Статкевіч паспрабуе рэанімаваць вуліцу
Экс-палітвязень, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч доўга без працы не сядзіць. Менш за тыдзень хапіла яму, каб агледзецца ў палітычнай сітуацыі, знайсці паплечнікаў і наноў уцягнуцца ў барацьбу.
Паплечнікі ў яго падабраліся, што трэба. Гэта Уладзімір Някляеў, які стварае зараз рух у абарону незалежнасці Беларусі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Менавіта яны разам са Статкевічам агучылі планы на восень і далей.
Някляеў вяртаецца ў палітыку?
Агульную прэс-канферэнцыю пачаў Уладзімір Някляеў, які казаў, што гэтым летам ён пакутаваў «ад невыноснай спёкі і невыноснага сораму», маючы на ўвазе ўдзел у апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі. Аднак ад сораму яго выратоўвала толькі тое, што ёсць у Беларусі Мікалай Статкевіч, які нікому не здрадзіў і не зламаўся ў турме. І таму Някляеў падзякаваў спадару Міколу за мужнасць.
У другую чаргу Някляеў адзначыў, што прыйшоў падтрымаць Статкевіча, як кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. «Вызваліўшы яго як палітвязня, цяперашні рэжым сам прызнаў яго палітвязнем, што б там ні было напісана ў паперынах пра вызваленне. А значыць, сам рэжым прызнаў, што права выбірацца Мікалай Статкевіч пазбаўлены незаконна. І пакуль гэтае права ягонае не адноўленае, датуль ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца законнымі», — заявіў Някляеў.
Адпаведна, «ніхто з прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі не мусіць удзельнічаць у гэтых выбарах, калі толькі ён не здрадзіў дэмакратыі і не стаў на бок рэжыму», — зазначыў Уладзімір Пракопавіч.
Уладзімір Някляеў усяляк падтрымае Міколу Статкевіча
Урэшце Някляеў заявіў, што падтрымлівае Статкевіча як палітыка. «Але тут ёсць праблема. Яна палягае ў тым, што я заявіў пра свой выхад з беларускай апазіцыі, і пакуль што не бачу падставаў для таго, каб у яе вяртацца. Я заявіў таксама, што спыняю свой удзел у палітычнай кампаніі пад назвай «прэзідэнцкія выбары ў Беларусі» і не бачу падстаў для таго, каб мяняць гэтае рашэнне. Мы знайшлі ў гэтым паразуменне і дамовіліся так: ні ў якія кааліцыі, палітычныя альянсы, групоўкі апазіцыі я не ўступаю. Я займаўся і буду займацца стварэннем грамадскага руху за незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі. Але ва ўсім, у чым будзе патрэбная мая дапамога, я гатовы Мікалаю Статкевічу дапамагаць, і там, дзе будзе неабходна — у барацьбе за нашыя грамадзянскія правы, за сапраўдную незалежнасць Беларусі, у акцыях супрацьдзеяння антынацыянальнаму рэжыму, на пікетах, на мітынгах — паўсюль мы будзем стаяць плячо да пляча», — паабяцаў Някляеў.
Нельга быць «крышачку цяжарнай» ці «пакрысе, ледзь-ледзь, займацца палітыкай». Калі ты кажаш пра падтрымку «акцый супрацьдзеяння антынацыянальнаму рэжыму», — гэта ўжо палітыка. І, адпаведна, у цябе ў гэтай дзейнасці ёсць саюзнікі і праціўнікі. Таму Уладзімір Пракопавіч усё роўна, паміма ягонага жадання, будзе альбо «ўцягнуты ў апазіцыю», альбо сам складзе яе частку — прынамсі, у вачах грамадства.
Адправіць выбары ў ігнор
Здарылася тое, пра што неаднаразова папярэджвалі ўлады і ЦВК розныя апазіцыянеры: «Вось вы зараз не зарэгіструеце ініцыятыўную групу Статкевіча, а заўтра ён выйдзе. І што вы будзеце рабіць?»
Таму, лічыць Статкевіч, «выбары ўжо сфальсіфікаваныя, і сфальсіфікаваныя яны праз фальсіфікацыю выбарчага бюлетэня». «Селі нейкія аналітыкі з Аляксандрам Лукашэнкам, і вырашылі: акрамя вас, Аляксандр Рыгоравіч, трэба пайсці гэтаму, гэтаму і гэтаму. Нехта вас пакрытыкуе — вы ўжо патрывайце, галоўнае, каб потым яны прызналі вашую перамогу. Гэта небяспечна для беларускай дзяржаўнасці», — сказаў Статкевіч.
«Мы не верым у «патрыятычны прыступ» Аляксандра Лукашэнкі, які абараняе незалежнасць. Мы бачылі іншага Лукашэнку ў 1996-м годзе, які быў гатовы здаць нас шасцю абласцямі Расіі ўзамен на галоўную пасаду ў Крамлі. Калі ў яго тады ідэалаў не было, то яны з цягам гадоў не з’яўляюцца. І калі прыпрэ, ён пагодзіцца на пэўную колькасць мільярдаў (за здачу Беларусі — НЧ)», — кажа Статкевіч.
Статкевіч: час ужо дзейнічаць
Каб не дапусціць гэтага, трэба не дапусціць найперш легітымацыі гэтых выбараў і гэтай улады ў вачах міжнароднай супольнасці. Не даць таго, каб Еўропа прызнала Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы. Бо інакш атрымаецца, што Беларусь «здадуць» цалкам на законных падставах.
Сыходзячы з гэтага, тэза першая: выбары сфальсіфікаваныя ўжо і зараз. Тэза другая: трэба распачынаць кампанію па дэлегітымацыі гэтых выбараў. Яна мае ўмоўную назву «Ігнор». Паводле Статкевіча, галоўнае, каб народ праігнараваў выбары. Пра байкот размова не ідзе. «Я не кажу пра байкот, бо «байкот» — нават занадта гучна для таго, што адбываецца. Байкатуюць, можа, несумленныя, недэмакратычныя, але выбары. У нас жа ўся несумленнасць ужо адбылася», — лічыць Статкевіч.
Калі на выбарах будуць пустыя ўчасткі, то ні пра якое іх прызнанне, ці пра легітымнасць Лукашэнкі, размова ісці не будзе. Канешне, усе разумеюць, што людзей на ўчасткі пагоняць — і ў датэрміновае галасаванне, і ў асноўны дзень. Але трэба зрабіць так, каб гэты прымус быў яўна бачны.
Доўгатэрміновы вынік кампаніі кампаніі «Ігнор» — свабодныя, сумленныя і справядлівыя выбары. Калі ўлада зразумее, што “паказушныя” выбары сябе вычарпалі, і эфекту ніякага не даюць. Але ёсць адна ўмова сапраўдных выбараў — без удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі. «У выбарах не маюць права ўдзельнічаць злачынцы. Я не маю права ўдзельнічаць у гэтых выбарах, але я не злачынца. Злачынца — гэта той, хто гвалтоўна захапіў уладу і незаконна ўтрымлівае яе ўжо колькі год», — зазначыў Мікалай Віктаравіч.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што задача-максімум — свабодныя выбары, — можа «расцягнецца для нас на гады, але мы гэтай мэты дасягнем».
Як гэта працуе?
Выбарчая кампанія дае кандыдатам у прэзідэнты права сустракацца з выбаршчыкамі і абмяркоўваць ягоную праграму. Але нідзе не запісана, што ініцыятарам такой сустрэчы выступае сам кандыдат. «Калі ў нас ціпа выбары, мы гатовыя арганізаваць Лукашэнку сустрэчу з выбаршчыкамі на якой-небудзь маляўнічай плошчы ў Мінску. Я гатовы арганізаваць такую сустрэчу, я нават дам гарантыю бяспекі, што ніхто фізічна яго не пакрыўдзіць, я яго ў крыўду не дам. Калі ён не прыйдзе на гэтую сустрэчу — абмяркуем праграму без яго. Калі ён прышле сваіх хлопцаў з дубінкамі — мы атрымаем адказ, што будзе далей», — кажа Статкевіч.
Па ягоных словах, усе справаздачы назіральнікаў аб фальсіфікацыі выбараў не так уражваюць міжнародную супольнасць, як народ, які пратэстуе супраць фальсіфікацыі выбараў. «Калі ёсць нейкія паперы — можна яшчэ гуляць у «рэалпалітык». Калі ж людзі выходзяць на вуліцы — ўсялякі «рэалпалітык» заканчваецца. Мяне не цягне ў тую функцыю, якую мне малююць, — ролю вулічнага байца. Але і гэтым даводзіцца займацца», — сказаў Статкевіч.
Да апошняга абмяркоўваліся планы на будучыню
Канешне, узнікла пытанне і пра «Плошчу — 2010». Маўляў, кандыдаты ў прэзідэнты завабілі туды людзей, а потым кінулі іх пад дубінкі АМАПу. «Калі я чую гэта, і тое, што мне трэба «патлумачыцца» за Плошчу — 2010, то я шмат разоў усё патлумачыў у судзе. Калі разважаць па гэтай логіцы, то ў нас уся гісторыя такая: быў такі гетман, Канстанцін Астрожскі, трыццаць тысячаў заманіў супраць васьмідзесяці тысячаў расійскага войска пад Воршай… Там пашанцавала, там выскачылі. Не атрымалася з яго «папа Гапона». А ў Каліноўскага атрымалася — заманіў з шаблямі і косамі супарць самай вялікай арміі свету на той час, і пакінуў, каб парэзалі. Так успрымаецца гэта?» — задае пытанне Статкевіч.
«Людзі ведалі, на што ідуць. Гэта быў шляхетны ўчынак, за які ім ніколі не будзе сорамна. А зараз заднім планам, заднім чыслом з іх робяць нейкіх дурняў. Да ім па барабане было, хто там кандыдат! Яны за сябе выйшлі! Каб сябе паважаць. За свой гонар. Не абражайце свой народ, ягоную лепшую частку гэтымі пытаннямі», — неяк нават раззлаваўся Мікола Віктаравіч.
Анекдот нумар раз
Запрашэнне Лукашэнку на справаздачу — гэта толькі адна задума з планаў «сябраў Статкевіча». Ёсць і іншыя варыянты дзеянняў, якія рэгулярна абмяркоўваюцца. Пра адзін выпадак паведаміў Уладзімір Някляеў.
«Адна з галоўных праблемаў — перацягнуць на свой бок Таццяну Караткевіч і ўгаварыць яе зняцца з выбараў. Тады не будзе дэмакратычнага кандыдата. І мы з Міколам Статкевічам абмяркоўвалі па тэлефоне, што рабіць у выпадку, калі Таццяна не здымецца. Пляжыць яе неяк і не хораша. І падумалі, што тады мы можам заявіць пра падтрымку Цярэшчанкі, які поўны нуль, каб ператварыць гэтыя выбары ў канчатковы фарс, цырк. Мы гэта так пракінулі і забыліся. І што вы думаеце? Назаўтра ж у Цярэшчанкі ўзніклі праблемы са здадзенымі подпісамі, нібыта знайшлі несапраўдныя подпісы, надрукаваныя на прынтары», — распавёў Някляеў.
Някляеў: Караткевіч трэба зняцца з выбараў
«Мы папярэджваем: здымеце Цярэшчанку — падтрымаем Гайдукевіча!» — заявіў Някляеў.
Так што хутка нас чакае безліч сюрпрызаў. Крэатыў у беларускія выбары вяртаецца.