Расійскія «Ведомости»: Аляксандр Лукашэнка — палітык 2014 году

Расійскае выданне «Ведомости» назвала Аляксандра Лукашэнку палітыкам году за тое, што ён «стаў ледзь не галоўным міратворцам у Еўропе» і здолеў «нядрэнна зарабіць на расійскім харчовым эмбарга».



palityk_2014.jpg

«Палітыкам года мы абралі не Уладзіміра Пуціна, які ліха скінуў фігуры з дошкі сусветнай палітыкі, і не Ангелу Меркель, якая павяла Еўропу супраць Расіі. І нават не Сі Цзіньпіна, які толькі ўмацаваў свой уплыў з-за гэтых падзей. Палітык года — Аляксандр Лукашэнка, якога на Захадзе любяць называць «апошнім дыктатарам Еўропы» і які навучыўся жыць пад жорсткімі заходнімі санкцыямі задоўга да таго, як з аналагічнымі праблемамі нечакана сутыкнулася Расія. Кіраўнік Беларусі ў 2014 праявіў сябе надзвычай ўмелым дыпламатам і гаспадарнікам.
Вайна ў суседняй краіне пагражала Беларусі ростам палітычнай і эканамічнай нестабільнасці, але Лукашэнка здолеў павярнуць гэту патэнцыйна катастрафічную для яго сітуацыю на карысць сабе як палітыку і дзяржаве.
З самага пачатку падзей у Кіеве Лукашэнка заняў узважаную пазіцыю, не выказваючы аднаму з бакоў канфлікту адназначнай падтрымкі. Ён асуджаў «кашмар на майдане», інспіраваны, на яго думку, краінамі Захаду, — але лаяў і ранейшы ўкраінскі ўрад за павальную карупцыю як адну з прычын масавых пратэстаў. Сумняваўся ў правільнасці арыентацыі новых кіеўскіх уладаў на Еўропу — але крытыкаваў і Мытны саюз. Асуджаў неканстытуцыйную змену ўлады ва Украіне — але задоўга да майскіх выбараў прызнаў, што Януковіч больш не прэзідэнт.
Выступаў рэзка супраць ваенных дзеянняў — але ні разу не ўсумніўся ў легітымнасці новай украінскай улады.
У выніку Мінск стаў галоўнай пляцоўкай для мірнага ўрэгулявання, мінскі фармат — адзіна магчымым, па прызнанні ўсіх зацікаўленых бакоў, для працягу перамоваў, а сам Лукашэнка —  ледзь не галоўным міратворцам у Еўропе.
Не кажучы ўжо пра тое, што Беларусі ўдалося яшчэ і нядрэнна зарабіць на расійскім харчовым эмбарга, сімвалам якога сталі «беларускія крэветкі».

«Ведомости»