Навумчык: Школьнай аксіёмы, што імперыі ўрэшце распадаюцца, пакуль яшчэ ніхто не абвергнуў

Аналітык Сяргей Навумчык выказвае думку, што як толькі Вярхоўны Савет Беларусі ў 1993 годзе прагаласаваў за вывад ядзернай зброі, ступень інтарэсу да Беларусі ў цэлым і да лёсу беларускай дэмакратыі імкліва пачала змяншацца.

had_1983_logo_1.jpg

Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале піша: ад пачатку 90-х быў відаць дысбалянс паміж стаўленьнем Захаду да Расеі і да новых постсавецкіх дзяржаваў. Увага ім надавалася значна меншая. Беларусь і марыць не магла пра такую эканамічную дапамогу (нават супастаўную з колькасьцю насельніцтва).
Калі называць рэчы сваімі імёнамі: Захад аддаў новыя постсавецкія краіны (апроч Балтыі) у сфэру інтарэсаў Расеі.
На пачатку 90-х Беларусь цікавіла ЗША найперш як тэрыторыя, дзе разьмешчаныя стратэгічныя ядзерныя боегалоўкі.
Ніводная сустрэча тагачасных беларускіх палітыкаў (як пры ўладзе, гэтак і апазыцыйных) з заходнімі дзеячамі не абыходзілася без таго, каб апошнія не адмовілі сабе ў жаданьні пераканацца, ці сапраўды ў пытаньні вываду ядзернай зброі ў беларускіх дэпутатаў існуе кансэнсус. Даведаўшыся, што існуе, з палёгкай уздыхалі: нібыта вось у гэты самы момант канкрэтна яны адхілілі пагрозу ядзернага Армагедону.
Выкажу ўласнае назіраньне (дапускаю, што іншыя са мной не пагодзяцца): як толькі Вярхоўны Савет у 1993 годзе прагаласаваў за вывад ядзернай зброі, ступень інтарэсу да Беларусі ў цэлым і да лёсу беларускай дэмакратыі імкліва пачала зьмяншацца — пры нязьменнай увазе да Расеі і да тэмы дэмакратыі расейскай.
І нават уцягваньне Масквой Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў (чым зьяўлялася далучэньне ў тым жа 1993 годзе да АДКБ) ня выклікала той рэакцыі, на якую разьлічвала парлямэнцкая Апазыцыя БНФ, калі заклікала дэмакратычныя заходнія краіны супрацьстаяць працэсу рэінкарнацыі Варшаўскай дамовы. Бо галоўнае, як здавалася, было зроблена: ад ядзерных ракет Беларусь пазбаўляецца, вывозіць іх у Расею.
Як потым выявіцца — каб праз 30 гадоў Масква іх вярнула (і тактычныя, і нават стратэгічныя).

Былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у інтэрвію ірляндзкаму тэлеканалу RTÉ выказаў шкадаваньне, што ў свой час пераканаў Кіеў адмовіцца ад ядзернай зброі. Масква не распачала б вайну, калі б Украіна мела зброю ядзернага стрымліваньня, лічыць ён.


Гэта прызнаньне чалавека, чые дзеяньні ў свой час шмат у чым перадвызначылі цяперашнія падзеі.
«Я адчуваю асабістую датычнасьць, таму што я прымусіў іх (Украіну) пагадзіцца на адмову ад ядзернай зброі, — сказаў Клінтан. — І ніхто зь іх ня верыць, што Расея пайшла б на гэта (уварваньне), калі б Украіна ўсё яшчэ мела сваю зброю».
Пра тое, як адміністрацыя Клінтана пераконвала Ўкраіну вывесьці ядзерную зброю (Беларусь, як вядома, адмовілася сама і без усялякіх умоваў), падрабязна напісаў у сваёй кнізе «The Russia hand» («Рука Расеі») Строуб Тэлбат, сябра Клінтана яшчэ са студэнцкіх гадоў і намесьнік дзяржсакратара ў часы ягонага прэзыдэнцтва.
Ігнараваньне былых савецкіх рэспублік і празьмерныя надзеі на Расею, кволая рэакцыя на агрэсію Масквы супраць Грузіі ў 2008-м і няздольнасьць спыніць Пуціна ў 2014-м сёньня адзначаюцца экспэртамі як праява адсутнасьці канцэптуальнага падыходу Захаду да тэмы Расеі, і найперш — нежаданьня ўспрымаць яе як імпэрыю.
За гэтае нежаданьне сёньня даводзіцца плаціць вялізную цану: заходнім краінам — матэрыяльную, Украіне — чалавечымі жыцьцямі.
Ці прымусіла цяперашняя вайна, самая маштабная на тэрыторыі Эўропы за апошнія восем дзесяцігодзьдзяў, усьвядоміць сутнасьць краіны, якая называе сябе правапераемніцай СССР, аднаўляе помнікі Сталіну і імкнецца адзначыць «сфэру ўплыву» ядзернымі шахтамі?
Школьнай аксіёмы, што імпэрыі ўрэшце распадаюцца, пакуль яшчэ ніхто не абвергнуў.