Ярмошына супраць незалежнай праверкі подпісаў
На думку старшыні ЦВК, такая “незалежная” праверка здадзеных прэтэндэнтамі ў прэзідэнты подпісаў правакуе “раздрай” у грамадстве.
Пры жаданні можна звярнуцца да пракурора, каб праверыў, ці няма ў стварэнні такой камісіі перавышэння паўнамоцтваў. Так старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каментуе Еўрарадыё намер шэрагу дэмакратычных структур стварыць незалежную камісію, каб праверыць
сапраўднасць здадзеных за Таццяну Караткевіч подпісаў.
Ярмошына: “Гэта несусветнае глупства і ўвогуле гэта — парушэнне закона. Пры жаданні можна пракурора спытацца, ці няма тут перавышэння якіх паўнамоцтваў. Людзі замахваюцца на
тое, што замацавана Канстытуцыяй — што выбары ў нас у краіне праводзяць выбарчыя камісіі. А тут дэманстратыўна паказваюць: не, ёсць яшчэ нейкія арганізацыі, якія маюць права падмяняць
выбарчыя камісіі. І таму — хай не жартуюць так!”.
Па словах старшыні ЦВК, праца такой камісіі не прывядзе да паразумення ўнутры апазіцыі. Наадварот, сам факт такой праверкі прынясе “раздрай і сумневы ў грамадства — нельга
недаацэньваць палітычную хвалю на пустым месцы, якая можа ўзнікнуць”. Ярмошына ўпэўненая, што трэба не займацца нейкімі праверкамі, а “радавацца таму, што кандыдатаў будзе
больш”. Стварэнне ж такой камісіі старшыня ЦВК лічыць дзеяннем, накіраваным на зрыў выбараў.
“Мне, шчыра кажучы, яе (Таццяну Караткевіч — Еўрарадыё) шкада. Я спадзяюся, што гэтая баба выстаіць і яны яе не затравяць”, — кажа Лідзія Ярмошына.
Нагадаем, ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч здала 107 тысяч подпісаў. Іх праверкай займаюцца выбарчыя камісіі.