Пуцін: Дапамога Беларусі — не выкінутыя грошы
Уладзімір Пуцін лічыць натуральнымі спрэчкі, што перыядычна ўзнікаюць паміж краінамі-суседзямі, у тым ліку паміж Расіяй і Беларуссю, і спадзяецца на іх вырашэнне. Пра гэта ён заявіў 28 лютага ў Бішкеку на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з прэзідэнтам Кыргызстана Алмазбекам Атамбаевым.
"Спрэчкі заўсёды ёсць, і я ўпэўнены, што мы знойдзем выйсце з любых, нават, здавалася б, вельмі цяжкіх сітуацый", — цытуе Пуціна ТАСС. — Цалкам натуральныя гэтыя спрэчкі: кожны бок адстойвае свае інтарэсы".
Пры гэтым прэзідэнт РФ адзначыў, што Расія аказвае Беларусі "вялікую дапамогу". "Адных крэдытаў, выдадзеных на Беларусь, — звыш 6 млрд долараў", — сказаў ён.
Пуцін таксама падкрэсліў, што Мінск атрымлівае расійскую нафту без пошлін, тады як вынікі перапрацоўкі гэтай сыравіны Беларусь прадае за мяжу, залічаючы пошліну з іх у свой бюджэт. "Мы пра гэта не шкадуем, таму што, што называецца, "у доўгую" расійская эканоміка атрымлівае і атрымае выгады ад сумеснай працы. Таму што гэта ўзмацняе наш сінергетычны эфект, павышае нашу агульную канкурэнтаздольнасць. Таму гэта для нас не выкінутыя грошы, гэта ўсё пралічаныя крокі ў разліку на будучы вынік", — заявіў прэзідэнт РФ.
Ён назваў абсалютна натуральнымі і "надзвычай карыснымі для ўсіх" інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. "У нас ёсць агульная інфраструктура транспартная, сетка дарожная, чыгунка, энергетычная інфраструктура, у нас вельмі высокая ступень кааперацыі, якая дасталася нам яшчэ з савецкіх часоў. Не шанаваць усё гэта, не надаваць гэтаму новую якасць і не выкарыстоўваць было б зусім недарэчна на фоне таго, што ў свеце адбываецца. А ў свеце адбываюцца рэгіянальныя інтэграцыйныя працэсы, вельмі актыўна развіваюцца", — адзначыў Пуцін.
Адным з вынікаў еўразійскай інтэграцыі ён назваў паступленне ў Расію тавараў, якія апынуліся больш якаснымі і таннымі за тыя, што раней імпартаваліся з краін, у дачыненні да якіх РФ увяла эмбарга.
Заявы Пуціна прагучалі на фоне нафтагазавага канфлікту паміж дзвюма краінамі, які доўжыцца ўжо больш за год. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб'ёме кошту газу, Расія скараціла пастаўкі нафты ў краіну. Паводле дзейных пагадненняў Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак па выніках года імпарт нафты скараціўся на 20,8%.
24 лютага міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык паведаміў журналістам, што рашэнні па расійскім газе прынятыя і будуць узгодненыя на палітычным узроўні. Аднак яго расійскі калега Аляксандр Новак 28 лютага заявіў, што дасягненне дамоўленасці пра ўмовы дагавора аб пастаўках расійскіх нафты і газу ў Беларусь, якія б задавальнялі абодва бакі, магчымае пры поўным пагашэнні Мінскам доўгу, які цяпер ацэньваецца расійскім бокам у 550 млн даляраў.
Варта таксама зазначыць, што ўвесь мінулы тыдзень Аляксандр Лукашэнка адпачываў у Сочы. У мінулыя гады ў час такога кароткатэрміновага адпачынку ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Сёлета сустрэча не адбылася. Не адбылося таксама пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое меркавалася правесці ў лютым у Маскве.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН