ПУП Беларусь

Пакуль беларусы не аддзеляць мух улады ад катлет уласнасці, яны не змогуць паспяхова канкураваць на рынку нацыянальных праектаў.

Мяне часта абвінавачваюць, нібыта я схільны разглядаць тое, што адбываецца ў Беларусі, скрозь прызму расійскіх падзей. Не буду адмаўляць, ёсць за мной такі грэх, таму ў якасці своеасаблівай кампенсацыі я вырашыў прысвяціць чарговую «Азбуку паліталогіі» разгляду прынцыповых адрозненняў беларускай прыватызацыі ад расійскай.



1943102704f8f8f3302c2b730728e023.jpg

Пакуль беларусы не аддзеляць мух улады ад катлет уласнасці, яны не змогуць паспяхова канкураваць на рынку нацыянальных праектаў.
Мяне часта абвінавачваюць, нібыта я схільны разглядаць тое, што адбываецца ў Беларусі, скрозь прызму расійскіх падзей. Не буду адмаўляць, ёсць за мной такі грэх, таму ў якасці своеасаблівай кампенсацыі я вырашыў прысвяціць чарговую «Азбуку паліталогіі» разгляду прынцыповых адрозненняў беларускай прыватызацыі ад расійскай.
На побытавым узроўні (зрэшты, не толькі на побытавым) склалася меркаванне, што працэс прыватызацыі ў Беларусі па-сапраўднаму яшчэ і не пачынаўся. У якасці доказу звычайна спасылаюцца на долю дзяржавы ва ўласнасці, якая ніяк не можа апусціцца ніжэй за 80 працэнтаў.
Я прытрымліваюся іншага меркавання. Па хуткасці і эфектыўнасці прыватызацыі Беларусі няма роўных у дружнай сям’і дзяржаў, аб’яднаных абрэвіятурай СНД. Працэс прыватызацыі ў нас быў завершаны ў 1996 годзе, што і замацавана ў Канстытуцыі, адрэдагаванай на лістападаўскім рэферэндуме.
Галоўным пытаннем рэферэндуму 1996 года было пытанне пра прыватызацыю беларускай дзяржавы. Грамадству былі прапанаваныя два прыватызацыйныя праекты: «ПУП Беларусь» (прыватнае унітарнае прадпрыемства) і «ААТ Беларусь» (адкрытае акцыянернае таварыства). Першы варыянт апынуўся па-за канкурэнцыяй. І справа тут не ў своеасаблівым падліку галасоў, як мяркуюць прадстаўнікі прайграўшага боку. Справа ў тым, што рэферэндум толькі замацаваў дэ-юрэ ажыццёўлены да таго часу дэ-факта ПУПаўскі прыватызацыйны праект, складовай часткай якога, дарэчы, з’яўляецца і прыватызацыя прыватнай асобай права вызначаць вынікі выбараў і рэферэндумаў.
У Расіі працэс прыватызацыі дзяржавы расцягнуўся на доўгія гады. Ён канчаткова завяршыўся дзесьці да пачатку другога прэзідэнцкага тэрміну Пуціна. У выніку паўстала «ЗАТ Расія» (закрытае акцыянернае таварыства). У велізарнай краіне з такім складаным унутраным уладкаваннем іншага і не варта было чакаць. ЗАТ азначае, што адны прыватныя асобы прыватызавалі суд, іншыя — Міністэрства ўнутраных спраў і г. д. Найбольш прадпрымальны грамадзянін прыватызаваў нафтавыя і газавыя трубы — дакладней, не самі трубы, а права дапускаць або не дапускаць да іх тых, хто прыватызаваў права здабываць нафту і газ. У краіне, якая жыве з прыроднай рэнты, права рухаць заслонкі на дзяржаўных трубаправодах аказалася вышэй за іншыя прыватызаваныя правы.
Два лісты
25 лютага гомельскі актывіст Руху «За Свабоду» Уладзімір Кацора накіраваў у адрас старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай адкрыты ліст. Працытую першы сказ: «Не так даўно Вы, Лідзія Міхайлаўна, у сродках масавай інфармацыі заявілі, што з’яўляецеся чальцом каманды Лукашэнкі».
Я звярнуўся па дапамогу да пошукавіку ў інтэрнэце і без цяжкасці знайшоў, што прызнанне Ярмошынай наконт яе сяброўства ў камандзе Лукашэнкі ўтрымліваецца ў інтэрв’ю «Еўрарадыё». У чым тут фішка? Яна — у артыкуле 32.1 Выбарчага кодэкса. Паводле яго, «асноўнымі прынцыпамі дзейнасці Цэнтральнай камісіі з’яўляюцца законнасць, незалежнасць, калегіяльнасць, адкрытасць і галоснасць».
Для тых, хто не першы год замужам, такое недапасаванне слова і справы афіцыйнай асобы з патрабаваннем закона не павінна выклікаць здзіўлення. Беларускія афіцыйныя асобы ў сваёй практычнай дзейнасці прызвычаіліся «ісці ад жыцця», а не ад законаў. Балазе, ёсць з каго браць прыклад. Усё гэта азбука, і я б не марнаваў час, калі б не другі ліст.
Ён надрукаваны на афіцыйным бланку ЦВК і пачынаецца словамі: «Господин Кацора! По поводу Вашего обращения, поступившего в мой адрес, сообщаю следующее»... З дазволу чытачоў, я працытую толькі апошні абзац: «Мои слова о принадлежности к конкретной «команде» свидетельствуют о наличии служебных отношений в рамках, установленных законом, и человеческом доверии, приобретенном за долгий совместный опыт работы (выбачайце за нязграбнае вызначэнне, але так у арыгінале — С.Н.). Полагаю, что по похожим принципам строятся корпоративные отношения во всем мире».
Як сказаў адзін далёка не дурны чалавек: «Язык у нашай улады ўладкаваны так, каб служыць прыладай самавыкрыцця». У гэтай сувязі невялікі аўтарскі каментар.
Прыналежнасць старшыні ЦВК да пэўнай «каманды» вызначана ў Канстытуцыі (артыкул 84). Ва ўступнай частцы «Азбукі паліталогіі» я адзначаў, што галоўным пытаннем рэферэндуму 1996 года было пытанне наконт прыватызацыі беларускай дзяржавы, і яно было вырашана на карысць прыватнага унітарнага прадпрыемства (ПУП).
У поўнай адпаведнасці з ПУПаўскім прынцыпам, аднаасобны ўладальнік прадпрыемства сам фармуе сваю каманду. ЦВК — яе частка, створаная для рашэння пэўнай задачы: перыядычнага пераабрання ўладальніка ПУП. Нічога новага ў падобных развагах няма. Чытайце Канстытуцыю, там усё напісана. Новае ж хаваецца ў прызнанні старшынёй ЦВК, што беларуская дзяржава з’яўляецца карпарацыяй! Адна справа — алегорыі аналітыка на тэму «беларуская дзяржава = ПУП» і зусім іншае, калі гэта напісана на афіцыйным бланку і заверана адпаведным подпісам.
Гаспадар у квадраце
Беларуская Канстытуцыя пачынаецца словамі: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь… прымаем гэту Канстытуцыю». Выдатныя словы! Хто прымае Канстытуцыю краіны, той і з’яўляецца яе галоўным суб’ектам. У дэмакратычных краінах гэта народ. Калі ж мы праявім пачуццё гістарычнай цікаўнасці і адкрыем, да прыкладу, Канстытуцыю Расійскай імперыі ад 23 красавіка 1906 года, то наконт галоўнага суб’екта даведаемся наступнае: «Імператару Усерасійскаму належыць Вярхоўная Самадзяржаўная ўлада. Падпарадкоўвацца ўладзе Яго, не толькі за страх, але і за сумленне, Сам Бог загадвае».
Такім чынам, галоўным суб’ектам дэмакратычнай дзяржавы з’яўляецца народ. Але для таго, каб дэмакратычная дзяржава функцыянавала, патрэбныя «служкі народа», г. зн. чыноўнікі, якіх народ наймае на працу, для чаго і існуе працэдура выбараў. Але выбарамі ўзаемаадносіны паміж суб’ектам (народам) і аб’ектам (чыноўнікамі) не абмяжоўваюцца. Калі народ пасля выбараў разыдзецца па хатах, бо палічыць сваю суб’ектную місію вычарпанай, то «служкі» вельмі хутка ператворацца ў гаспадароў, і слова гэта давядзецца пісаць без двукосся.
У адрозненне ад дзяржавы, адзіным суб’ектам карпарацыі з’яўляецца яе ўладальнік/уладальнікі. Так уладкаваны ўсе ПУП, ЗАТ і ААТ. Мэтай карпарацыі з’яўляецца атрыманне прыбытку, які пасля выплаты падаткаў паступае ў поўнае распараджэнне ўладальніка/уладальнікаў карпарацыі. Наёмныя ж працаўнікі на прыбытак прэтэндаваць не могуць, умовы аплаты іх працы абумоўленыя ў кантрактах.
Для замацавання тэарэтычнага матэрыялу прапаноўваю ў чарговы раз звярнуцца па дапамогу да інтэрнэтаўскага пошукавіку і набраць словы «Лукашэнка» і «гаспадар». На 11 гадзін раніцы 7 сакавіка Google выдаў роўна 79 тысяч спасылак! Скарыстаемся адной з іх: «У любым калектыве ёсць гаспадар. У вас гаспадар — дзяржава, і вы выяўляеце пункт гледзішча дзяржавы. Гэтага хаваць не трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка». Растлумачу: «Вы» — гэта працаўнікі Белтэлерадыёкампаніі.
Белтэлерадыёкампанія — карпарацыя дзяржаўная, таму цалкам лагічна, што яе гаспадаром з’яўляецца дзяржава. Але хто гаспадар дзяржавы? Паводле першага абзаца Канстытуцыі — народ. Але, на жаль, беларуская Канстытуцыя першым абзацам не абмяжоўваецца, шмат якія з яе наступных абзацаў, як бы гэта мякчэй сказаць, першы абзац дэзавуююць.
Тут самы час перанесціся ў жнівень 1994 года. З моманту абрання першага беларускага прэзідэнта мінуў месяц. Яму яшчэ шмат што трэба будзе пераасэнсаваць з таго, што было абяцана падчас выбарчай кампаніі, але са сваім месцам ва ўладзе ён ужо вызначыўся: «Я проста хачу навесці парадак, хачу, каб быў адзін гаспадар. Я буду гаспадаром, паколькі мяне народ абраў».
Думаю, не шмат хто тады зразумеў, што першая беларуская Канстытуцыя асуджаная. Яна не адпавядала амбіцыям чалавека, што вырашыў стаць гаспадаром гаспадароў (гаспадаром у квадраце).
Чаму жаданне канкрэтнага чалавека стаць гаспадаром у квадраце рэалізавалася? Перачытайце апошнюю цытату яшчэ раз. Уся справа ў народзе, што на свабодных выбарах у 1994 годзе большасцю галасоў падтрымаў кандыдата, які ў найбольшай ступені пасаваў на такую ролю. Сам пераможца любіць паўтараць, што ў другім туры за яго прагаласавала 80 працэнтаў выбарнікаў. Лічба сапраўдная, толькі не трэба забываць пра яўку. Яна ў другім туры склала 56 працэнтаў. У выніку простага арыфметычнага дзеяння мы атрымліваем 44,9 працэнта. Такім чынам, за «ўсенароднаабранага» ў другім туры прагаласавала менш паловы грамадзян рэспублікі.
Чыкагскія хлопчыкі супраць наргасаўскіх
У любой карпарацыі ўлада і ўласнасць спалучаныя ў адзіную і непадзельную субстанцыю, але ўласнасць у карпарацыі першасная. Абавязковай умовай эфектыўнага функцыянавання сучаснай дзяржавы з’яўляецца размежаванне гэтых базавых паняццяў. Аматары моцнай аўтарытарнай улады любяць спасылацца на станоўчы досвед Піначэта. Аднак натхняцца эканамічнымі поспехамі чылійскага дыктатара я б не раіў. Па-першае, таму што на адну паспяховую аўтарытарную мадэрнізацыю прыходзіцца дзесятак няўдалых. Па-другое, Піначэт таму і дасягнуў поспеху, што не дазволіў мухам улады паразітаваць на катлетах уласнасці.
У Беларусі паміж мухамі і катлетамі склаўся такі трывалы сімбіёз, што ўжо немагчыма адрозніць, дзе заканчваюцца першыя і пачынаюцца другія. Вось як гэта выглядае ў афіцыйным азначэнні: «Власть и президент, прежде всего, я уже часто вам об этом говорил, должен контролировать самое главное три вещи: власть — она не приватизируется, собственность и деньги».
Чаму ж Піначэт, захапіўшы ўладу, адмовіўся ад кантролю ўласнасці і грошай? Асноўная прычына — у традыцыі. У Чылі так было і да Піначэта. Акрамя таго, нельга забываць пра «чыкагскіх хлопчыкаў», якія складалі аснову яго рэфарматарскай каманды. У адрозненне ад «наргасаўскіх хлопчыкаў», яны выдатна разумелі, што эканоміка і дзяржаўная ўлада дзейнічаюць па розных прынцыпах і правілах.
У эканоміцы пануюць гарызантальныя сувязі, удзельнікі якіх па азначэнні роўныя адзін аднаму. Наадварот, у сферы адказнасці дзяржавы пераважаюць сувязі вертыкальныя. Гэта сфера дзейнасці начальнікаў і падпарадкаваных. Распаўсюджванне сувязяў вертыкальнага тыпу на эканоміку (дзяржаўнае рэгуляванне) абарочваецца яе дэградацыяй. Выкарыстанне ў дзяржаве сувязяў гарызантальнага тыпу (карупцыя) прыводзіць да яе разлажэння. У выніку сімбіёзу мух з катлетамі адбываецца разбурэнне як дзяржавы, так і эканомікі. Зразумела, і грамадства пры гэтым не можа заставацца белым і пухнатым.