Гісторык: Карані многіх сённяшніх падзей знаходзяцца ў мінулым
Назіраецца пераемнасць з XVIII да XXI стагоддзя ў поглядах расійскіх палітыкаў на беларусаў, лічыць польскі гісорык Лукаш Адамскі.
Цэнтр польска-расійскага
дыялогу і паразумення выдаў укладзены Лукашам Адамскім зборнік дакументаў пра
польска-савецкія адносіны ў 1939-1945 гг, паведамляе www.polskieradio.pl.
Чацвёрты том серыі кніг „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945”.Cprdip.pl
Варшаўскі Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення пад рэдакцыяй Марыюша Воласа выдае зборнікі дакументаў пра польска-савецкія адносіны — „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945”. Нядаўна выйшаў чацвёрты том — пра перыяд 1939-1945 гг. Гэты том складаецца з дзвюх кніг-частак: „Wojna i rozejm (wrzesień 1939 – grudzień 1942)” i „Imponderabilia i realia (styczeń 1943-czerwiec 1945)”. Яго ўкладальнікам з’яўляецца намеснік дырэктара Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення Лукаш Адамскі.
У выданні публікуюцца раней невядомыя даследчыкам крыніцы па гісторыі польска-савецкіх адносін у гады Другой сусветнай вайны. Яны выяўлены Лукашам Адамскім падчас некалькіх гадоў працы ў Інстытуце Сікорскага ў Лондане, Архіве новых дакументаў у Варшаве, Архіве знешняй палітыкі Міністэрства замежных спраў Расіі і ва ўкраінскіх архівах.
Апублікаваныя дакументы дапамагаюць зразумець як пазіцыю польскіх эміграцыйных урадаў у адносінах да СССР, так і Крамля ў адносінах да Рэспублікі Польшча.
Яны паказваюць абставіны, якія ўплывалі на працэс прыняцця рашэнняў, адлюстроўваюць атмасферу, у якой фарміраваліся палітычныя стратэгіі, і нават эмацыянальны стан палітыкаў.
Верасень 1939 года стаў часам вялікай трагедыі для Рэспублікі Польшча — яе падзелам паміж Германіяй і СССР. У выніку, да СССР былі далучаны землі населеныя як беларусамі, так і палякамі.
Лукаш Адамскі расказаў аб адлюстраванні беларускага пытання на старонках дакументаў, апублікаваных у зборніку.
Напрыклад, даследчык звяртае ўвагу на сведчанні Аляксандра Багамолава, пасла СССР пры польскім эміграцыйным урадзе ў Лондане ў 1941-1943 гг., якія закранаюць адносіны кіраўніцтва СССР як да палякаў, так і да беларусаў.
Лукаш Адамскі распавядае:
— Яго адносіны да Польшчы фарміраваліся пад уплывам стэрэатыпаў аб гісторыі, у залежнасці ад уяўлення, што з’яўляецца польскай, а што рускай нацыянальнай тэрыторыяй.
Дакументы паказваюць, як на польска-савецкія адносіны ўплывала ранейшая гісторыя польска-расійскіх адносін.
Пра гэта сведчыць і “забыты” артыкул пра польска-савецкія адносіны, які ў кастрычніку 1943 г. змясціў у адным з амерыканскіх часопісаў Аляксандр Керанскі, былы старшыня Часовага ўрада Расіі, звергнутага бальшавікамі ў лістападзе 1917 г.
Керанскі асуджаў Катынскі расстрэл: ён не меў сумненняў, што за забойствам польскіх афіцэраў у 1940 г. стаіць Сталін.
І ў той жа час Керанскі пісаў пра тое, што адзінай справядлівай, на яго думку, граніцай паміж Польшчай і Расіяй — менавіта так ён пісаў — з’яўляецца лінія Керзана, г.зн. сучасная польская граніца на ўсходзе.
Керанскі лічыў, што Расія і рускія — гэта не толькі ўласна рускія, але і ўкраінцы і беларусы. Інакш кажучы, ён быў прыхільнікам г.зв. агульнарускай ідэі — таксама як сёння яе прыхільнікам з’яўляецца Уладзімір Пуцін (прэзідэнт РФ. — Рэд.).
Лукаш Адамскі звяртае ўвагу на тое, што карані многіх сённяшніх падзей знаходзяцца ў мінулым:
— Значная частка расіян дагэтуль лічыць, што ўкраінцы, рускія і беларусы — гэта адзін народ.
А Пуцін нават напісаў цэлы артыкул, апублікаваны ў ліпені мінулага года, аб "гістарычным адзінстве" рускіх і ўкраінцаў. Пуцін ужо не раз даваў зразумець, што гэты артыкул адлюстроўвае яго перакананні — і ён называе гэта “гістарычнай праўдай”.
Гэта сведчыць пра тое, што ён з’яўляецца непрафесіянальным псеўдагісторыкам. Бо прафесіянальныя гісторыкі разумеюць, што гісторыю нельга дзяліць на “праўду” і “няпраўду”, а можна раглядаць толькі факты і іх інтэрпрэтацыі.
У сваю чаргу, гэтыя інтэрпрэтацыі могуць грунтавацца на каштоўнасцях цывілізаваных людзей, дэмакратычных дзяржаў або могуць грунтавацца на каштоўнасцях каменнага веку. Пуціну, мабыць, бліжэйшая другая інтэрпрэтацыя.
Пуцін не раз даваў зразумець, што ён лічыць, што рускія, украінцы і беларусы складаюць адзін народ. І гэты падыход мае сваю гісторыю. Бо пачаткі гэтай ідэі трэба шукаць у канцы XVIII — ХІХ ст. Тады, імкнучыся легалізаваць анексію ўсходніх зямель Рэчы Паспалітай — Літвы, Украіны і Беларусі — расійская імператрыца Кацярына ІІ выбіла медаль з надпісам: “Отторженная возвратих” — забранае вярнула.
Такім чынам, мяркуе Лукаш Адамскі, архіўныя дакументы 1939-1945 гг. ілюструюць пераемнасць у мысленні кіраўнікоў Расійскай імперыі, СССР і сучаснай РФ.
Што цікава, у 1939 г., пасля захопу усходніх тэрыторый РП, савецкі ўрад надаў савецкае грамадзянства ўсім грамадзянам Польшчы, якія пражывалі на далучаных землях — нават насуперак іх волі.
Пазней, калі беларус, які не адмаўляўся ад грамадзянства РП, хадайнічаў аб выездзе з СССР, то не мог пакінуць граніц СССР, бо савецкі ўрад не прызнаваў за ім польскага грамадзянства — на падставе таго, што такі чалавек меў беларускую, а не польскую нацыянальнасць.
Лукаш Адамскі кажа:
— У 1939 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на ўсходнія землі Польшчы, савецкае знешнепалітычнае ведамства сцвярджала, што, маўляў, гэта не агрэсія, а нешта накшталт гуманітарнай дапамогі. Маўляў, у сувязі з тым, што польская дзяржава “перастала існаваць”, СССР браў беларускае і ўкраінскае насельніцтва — той самай крыві, што і беларусы, украінцы і рускія, якія жывуць у СССР, пад ахову, каб гэта насельніцтва не стала ахвярай ваенных дзеянняў.
У 1939-1941 гг. савецкія ўлады не прызнавалі існавання польскай дзяржавы. Польскі ўрад генерала Сікорскага ў той жа час прызнавалі ўсе дзяржавы свету апрача Германіі і яе бліжэйшых саюзнікаў. А савецкія ўлады называлі гэты польскі ўрад у сваіх дакументах “камітэтам польскіх эмігрантаў”.
Аднак пасля нападу Гітлера на СССР Сталін адмовіўся ад дактрыны непрызнання існавання польскай дзяржавы і ўстанавіў дыпламатычныя адносіны з польскім урадам: у выніку, 30 ліпеня 1941 г. было падпісана спецыяльнае пагадненне Сікорскага — Майскага (паводле прозвішч польскага прэм’ер міністра і пасла СССР у Вялікабрытаніі. — Рэд.). Разам з гэтым былі адноўлены дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі.
Але заставалася дыскусійным пытанне аб польскай тэрыторыі. Савецкі бок увесь час сцвярджаў, што ўсходнія землі РП “добраахвотна” далучыліся да СССР на падставе ажыццяўлення права на самавызначэнне.
Праўда, адзначае Лукаш Адамскі, на працягу кароткага перыяду савецкі ўрад пагаджаўся на вызваленне з лагераў грамадзян РП без розніцы нацыянальнасці — напрыклад, каб яны маглі ўступіць у польскую армію пад кіраўніцтвам генерала Уладыслава Андэрса.
Аднак неўзабаве савецкі бок змяніў сваю пазіцыю. Грамадзянамі РП сталі прызнаваць толькі г. зв. этнічных палякаў.
Лукаш Адамскі:
— А беларусаў, а таксама ўкраінцаў і яўрэяў не прызнавалі грамадзянамі Польшчы і лічылі савецкімі грамадзянамі. Польскія дыпламаты неаднаразова высылалі ноты, спрабавалі тлумачыць, што падобнага роду размежаванне грамадзян не мае прававой асновы ні паводле пагаднення Сікорскага — Майскага, ні паводле міжнароднага права.
Пасол Польшчы ў СССР Кот адкрыта сцвярджаў, што польскае заканадаўства не кіруецца расісцкімі прынцыпамі. Бо савецкі падыход быў расісцкі. Напрыклад, была сітуацыя, калі пан Розэнцвайг ці Люстгартэн хацелі паступіць на службу ў польскае знешнепалітычнае ведамства, але савецкі бок адмаўляў ім у гэтым праве, бо яны з’яўляліся яўрэямі. А ў яўрэяў жадаючых паступіць на службу ў польскую армію правяралі, ці яны, прашу прабачэння, абрэзаныя ці не.
Усё гэта расісцкія крытэрыі, аналагічныя Нюрнбергскім законам нацысцкай Германіі. Гэткія прынцыпы выкарыстоўвалі савецкія ўстановы, бо яны атрымалі інструкцыі, каб у Войска Польскае дапускаліся толькі “этнічныя” палякі. Аднак вельмі цяжка вызначыць, хто з’яўляецца палякам, а хто — не.
Былі спробы вызвалення беларусаў і ўкраінцаў з лагераў, аднак яны былі нешматлікія, бо польскія дыпламаты і вайсковыя ўлады сутыкаліся з пастаяннымі адмовамі савецкіх улад.
Зборнікі дакументаў „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945” можна набыць, напісаўшы на адрас: cprdip@cprdip.pl. Кнігі таксама даступныя ў кнігарнях Польшчы, у т.л. у Інтэрнэце.
Віктар Корбут