У склад участковых выбарчых камісій ад “Права выбару—2015” патрапіла як мінімум шэсць чалавек
Сярод прайшоўшых адпаведны кастынг тры прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), два прадстаўнікі Партыі БНФ і адзін прадстаўнік ГА БНФ “Адраджэньне”.
У склад участковых выбарчых камісій ад кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2015” увайшлі як мінімум шэсць чалавек. Пра гэта сведчаць афіцыйныя звесткі, якія былі
размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама.
Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) увайшлі ў склад участковых выбарчых камісій у Брэсцкай, Віцебскай і Менскай абласцях. Ад Партыі БНФ у камісіі патрапілі актывісты
выключна з Брэсцкай вобласці, ад БНФ “Адраджэньня” — у Гродзенскай вобласці.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару—2015” Дзяніс Садоўскі кажа, што агучаныя Цэнтрвыбаркам звесткі не зусім поўныя.
— На дадзены момант мы аналізуем колькі людзей прайшло ў склад участковых выбарчых камісій шляхам збору подпісаў, бо, як вядома, не ўсе структуры
палітычных арганізацый маюць афіцыйную рэгістрацыю і ў гэтым выпадку людзі вылучаліся ў камісіі шляхам збору подпісаў. Колькасць жа актывістаў, якая прайшла ў камісіі — мінімальная.
Па нашых звестках мы ад суб’ектаў кампаніі назірання вылучалі 374 чалавекі, — кажа Дзяніс Садоўскі.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі ўтвораны 6080 участковых выбарчых камісій. У іх склад увайшло 66 941 чалавек. У складзе ўчастковых выбарчых камісій — 71,5% жанчыны. Толькі 4,4%
грамадзян вылучалася ў камісіі ад палітычных партый.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя,
“Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці,
аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і
аператыўнае рэагаванне на іх.
Паводле прэс-службы кампаніі назірання “Права выбару—2015”