Смерць «адзінага»
За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў пра свой намер балатавацца заявілі ўжо чатыры кандыдаты ад апазіцыі, а таксама дзеючы кіраўнік Беларусі. Верагодна, што ў выбарчых бюлетэнях будзе з каго выбраць.
За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў пра свой намер балатавацца заявілі ўжо чатыры кандыдаты ад апазіцыі, а таксама дзеючы кіраўнік Беларусі. Верагодна, што ў выбарчых бюлетэнях будзе з каго
выбраць.
Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявілі палітык Алесь Міхалевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, каардынатар «Хартыі–97» Андрэй Саннікаў,
старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Чакаецца, што свайго кандыдата вылучаць партыя БНФ, і АГП (выбар паміж
Анатолем Лябедзькам і яго намеснікам Яраславам Раманчуком).
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што збіраецца ў чарговы раз балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, у адваротным выпадку «народ яго не зразумее». Апанент Лукашэнкі з мінулай
выбарчай кампаніі Аляксандр Мілінкевіч спробу нумар два заняць прэзідэнцкую пасаду абвясціў пад ідэямі еўрапейскага шляху Беларусі, ліберальнай эканомікі і магчымага негвалтоўнага вулічнага
супраціву. «Стратэгія перамогі на прэзідэнцкіх выбарах простая і ясная: трэба прымусіць уладу лічыць галасы выбарцаў разам з намі. Калі гэтага не адбудзецца, значыць, улада галасы не лічыць.
І будзем заклікаць людзей да мірнага пратэсту на вуліцах. Калі няма дэмакратыі на выбарчых участках, то дэмакратыя будзе на вуліцах», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч падчас
прэзентацыі сваёй перадвыбарнай праграмы.
Паводле яго меркавання, лепшай стратэгіі, чым «альбо дэмакратызацыя, альбо вуліца», не існуе. «Наш прэзідэнт гаворыць, што ў яго гістарычная адукацыя. Тады давайце
ўспомнім, што было ў Румыніі Чаўшэску, калі ўлада не ішла на дыялог з апазіцыяй. Румынія яшчэ вельмі доўга і пакутліва аднаўлялася ад рэвалюцыі. І ўспомнім, як было ў Чэхіі і Польшчы, калі ўлада ўсё
ж пайшла на дыялог з уладай. Там усё прайшло бяскроўна. І ўлада павінна лічыцца з намі — нават афіцыйна яны напісалі мне і Казуліну на выбарах 2006 года каля 10 працэнтаў галасоў»,
— адзначыў Мілінкевіч.
Палітык пасля мінулых выбараў насамрэч застаўся ў палітычным полі і з’яўляецца адной з найбольш пазнавальных персонаў апазіцыйнага асяродку.
Балючае для гэтых выбараў пытанне: ці будзе адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў, і калі так, то хто? Мілінкевіч выказаўся за вылучэнне «адзінага» (у 2006-м ён ужо меў такі
статус), але супраць «балбатні і пустых размоў». «Адзіным кандыдатам павінен быць той, хто мае магчымасць аб’яднаць вакол сябе рэсурсы, фінансавыя і чалавечыя, хто
мае волю да перамогі, стратэгію перамогі і мае намер змагацца за перамогу да канца», — падкрэсліў Мілінкевіч. Палітык выказаў сваю гатоўнасць саступіць кандыдату, які прапануе
«больш рэальную стратэгію перамогі на выбарах», аднак такіх персон ён пакуль не бачыць.
З заяўленых кандыдатаў ідэю адзінага падтрымаў Віталь Рымашэўскі. Але з ўмовай, што такі палітык будзе яднаць дэмакратычныя сілы на супольных каштоўнасцях і да канца змагацца за перамогу.
«Мы не падтрымаем кандыдатаў, якія будуць несці ідэі, звязаныя з пагрозай незалежнасці Беларусі ці легітымізацыяй дзеючага рэжыму», — зазначыў палітык.
Андрэй Саннікаў сказаў, што не лічыць цяпер магчымым вылучэнне адзінага кандыдата, а апанент Лукашэнкі мусіць быць моцным і валявым палітыкам. «Калі будзе некалькі кандыдатаў ад
дэмакратычных сілаў, то нічога кепскага ў гэтым я не бачу, але цяпер з заяўленых прэтэндэнтаў я не вылучаю асобы, на карысць якой мог бы зняць сваю кандыдатуру», — зазначыў
палітык.
Алесь Міхалевіч прытрымліваецца падобнага меркавання. Да таго ж, ён зазначыў, што «калі вылучэннем адзінага будуць займацца непасрэдна самі кандыдаты, то гэта моцна нагадвае варыянт 2001
года, і непрымальна. Гэта павінны рабіць палітычныя партыі, але дамовіцца яны не могуць, значыць, і адзінага пакуль не будзе», — рэзюмуе Міхалевіч.
Спрэчкі вакол, магчымага, адзінага кандыдата паступова абвастраюцца. Апаненты паціху пераходзяць да ўзаемных папрокаў і вышуквання адзін у аднаго слабых, на іх погляд, бакоў. Так, чатыры структуры з
Беларускага незалежніцкага блоку — “Малады Фронт, БХД, “Правы альянс, рух салідарнасці “Разам — распаўсюдзілі прапанову,
паводле якой выбар адзінага кандыдата ад дэмсілаў мусіць грунтавацца на гатоўнасці кандыдата ў прэзідэнты вывесці людзей на вуліцу, незалежна ад таго, якім будзе падлік галасоў (тут відавочны камень
у бок Аляксандра Мілінкевіча), а таксама здольнасці сабраць найбольшую ініцыятыўную групу. Намеснік Мілінкевіча Юрась Губарэвіч заявіў журналістам, што гэтыя прапановы кіраўніцтва руху прыняло да
ўвагі, але лічыць іх недастатковымі ў працэдуры вылучэння адзінага кандыдата. “Патэнцыйны адзіны кандыдат мусіць мець здольнасць аб’яднаць вакол сябе людзей, рэсурсы, быць
пазнавальным, валодаць пазітыўным іміджам. Апроч Мілінкевіча з заяўленых кандыдатур годных асобаў мы не бачым, — падкрэсліў намеснік лідэра Руху “За
свабоду.
Апроч таго, шэраг моладзевых арганізацый заявілі, што калі дэмакратычныя сілы не вызначацца з адзіным кандыдатам, то яны не падтрымаюць нікога з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Моладзевыя
арганізацыі гатовыя падтрымаць таго кандыдата, які “зробіць усе магчымыя захады для аб’яднання з іншымі апазіцыйнымі сіламі; заявіць пра незаконнасць удзелу Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх
выбарах і нелегітымнасць улады; будзе заклікаць людзей да вулічнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і ўзначаліць яго, — цытуе пазіцыю моладзевага палітычнага крыла
БелаПАН.