Офіс Ціханоўскай кантактаваў з прэзідэнтам Сербіі Вучычам наконт вызвалення рэжысёра Гнёта

Перамовы аб вызваленні Андрэя Гнёта, які знаходзіўся пад хатнім арыштам у Сербіі, вяліся з вышэйшым кіраўніцтвам гэтай краіны. Пра гэта беларускі рэжысёр і актывіст распавёў на прэс-канферэнцыі ў Берліне. Паводле яго слоў, супрацоўнік офіса Святланы Ціханоўскай устанавіў кантакт па гэтым пытанні з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам на Генеральнай асамблеі ААН у верасні 2024 года.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Як распавёў Андрэй Гнёт, перамовы з уладамі Сербіі аб яго вызваленні вялі дыпламаты з многіх краін Еўрапейскага саюза, ЗША і Канады, распавядае «Люстэрка». Паводле яго слоў, самая важная і галоўная падзея ў пытанні яго вызвалення адбылася на Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў канцы верасня 2024 года.

«На гэтым мерапрыемстве міжнародная каманда офіса Святланы Ціханоўскай устанавіла прамы кантакт з адміністрацыяй прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, — сказаў Гнёт, адказваючы на пытанне пра тое, ці вяліся перамовы пра яго лёс з вышэйшым кіраўніцтвам гэтай балканскай краіны. — Сербскі бок у гэтай камунікацыі праявіў сябе вельмі эмпатычна, уважліва і пазітыўна. Тое, што я сёння знаходжуся ў Берліне, а не ў беларускай турме — прамое следства гэтых кантактаў і перамоваў».

Удзельніца юрыдычнай каманды Андрэя Гнёта, былая прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна падкрэсліла, што ў гісторыі з экстрадыцыяй рэжысёра з Сербіі пакуль рана ставіць кропку, нягледзячы на тое, што ён ужо знаходзіцца ў ЕС.

«У дачыненні да Андрэя ў Сербіі ўсё яшчэ працягваецца экстрадыцыйная працэдура, была змененая толькі мера стрымання, — паведаміла Колесава-Гудзіліна. — Гэтая працэдура можа працягвацца яшчэ доўга, бо яна не мае тэрміну даўнасці — гэта можа быць і год, і 10 гадоў. Нашы калегі ў Сербіі кажуць, што некаторыя эксрадыцыйныя справы працягваюцца і больш доўгі час».

Уладзімір Хрле, адзін з сербскіх адвакатаў Андрэя Гнёта, распавёў, што ён і яго калегі ўсё яшчэ чакаюць атрымання ад беларускага боку дадатковых дакументаў па справе рэжысёра.

«Нашы наступныя крокі як адвакатаў павінны быць накіраваныя на тое, каб адсочваць сітуацыі і «завярнуць» магчымае рашэнне аб дэпартацыі Андрэя Гнёта ў Беларусь, — падкрэсліў Уладзімір Хрле. — На жаль, першапачаткова сербскія суды не ўлічылі палітычны кантэкст у справе Андрэя. Праз гэта працэдура ў дачыненні да яго цягнецца дагэтуль».


Глядзіце таксама

Беларуская асацыяцыя журналістаў у сваю чаргу адзначае, што Андрэй Гнёт назваў свій досвед у Сербіі «вельмі спецыфічным».

«Год я замагаўся, каб выратаваць сваё жыццё. Увесь год мяне нібыта не чулі… Калі б не Апеляцыйны суд, мяне даўно б экстрадзіравалі і адправілі б на катаванні і смерць, — заявіў Гнёт. – Я лічу, што сербскім уладам варта звярнуць увагу на сербскае правасуддзе».

«Я лічу, што Сербія — усё-такі еўрапейская краіна, яе месца ў еўрапейскай сям’і, нягледзячы на тое, што адбылося са мной, — дадаў ён. — Я хачу, каб мой прыклад стаў першым і апошнім таго, як несправядліва ўлады могуць абыходзіцца з беларусамі ў выгнанні. Гэта датычыцца не толькі Сербіі, але і іншых краін, якія не заўсёды ўважліва адносяцца да беларусаў».

Рэжысёр таксама распавёў, як пакідаў Сербію.

«Я не пакінуў Сербію, як звычайны чалавек. Гэта не было, што я проста ўзяў чамадан і паехаў у аэрапорт. Намеснік нямецкага амбасадара у Сербіі суправаджаў мяне ў аэрапорт на ўласным транспарце, а затым я сустракаўся з сербскімі прадстаўнікамі ў аэрапорце Ніколы Тэсла. Мне забяспечылі праходжанне пашпартнага кантролю, і таксама, што важна, да мяне быў прыстаўлены персанальны паліцэйскі. Мне казалі, што мне можа пагражаць фізічная небяспека, таму сербскі паліцэйскі суправаджаў мяне да самага самалёта. Я першым зайшоў у абсалютна пусты самалёт – больш ВІП, чым бізнес-клас», — адзначыў беларус.

«Хачу расказаць цікавую гісторыю. Паліцэйскі прапанаваў 2 опцыі знаходжання ў аэрапорце. Магу пабыць у залі чакання і ахоўваць тут, або мы можам пайсці ў наш паліцэйскі ўчастак і пабыць з калегамі. Пасля года знаходжання ў зняволенні я не мог яму адмовіць. Ён прывёў мяне ў той жа пакой, што і год таму пры затрыманні. «О божа, у мяне дэжавю», —сказаў я. Але вялікае адрозненне ў тым: калі першы раз да мяне ставіліся як да жывёлы, то цяпер — як да блізкага сябра. Мы правялі паўтары гадзіны разам», — сказаў Андрэй Гнёт.

Андрэя Гнёта затрымалі 30 кастрычніка 2023 года ў Сербіі. Беларускія ўлады аб’явілі яго ў міжнародны вышук па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Сам Андрэй Гнёт і яго абарона настойваюць, што пераслед носіць палітычны характар.

3 чэрвеня 2024 года, пасля больш чым 7 месяцаў знаходжання ў турме Бялграда, Андрэя Гнёта перавялі пад хатні арышт.

У ліпені Інтэрпол адмовіўся ад пераследу Андрэя Гнёта і заявіў пра палітычны складнік яго справы.

11 верасня суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта і вярнуў справу на новы разгляд. Паводле Апэляцыйнага суду, рашэнне Высокага суда ў Бялградзе першай інстанцыі аб экстрадыцыі Гнёта было прынятае «на падставе няпоўна ўстаноўленай фактычнай сітуацыі, з якой вынікае істотнае парушэнне палажэнняў крымінальнага працэсу».

Андрэй Гнёт назваў абвінавачанні на свой адрас «хлуслівымі», заяўляючы пра «сістэмны механізм пераследу» палітычных апанентаў з боку беларускага рэжыма. «Тое, што яны могуць зрабіць са мной у Беларусі, — гэта смяротны прысуд», — казаў Гнёт у адной са сваіх заяваў.