Не толькі Лукашэнка можа кіраваць Беларуссю

Да выбараў прэзідэнта застаецца фактычна тыдзень, і кандыдаты сканцэнтраваліся на паездках па рэгіёнах. Гэтаму папярэднічаў нядоўгі перыяд агітацыйнай кампаніі, хоць і з лімітаваным, але допускам да дзяржаўных СМІ. Самы час падвесці прамежкавыя вынікі, ацаніць, ці ёсць шанцы на лідэрства і які цяпер расклад сілаў на перадвыбарчым полі. З кандыдатамі ў прэзідэнты размаўляла Вольга Хвоін.

Мікола Статкевіч



4baf54f36935058bcc696fcef3f4689b.jpg

Да выбараў прэзідэнта застаецца фактычна тыдзень, і кандыдаты сканцэнтраваліся на паездках па рэгіёнах. Гэтаму папярэднічаў нядоўгі перыяд агітацыйнай кампаніі, хоць і з лімітаваным, але допускам да дзяржаўных СМІ. Самы час падвесці прамежкавыя вынікі, ацаніць, ці ёсць шанцы на лідэрства і які цяпер расклад сілаў на перадвыбарчым полі. З кандыдатамі ў прэзідэнты размаўляла Вольга Хвоін.
Мікола Статкевіч
— Безумоўна, кампанія недэмакратычная, быў пераслед і нават збіццё сябраў ініцыятыўнай групы, хаця ўлада і стрымлівала сябе, бо патрэбныя грошы, крэдыты. Разам з тым ёсць поўнае дамінаванне ў дзяржаўных СМІ аднаго чалавека. Так, запусцілі ўсіх на два тыдні ў эфір у працоўныя дні ў фармаце «галава, што гаворыць». Лепш так, чым нічога. Я паспрабаваў гэтым скарыстацца, каб дапамагчы людзям пераадолець страх, і за гэты час знайшоў аднадумцаў.
Я сапраўды здабыў шмат прыхільнікаў і цяпер баюся не спраўдзіць чаканні гэтых людзей. Кожны дзень, уключна да 18-га снежня, збіраюся ездзіць па Беларуси сустракацца з людзьмі—Барысаў, Салігорск, Віцебшчына, Гомельшчына, Гродзеншчына, Магілёўшчына. Буду спрабаваць падбадзёрыць людзей, даць ім нейкую надзею, веру ў супольнае змаганне за свабоду. Людзі хочуць бачыць мяне лідэрам, чалавекам, які здолее прывесці краіну да свабоды. У любым выпадку, гэта патрабуе мужнасці, учынкаў.
Аднак толькі простыя людзі змогуць прывесці да дэмакратыі, праз адзіны механізм, які ўлада пакінула—наўпроставы вулічны ціск. Няма выбараў, рэальнага парламенту, больш-менш уплывовых сродкаў масавай інфармацыі. Прагназаваць, ці выйдуць беларусы на вуліцу, не магу, але я там буду, я бяру на сябе адказнасць і не баюся. Кожны чалавек мусіць прыняць для сябе рашэнне, для свайго сумлення, годнасці, якую штодня абражае гэты чалавек з экранаў тэлевізараў. Больш нельга знаходзіцца ў замкнёным коле страху, калі міліцыянт баіцца і б'е, людзі баяцца суддзяў, міліцыі, звальненняў. Гэта трэба спыняць.
Віталь Рымашэўскі
— Безумоўна, у БХД і мяне асабіста павялічылася папулярнасць. Дагрукацца да сэрца беларускага народу больш проста, чым да аналітыкаў, палітолагаў, кулуарнай тусоўкі. Мой рэйтынг падрос. Напрыклад, пасля сустрэчы ў Віцебску са ста чалавек прыкладна кожны трэці пакінуў свае кантакты, каб удзельнічаць у назіранні, дапамагчы БХД у час выбараў. З кожным днём усё больш адчуваецца прысутнасць правакатараў, традыцыйна гэта актывісты БРСМ, яны прызнаюцца, што атрымліваюць разнарадку і прыходзяць на сустрэчы з кандыдатамі, задаюць правакацыйныя пытанні. Але такіх людзей часта абсаджваюць самі прысутныя.
Ёсць праблема з памяшканнямі. У Віцебску было дзесяць адмоў у залах, у Гомелі будзе сустрэча, але нам адмовілі ў памяшканні, дзе ўжо былі сустрэчы з іншымі кандыдатамі. Найбольш не прымальна да Лукашэнкі настроены Мінск, думаю, там у яго падтрымка нулявая, абласныя гарады таксама больш апазіцыйныя.
Цягам апошняга тыдня планую сустрэчы ў Мінску, удзячны журналістам, што яны нарэшце пачалі асвятляць выбарчую кампанію раўнапраўна. Беларускае тэлебачанне дапамагло нам патрапіць у незалежную прэсу, з'явілася цікаўнасць да ўсіх кандыдатаў, а не толькі да тых, якім сімпатызуе рэдакцыя. Ведаю, што многія мяне падтрымаюць, але зразумела, што Лукашэнка намалюе сабе патрэбную лічбу. Гэта рэалістычны прагноз, бо незалежнага кантролю за падлікам галасоў няма.
Дзмітрый Ус
— У мяне будуць дэбаты ў рэдакцыі інфармацыйнага інтэрнэт-партала tut.by, потым будуць паездкі па рэгіёнах. Мая ацэнка выбарчай кампаніі нічога не значыць, вы мусіце рабіць высновы адносна таго, як усё праходзіць. Практычна ўсе людзі, якія сустракаюцца са мной, пазітыўна ставяцца да наяўнасці альтэрнатыўных кандыдатаў.
Я не канцэнтруюся на тым, каб стаць прэзідэнтам, мая задача значна шырэй — абудзіць грамадскую свядомасць, стварыць умовы для правядзення дэмакратычных выбараў. Гаварыць пра верагоднасць зняцця пад «адзінага» кандыдата цяпер няма сэнсу, вось калі б сістэма была дэмакратычнай... Увогуле, узаемаадносіны з усімі кандыдатамі, апроч Аляксандра Лукашэнкі, які пазбягае кантактаў, у мяне нармальныя.
Рыгор Кастусёў
— Здаецца, у Беларусі адбылася лібералізацыя, але ўсё адно быў ціск на зборшчыкаў подпісаў, за гэты час двух чалавек з нашай ініцыятыўнай групы звольнілі з працы. Мы адмыслова стараліся не браць студэнтаў, каб яны не мелі праблем. Ёсць новыя павевы ў палітычнай сітуацыі ў Беларусі, але калі скласці разам магчымасці ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, то мы ў тысячу разоў былі менш у СМІ, чым дзейны прэзідэнт. Што тут аналізаваць, калі ўсё і так бачна. Перад выбарамі два тыдні будзе гаварыць адзін кандыдат, дык навошта яму карыстацца правам выступу, прыходзіць на дэбаты?
Мой рэйтынг за гэты час вырас, людзі пазнаюць, просяць аўтографы. Улады расчухаліся і не ведаюць, як нас спыніць. Мы едзем з Крычава, дзе ўсе нашы аб'явы пра сустрэчы зрывалі, тое ж было ў Касцюковічах. Але і мы вучымся, прымаем меры: зрабілі персанальныя запрашэнні ды раскідалі ў скрынкі. Спачатку такога не здаралася, а цяпер ужо некалькі спробаў сарваць было.
Людзі будуць галасаваць парознаму. Адназначна магу сказаць, што ў Лукашэнкі няма 50 працэнтаў падтрымкі. Мусіць быць другі тур, гэта добра адчуваецца. Там, дзе мы пабывалі, — у гарадках на Магілёўшчыне (не думаю, што іншыя кандыдаты туды даедуць) — людзі ведаюць пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Негатыўнае стаўленне да партыі БНФ мы змаглі пераламіць за першыя дні кампаніі. Выступы па тэлебачанню, агітацыйныя друкаваныя матэрыялы змянілі стаўленне да партыі БНФ. Канешне, ёсць і негатыў, але мы разумеем, што свае прыхільнікі ёсць і ў Аляксандра Лукашэнкі, і ў нас.
Алесь Міхалевіч
— Я лічу гэты этап выбарчай кампаніі дастаткова дэмакратычным. Спадзяюся, што будзе адкрыты, празрысты падлік галасоў. Але многае паказвае на тое, што гэта не адбудзецца. Цяпер я езджу па рэгіёнах, сустракаюся з выбарцамі. Думаю, што ўсіх незалежных кандыдатаў людзі ўспрымаюць пазітыўна. Ёсць пэўная боязь ва ўладных структурах —     калі я прыходжу ў міліцыю, выканкам. Сярод простых людзей гэтага няма. Пасля галасавання і падліку галасоў я буду вырашаць, ці ісці мне на плошчу.
Калі падлік галасоў будзе празрыстым, то ісці на вуліцу няма сэнсу. У адваротным выпадку я, хутчэй за ўсё, туды пайду, бо гэта мусіць быць акцыя пратэсту, грамадзянскі ўчынак. Ці прынясе гэта акцыя пратэсту нейкі рэальны вынік, мне меркаваць цяжка, бо я не з'яўляюся яе арганізатарам.
Віктар Цярэшчанка
— Выбарчая кампанія — маленькі крок да дэмакратыі з боку ўлады. Але, каб дасягнуць узроўню хаця б Польшчы, Беларусі спатрэбіцца яшчэ многа гадоў. Добра, што была магчымасць данесці праграму, паказаць людзям альтэрнатыву, паказаць, што ёсць шанец жыць лепш. Мая праграма добрая і мае канкрэтны план дзеянняў. Цяпер будуць дэбаты на tut.by, сустрэчы. Яны, дарэчы, прыносяць добрыя водгукі. Але аўдыторыя малая, прыходзіць нямнога людзей, а часу трэба затраціць нямала.
У мяне і добры, і дрэнны прагноз наконт выбараў. Лукашэнка сказаў, што Беларусь нікому не аддасць, то бок дэмакратычнага фіналу не будзе. Пазітыўна тое, што насельніцтва цяпер мае альтэрнатыўную інфармацыю, ведае пра кандыдатаў, іх прапановы, пра тое, што ў краіне не толькі адзін чалавек разумны і годны да кіравання.
Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу Уладзіміра Някляева
— Можна гаварыць, што адносна 2006 года ёсць паляпшэнне ўмоў правядзення кампаніі — і на стадыі збору подпісаў, і на стадыі агітацыі. Але ўсе зроблена ў дэкаратыўнай манеры. Напрыклад, што тычыцца доступу да СМІ, кожны кандыдат меў гадзіну эфірнага часу, былі тэледэбаты, што праводзіліся супраць усіх правілаў правядзення дэбатаў. Цяпер два тыдні цішыні, калі дзяржаўныя СМІ гавораць збольшага пра кіраўніка Беларусі і ў негатыўным святле — пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Мы паспрабавалі размясціць рэкламу Някляева на ўсіх FM-станцыях, на тэлебачанні і паўсюль атрымалі адмову. Тлумачылі гэта тэхнічнымі прычынамі, але ў прыватных размовах гаварылі, што папросту баяцца згубіць магчымасць трансляцыі. То бок усё зроблена, каб немагчыма было сур'ёзна паўплываць на думкі людзей.
З іншага боку, мы бачым, што выступы былі ацэненыя пазітыўна, грамадства іх заўважыла. І нават тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, падзяляюць ідэю, што на тэлебачанні, якое фінансуецца з бюджэту, мусяць быць прадстаўленыя ўсе кандыдаты.
Цяпер план адзін — падрыхтоўка і правядзенне мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыяў, ёсць дамоўленасць з нашымі партнёрамі, маем тэхнічны план. Таксама будзем працягваць заклікаць людзей не ісці на датэрміновае галасаванне. Някляеў заклікаў зняцца ўсім кандыдатам. Гэта было б моцным крокам, калі б усе пагадзіліся, бо Лукашэнка застаўся б сам-насам, гэта паказала б адзіны пратэст супраць таго, што адбываецца ў краіне. Паглядзім, ці кандыдаты нечага вартыя, але падкрэслю, што Уладзімір Някляеў сказаў, што нават у такім выпадку мусіць быць арганізаваны вулічны пратэст з патрабаваннем правесці выбары ў роўных, нармальных умовах.