці не важна, пад якім прэтэкстам застануцца яе войскі Беларусі», — разважае ў сваім тэлеграме палітолаг Павел Усаў.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Лукашэнка з апошніх сіл спрабуе пераканаць навакольных, што ён прымае стратэгічныя рашэнні. Толькі гэтаму служаць гаворкі пра пагрозы NАТO і акупацыі Захадам Беларусі.

І менавіта перад пагрозай гэтых знешніх выклікаў асабіста ён прымае рашэнне (просіць, ледзь не моліць Пуціна) правесці спачатку манеўры, а потым пакінуць войскі РФ у Беларусі. "Калі будзе сэнс патрымаць тут расійскія войскі, мы іх будзем трымаць столькі, колькі трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта нашая тэрыторыя і мы будзем прымаць рашэнне".

Гэта нішто іншае, як ідэалагічнае прыкрыццё ўласнага бяссілля, факту таго, што Лукашэнка ўжо нічога не вырашае. Яго кампетэнцыі зводзяцца да знішчэння ўнутранай апазіцыі і расчысткі шляху для прасоўвання інтарэсаў Крамля ў Беларусі.

У сваю чаргу, Маскве па сутнасці не важна, пад якім прэтэкстам застануцца яе войскі Беларусі. Вядома, "сцяг барацьбы з Захадам", якім махае Лукашэнка, можа быць умоўнай легітымацыяй акупацыі.