Беларускі пратэст: ёсць падставы для аптымізму
Як бы ні развіваліся падзеі, падстаў для аптымізму сёння больш, чым для суму. Неабходна толькі ўсведамляць, што мы знаходзімся ў пачатковай фазе актыўнага супрацьстаяння мадэрнізаванай часткі беларускага грамадства з архаічнай дзяржавай.
![mishen__1_logo.gif mishen__1_logo.gif](/img/v1/images/mishen__1_logo.gif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзяржава плыла супраць плыні (мэйнстрыму), але яе архітэктары апраўдваліся тым, што гэта плынь ідзе супраць іх. Варта прызнаць, што адзінота беларускім архітэктарам не пагражала. Усходнія суседзі абралі аналагічны шлях, што і дазволіла двум лузерам знайсці адзін аднаго і заснаваць так званую Саюзную дзяржаву.
«Пабудаваць спрабавалі не проста палепшаную (і паменшаную) копію загінулай дзяржавы, — тлумачыць расійскі публіцыст Іван Давыдаў. — Будавалі адразу дзяржавы, што адсталі ад новага свету і няздольныя ў гэты новы свет упісацца. Дзяржавы, якія супрацьстаяць будучыні як з’яве».
Дыпламатычныя змаганні з Еўропай, якія мы сёння назіраем, не варта спісваць на выбары. Нашы выбары — толькі маркёр несучаснасці беларускай мадэлі. Яна, як і савецкая папярэдніца, не здольная ўзнаўляцца ва ўмовах палітычнай канкурэнцыі. Адкрыта ж адмаўляць дэмакратычныя нормы сёння ахвочых няма. Адсюль — гульні ў імітацыю. Калі ўважліва прыгледзецца, то парламент у нас — не парламент, прэзідэнт — не прэзідэнт, а выбары — не выбары.
Але ў любой імітацыі ёсць мяжа. Да шостай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі яна была дасягнутая. Колькасць перайшла ў новую якасць, і гэта якасць аказалася крывавай. Таму варта адкінуць усе спадзяванні на ўнутраны дыялог. Дыялог для беларускай улады — толькі спосаб выйграць час, неабходны для перагрупоўкі сілаў.
3-е месца супраць 68-га
А як жа грамадства? З канца 1990-х гадоў яно не падавала прыкмет жыцця. Атамізаванасць — гэта значыць няздольнасць да самаарганізацыі — была яго галоўнай характарыстыкай. Сацыёлагі на сваёй «птушынай мове» ў такіх выпадках разважаюць пра нізкае значэнне сацыяльнага капіталу.
Сацыяльны капітал можна вымераць з дапамогай адказу на пытанне: «Ці можна давяраць большасці людзей або ў адносінах з людзьмі трэба быць вельмі асцярожным?» У чэрвені 2016 года сцвярджальна на яго адказалі 26% беларусаў. Шмат гэта ці мала? Для параўнання, у Даніі іншым людзям давяраюць 66%.
Давер з’яўляецца «змазвальным матэрыялам» прагрэсу. У сучасных грамадствах ён замяняе прымус. У якасці каментара прывяду выказванне бацькі сінгапурскага цуду Лі Куан Ю: «Калі б я мусіў апісаць адным словам, чаму Сінгапур дасягнуў поспеху, то гэта слова — “давер”. Менавіта давер да нас дазваляў замежным інвестарам засноўваць свае фабрыкі і нафтаперапрацоўчыя заводы ў Сінгапуры».
А што дапамагае расіянам інвеставаць у беларускія НПЗ? Асабістыя дамоўленасці самі разумееце з кім. Таму і не ўкладаюць еўрапейскія інвестары свае грошы ў беларускую нафтаперапрацоўку. Актыўнасць жа расіян тлумачыцца не іх зухаватасцю, а манаполіяй на пастаўку нафты. Сварыцца з імі — сабе даражэй. Але няма правілаў без выключэння. Прыгадаем гісторыю «Белгазпрамбанка».
Давер у эканоміцы немагчыма пераацаніць, а вось ацаніць — магчыма. Таму не варта здзіўляцца, што расійскія кампаніі каштуюць каля шасці іх гадавых прыбыткаў, а амерыканскія — 20–25.
Яшчэ адзін прыклад. У 2019 годзе Сінгапур з $101,3 тыс. ВУП (па парытэце пакупніцкай здольнасці) на душу насельніцтва аказаўся на 3-м месцы ў свеце, а Беларусь з $19,3 тыс. — на 68-м. Адчуваеце розніцу?
Рэкамендую ўспамінаць гэты прыклад, калі прапаганда чарговым разам будзе параўноўваць сучасны ўзровень даходаў беларусаў з узроўнем «ліхіх 90-х».
Настрадамусы падвялі
Сацыёлаг «Лявада-цэнтра» Барыс Дубін лічыў, што пазбаўленне грамадства рэсурсу даверу з’яўляецца найгоршым злачынствам савецкай улады: «Каб дамагчыся ад насельніцтва пасіўнасці і падпарадкавання, улада біла менавіта па сацыяльных сувязях, пазбаўляючы людзей апоры адзін у адным. Сёння нашы рэспандэнты мяркуюць, быццам ні на што не могуць паўплываць, а дамагацца сваіх правоў — бессэнсоўна. Тэрыторыя, падкантрольная чалавеку, сціснулася да памераў невялікай сям’і».
Да лета 2020 года выказванне расійскага сацыёлага было актуальным і для Беларусі. Здавалася, нічога не абяцала развароту грамадскіх настрояў на 180°. Але яны развярнуліся. Аднаго-двух тыдняў для гэтага хапіла.
Чаму ж нікому з мясцовых настрадамусаў не ўдалося трапіць пальцам у «дзясятку»? Па-першае, па прычыне адсутнасці гуманітарных навук у Беларусі як такіх. Тое, чым займаюцца прафесіяналы на акладах, да навукі дачынення не мае, бо яны спецыялізуюцца на апраўданні курсу, абранага адзіным палітыкам у 1994 годзе. У тых жа, хто да бюджэтнай кармушкі не дапушчаны, больш, чым на каментары бягучых, падзей рэсурсаў не хапае. Ні інтэлектуальных, ні фінансавых. Ім не да сістэматычных даследаванняў.
Па-другое, бедныя рэсурсы, якія ўдавалася здабыць экспертам, свабодным ад абавязацельстваў перад дзяржавай, накіроўваліся на вымярэнне пульсу соннага грамадства. Атрыманыя такім чынам веды мала чым маглі дапамагчы ў разуменні грамадства, якое перайшло ў стан узбуджэння.
Зразумела, спіс апраўданняў двума пунктамі не абмяжоўваецца. Дастаткова прыгадаць парадокс, які абвяшчае, што людзі не заўсёды дзейнічаюць так, як яны кажуць. Таму апытанні (пры іх наяўнасці) у лепшым выпадку дапамаглі б меркаваць пра настроі рэспандэнтаў, але не пра дзеянні, да якіх яны рэальна гатовыя.
Між тым, у нашых усходніх суседзяў назапашваліся аналагічныя змены, якія фіксаваліся расійскімі даследчыкамі. У прыватнасці, група эканаміста Міхаіла Дзмітрыева і псіхолага Анастасіі Нікольскай у 2018 годзе зафіксавала, што ў грамадстве знік запыт на «моцную руку», узрасло негатыўнае стаўленне да ўлады і знізілася эфектыўнасць дзяржаўнай прапаганды. «Для людзей, — падкрэсліў эканаміст у адным са сваіх інтэрв’ю, — раптам сталі выходзіць на першы план зусім не бытавыя, матэрыяльныя каштоўнасці, а каштоўнасці, якія сацыёлагі называюць постматэрыялістычнымі».
Усё толькі пачынаецца
Вось ужо трэці месяц на вуліцы беларускіх гарадоў выходзяць дзясяткі, а часам і сотні тысяч апазіцыйна настроеных да ўлады грамадзян!
Учорашняя казка стала явай. Але працэсы самаарганізацыі, што мы назіраем сёння, не адмяняюць распаду сацыяльных сувязяў, прыстасавання да карумпаванай улады і іншых люботаў, уласцівых аўтарытарным сістэмам. Чорна-белым бывае кіно, а пры размалёўванні любога сучаснага грамадства жыццё выкарыстоўвае ўсе колеры вясёлкі.
Ва ўмовах электаральнай мабілізацыі адны колеры пачынаюць іскрыцца і пералівацца, а іншыя — блякнуць. Усё лагічна. Нездарма ж кітайскае слова «крызіс» можна перакладаць як «магчымасць». Але любая новая магчымасць дзеліць людзей на пераможцаў і прайграўшых. Гэтага не пазбегнуць — галоўнае, каб пераможцы аказаліся ў большасці.
Здавалася б, у «аксамітных рэвалюцый» у канцы 1980-х гадоў колькасць прайграўшых была мінімальнай, але адкрыем кнігу «Святло, якое падманула надзеі» балгарскага палітолага Івана Красцева і яго амерыканскага калегі Стывена Холмса: «Людзі раптам зразумелі, што ў бліжэйшыя гады вырашыцца, хто будзе заможны, а хто бедны, хто будзе мець уладу, а хто не, хто акажацца на ўзбочыне, а хто будзе ў цэнтры падзей. Хто зможа заснаваць дынастыі, а чые дзеці будуць пакутаваць».
Не ўсё так проста. Няздольныя ўпісацца ў сучаснасць адказваюць на выклікі дэградацыяй, чым яшчэ больш зніжаюць свае шанцы скарыстацца новымі магчымасцямі. Паглядзіце на Польшчу і Венгрыю, лідараў па рэвізіі еўрапейскіх каштоўнасцяў.
* * *
«Ёсць у рэвалюцыі пачатак, няма ў рэвалюцыі канца». Словаў з песні не выкінуць! Але як бы ні развіваліся падзеі, падстаў для аптымізму сёння больш, чым для суму. Неабходна толькі ўсведамляць, што мы знаходзімся ў пачатковай фазе актыўнага супрацьстаяння мадэрнізаванай часткі беларускага грамадства з архаічнай дзяржавай.