Ціханоўская, Зяленскі, Нетаньяху віншуюць Трампа з перамогай

Кіраўніца АПК  павіншавала Дональда Трампа і запэўніла, што дэмакратычныя сілы Беларусі маюць кантакты з яго атачэннем.

Дональд і Меланія Трамп. AFP via Getty Images

Дональд і Меланія Трамп. AFP via Getty Images

Святлана Ціханоўская: «Безумоўна, у нас ёсць кантакты з атачэннем Дональда Трампа»

«Я віншую Дональда Трампа з упэўненай перамогай на выбарах прэзідэнта ЗША, а Рэспубліканскую партыю – у Сенаце ЗША. Гэта было сапраўднае свята дэмакратыі, і амерыканскі народ зрабіў свой выбар», — заявіла Святлана Ціханоўская. 

Палітык адзначыла, што сачыла за прэзідэнцкай гонкай у ЗША «нават з некаторай зайздрасцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат гадоў».

«Гэта сапраўды вялікая раскоша – не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам. Менавіта такія выбары – жывыя, дынамічныя, эмацыйныя, а галоўнае празрыстыя і справядлівыя – мы б хацелі пабачыць у Беларусі», — падкрэсліла кіраўніца АПК.

«Мы будзем працаваць з новай адміністрацыяй, працягваць і ўмацоўваць нашыя адносіны. Безумоўна, у нас ёсць кантакты з атачэннем Дональда Трампа і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі. Тэма Беларусі аб'ядноўвае розных палітыкаў у ЗША, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці», — запэўніла Ціханоўская.

«Мы разлічваем, што палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе рашучай, паслядоўнай, і прынцыповай. Беларусь павінна заставацца на міжнародным парадку дня. І амерыканскае лідарства грае ў гэтым надзвычай важную ролю, —падкрэсліла яна. — Мы чакаем, што супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША працягнецца, у тым ліку ў межах Стратэгічнага дыялогу.

ЗША былі, ёсць і будуць нашымі саюзнікамі ў барацьбе за дэмакратычную, незалежную і мірную Беларусь».

Глядзіце таксама

Уладзімір Зяленскі: Шаную прыхільнасць прэзідэнта Трампа да падыходу "мір праз сілу" 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў:

«Я ўспамінаю нашу выдатную сустрэчу з прэзідэнтам Трампам яшчэ ў верасні, калі мы падрабязна абмяркоўвалі ўкраінска-амерыканскія адносіны, стратэгічнае партнёрства, "план перамогі" і спосабы пакласці канец расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Я шаную прыхільнасць прэзідэнта Трампа да падыходу "мір праз сілу" у глабальных справах. Менавіта гэты прынцып можа практычна наблізіць справядлівы свет ва Украіне. Я спадзяюся, што мы разам прывядзем яго ў дзеянне», — напісаў ён.

Зяленскі таксама заявіў, што з нецярпеннем чакае магчымасці асабіста павіншаваць Трамп з перамогай і абмеркаваць з ім шляхі ўмацавання стратэгічнага партнёрства Украіны і ЗША.

Глядзіце таксама

Біньямін Нетаньяху таксама віншуе Трампа

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху павіншаваў Дональда Трампа з абраннем на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі:

«Дарагія Дональд і Меланія Трамп, віншую з найвялікшым камбэкам у гісторыі! Ваша гістарычнае вяртанне ў Белы дом адкрывае новы раздзел для Амерыкі і азначае магутнае абнаўленне вялікага саюза паміж Ізраілем і Амерыкай. Гэта вялізная перамога! Са шчырым сяброўствам, вашы Біньямін і Сара Нетаньяху».