«Заявы Лукашэнкі ў духу «мы заўтра з Пуціным вырашым», спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні»
Напярэдадні візіту ў Расію і сустрэчы з Уладзімірам Пуціным беларускі кіраўнік наведаў сумесныя вучэнні «Саюзная рашучасць-2022». На палігоне «Асіповіцкі» Аляксандр Лукашэнка не толькі паназіраў за паветранымі баямі, высадкай дэсантнікаў і захапіўся ракетнымі комплексамі «Іскандэр», але таксама зрабіў, па сваім звычаі, шэраг гучных заяў.
У прыватнасці, кіраўнік паведаміў, што далейшыя дзеянні
Саюзнай групоўкі войскаў будуць абмяркоўвацца ў Маскве 18 лютага.
— Як мы прымем заўтра рашэнне, так і будзе. Прымем
рашэнне — выведзем за суткі. Прымем рашэнне месяц — будуць стаяць месяц. Столькі,
колькі трэба, будуць знаходзіцца тут Узброеныя Сілы, — сказаў Лукашэнку.
Акрамя таго, адказваючы на пытанні журналістаў, ён заявіў,
што рашэнне аб магчымым прызнанні ДНР і ЛНР таксама «будзе сумесным з
Расіяй і ўзаемавыгадным».
Між тым яшчэ ўчора кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей
на прэс-канферэнцыі запэўніваў, што расійскія войскі цалкам пакінуць Беларусь
пасля вучэнняў, а экс-прэс-сакратар ведамства, цяпер намеснік старшыні
Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Андрэй Савіных казаў, што спяшацца з
прызнаннем ДНР і ЛНР Беларусь не будзе. Што азначае такое рэзкае разыходжанне
рыторыкі?
— Што тычыцца супярэчлівых заяў — Макей казаў адно, упіраў на
шматвектарнасць, а сёння Лукашэнка робіць заявы ў іншым духу — гэта
адлюстраванне сітуацыі, калі беларускае кіраўніцтва апынулася паміж молатам і
кавадлам, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік
Аляксандр Класкоўскі.
— З аднаго боку, Лукашэнка падыгрывае Пуціну ў ягонай гульні
мускуламі, спробе запалохаць Захад і Украіну, прымусіць іх пайсці на саступкі.
З іншага боку, тое, што Захад стаў лічыць беларускага правадыра абсалютнай
марыянеткай Крамля, што беларускія войскі разглядаюцца як частка расійскай
вайсковай машыны — гэта, вядома, Лукашэнку не падабаецца.
Ён хоча падкрэсліць сваю суб'ектнасць і ў вачах Захаду, і ў
вачах наменклатуры, і ў вачах электарату. І па сутнасці, учора вуснамі Макея
Захаду і Украіне пасылаўся сігнал: мы на самой-та справе не марыянеткі, не
агрэсары, мы добрыя і міралюбныя, і калі вы нас пачнеце больш разумець, зноў
можам стаць шматвектарнымі, завязаць дыялог.
Але гэта толькі палова гульні афіцыйнага Мінска. Другая
палова заключаецца ў тым, што па-ранейшаму трэба дэманстраваць адданасць
Крамлю, гатоўнасць ісці ў яго фарватэры, у тым ліку, калі спатрэбіцца, і ў
плане прызнання самаабвешчаных рэспублік.
Пастаянныя заявы ў духу «мы заўтра з Пуціным
вырашым», мяркуе экспэрт-спроба кіраўніка зрабіць добрую міну пры дрэннай
гульні, паставіць сябе на адну дошку з расійскім прэзідэнтам:
— Хоць любому разумнаму чалавеку зразумела, хто ў гэтай пары
на самай справе будзе ўсё вырашаць. Адсюль і няўпэўненасць Лукашэнкі: ён як бы
стварае інтрыгу і напружвае Захад, але пры гэтым, вольна або міжволі,
паказвае, што ён залежыць ад Крамля, ад яго рашэнняў.
— Ці могуць быць гэтыя запэўніванні ў сваёй вернасці і
Саюзнай адданасці ўскосным адказам на ўчорашняе паведамленне расійскага
міністра фінансаў Антона Сілуанава, што Беларусь атрымае не $ 3,5 мільярда
долараў крэдыту, а значна менш, і спробай пераканаць Маскву: дайце грошай?
— Увогуле, гэта галоўная цікавасць беларускага кіраўніцтва
ва ўсе часы, яшчэ задоўга да 2020 года, — канстатуе эксперт. — Груба кажучы,
Лукашэнка ляцеў у Маскву ці ў Сочы заўсёды за грашыма, за фінансава-эканамічнай
падтрымкай, за танным газам/нафтай, — больш беларускаму правадыру ад Масквы
нічога не трэба.
Пытанне ў цане саступак. Пасля 2020 года залежнасць ад
Масквы ўзмацнілася, заходніх грошай цяпер не відаць як уласных вушэй, і
даводзіцца значна мацней старацца і больш саступаць для таго, каб нешта
атрымліваць ад Расіі. Лукашэнка вымушаны павялічваць градус ваяўнічай рыторыкі,
кідаць камяні ў агарод Украіны і суседзяў, якія з'яўляюцца членамі НАТА, нават
задзірацца з ЗША.
Гэта не ад добрага жыцця, а ў разліку на тое, што Масква
ўзнагародзіць апошняга саюзніка, гатовага ў гадзіну выпрабаванняў стаяць плячом
да пляча супраць праклятага заходняга ворага.
Таму акрамя ваенных пытанняў, мяркуе Аляксандр Класкоўскі,
кіраўнікі напэўна будуць абмяркоўваць і тэмы фінансава-эканамічныя. Заява ж
міністра фінансаў РФ, мяркуе аналітык, не азначае канчатковай адмовы выдаць
крэдыт:
— З аднаго боку, гэта сігнал беларускім партнёрам, каб яны
зменшылі апетыты, а з другога, гэта стварае прастору для гандлю. Крэмль можа
нагадаць, што ўвосень мінулага года былі падпісаны 28 саюзных праграм і добра б
зрабіць акцэнт на іх выкананні, можа праціснуць узмацненне ваеннай прысутнасці
на тэрыторыі Беларусі. Маўляў, будзеце падатлівымі, лагоднымі, выканаўчымі ў
плане інтэграцыі —можа, і пабольш грошай пазычым.
Хоць па пытанні ваенных баз Лукашэнка працягвае
прытрымлівацца сваёй ранейшай пазіцыі, разумеючы, што прысутнасць расіійскіх
войскаў на пастаяннай аснове ў нейкі момант можа стаць пагрозай і яго ўлады:
Крэмль пры дапамозе сілы паскорыць «транзіт».
Таму ён круціцца як вуж на патэльні: базы нам не патрэбныя,
але давайце зробім больш супольных вучэбна-баявых цэнтраў (пад гэтай маркай ёсць
надзея атрымаць бясплатна расійскую вайсковую тэхніку — раней гаворка ішла пра
С-400, цяпер ужо і пра «Іскандэры»).
У цэлым, лічыць эксперт, пасля снежня 2019 года, калі
Лукашэнка адмовіўся падпісваць дарожныя карты паглыблення інтэграцыі, Масква
стала дзейнічаць хітрэй у прасоўванні сваіх інтарэсаў. Яна імкнецца не
прыспешваць падзеі, не перагінаць палку («куды ён цяпер дзенецца з падводнай
лодкі»), а спакваля падштурхоўваць беларускага партнёра да саступак дазаванай
і — што асабліва важна — абумоўленай падтрымкай: выконваеце вось гэта, даем вам вось
столькі.
— Чаму Сілуанаў кажа, што Расія падумае аб рэфінансаванні беларускага доўгу? Таму што інакш можа быць дэфолт, Мінск апынецца не ў стане плаціць, і гэта будзе паганая сітуацыя для самой Масквы. Таму Масква зацікаўленая ў дазіраванай рэфінансаванні, — тлумачыць Аляксандр Класкоўскі. — Увогуле, гэты гандаль будзе ісці, і Лукашэнку будуць падштурхоўваць да саступак па частцы так званай інтэграцыі, якая з'яўляецца на самай справе часткай доўгайграючай палітыкі прывязкі Беларусі, каб яна не магла адарвацца ад Масквы ні пры Лукашэнку, ні пасля Лукашэнкі.
Рашэнне аб выдзяленні крэдыту, дадае аналітык, Крэмль цалкам можа падвесіць на некаторы час, каб і далей трымаць беларускага партнёра ў напружаным стане і прымушаць яго не ўвільваць ад дакладнай службы.