Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ не ацанілі памілаванне палітвязняў
Ад сёння ў краіне афіцыйна працуе місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі. Ейныя кіраўнікі зладзілі прэс-канферэнцыю з нагоды пачатку працы, на якой распавялі пра свае мэты і задачы.
Місію ўзначальвае пасол Жак Фор, яна ўключае зараз 11 экспертаў. Бліжэйшым часам у краіну прыбудуць 36 доўгатэрміновых назіральнікаў. Апроч гэтага, БДІПЧ запросіць і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія будуць праводзіць маніторынг у дзень выбараў.
Як заўважыў Жак Фор, місія пачынае працу толькі сёння. Таму «па-за бортам» пытанняў гэтай місіі засталіся ўжо існуючыя «спрэчныя пытанні» кампаніі. Прынамсі, нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Мандат назіральніцкай структуры зараз прадугледжвае сачэнне за працэсам рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, агітацыйнымі мерапрыемствамі, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных дзяржаўных органаў, выбарчым заканадаўствам і ягоным прымяненнем, а таксама разглядам скаргаў, якія звязаныя з выбарамі.
Але гэта не азначае, што нерэгістрацыю групы Статкевіча не заўважылі зусім. Заўважылі, проста гэтым займалася іншая місія — місія па ацэнцы мэтазгоднасці накіравання ў сінявокую гэтай місіі, — якая працавала ў Беларусі ў ліпені.
Увогуле, вызваленаму Статкевічу журналісты надалі шмат увагі. Сапраўды, ён і палітвязень, і былы магчымы кандыдат на прэзідэнта — як яго абысці? Ды вельмі проста, патлумачыў намеснік кіраўніка місіі Харальд Епсэн. У місіі ёсць мандат. «Па метадалогіі АБСЕ мы будзем назіраць за ўсімі падзеямі, звязанымі з выбарчым працэсам. У той жа час гэта азначае, што сюды мы прыязджаем без якіхсьці перадузятасцяў і заключэнняў. Калі вызвалены Статкевіч нейкім чынам будзе ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, — у якасці даверанай асобы, альбо назіральніка, — то за гэтым, зразумела, мы будзем назіраць», — сказаў спадар Епсэн.
Такім чынам, Лукашэнка неяк рана адпусціў Статкевіча. Ягонае вызваленне, як і вызваленне іншых палітвязняў, не ацэньваецца гэтай місіяй, як нейкае «паляпшэнне выбарчага працэсу».
Тое ж тычыцца выбараў увогуле. Назіральная місія БДІПЧ АБСЕ — і гэта было выразна сказана на прэс-канферэнцыі — будзе адсочваць выбары як працэс. Сярод іншага будуць сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі СМІ. Будзе нават асобны маніторынг асвятлення выбарчай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі. То бок, выбары для БДІПЧ АБСЕ — не дзень галасавання, яны ўключаюць у сябе шмат фактараў.
Нашы ўлады шмат кажуць пра тое, што выбары мы праводзім «не дзеля Захаду, а дзеля сябе», і «галоўнае — гэта выкананне беларускага заканадаўства». На гэта назіральная місія БДІПЧ АБСЕ адказвае, што «місія будзе ажыццяўляць назіранне за выбарамі, каб вызначыць іх адпаведнасць абавязальніцтвам у рамках АБСЕ, іншым міжнародным абавязальніцтвам і стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству». То бок для міжнароднай місіі ў першую чаргу важныя міжнародныя справы, а «нацыянальнае заканадаўства» — гэта ўжо праблема Беларусі. І для іх яно — у трэцім-чацвёртым радку па значнасці.
«Нашая метадалогія працы ўключае ў сябе ўсе дзейсныя для краіны міжнародныя абавязальніцтвы. Пытанне ацэнкі нацыянальнага заканадаўства таксама актуальнае, — як нацыянальнае заканадаўства адпавядае міжнародным абавязальніцтвам. Улічваючы, што Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ, ёсць пэўныя тэксты дакументаў, якія павінны быць імпліментаваныя ў нацыянальнае заканадаўства. Гэта мы таксама будзем адсочваць», — заявіў кіраўнік місіі Жак Фор.
Паабяцалі сябры місіі звярнуць увагу і на магчымы пераслед грамадскіх актывістаў, які здараецца ў час усіх выбараў у Беларусі. Праўда, не ў межах гэтай місіі. Але было падкрэслена, што БДІПЧ АБСЕ створаная не толькі дзеля назірання за выбарамі. У арганізацыі ёсць і іншыя накірункі дзейнасці. Магчымыя арышты актывістаў яны па-за ўвагай не пакінуць.
Пэўна, з такім падыходам да выбараў, — «выбары як працэс», — беларускай уладзе нічога добрага ад назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ чакаць не даводзіцца.
Вынікі дзейнасці місіі мы пабачым не раней, чым выбары скончацца. Папярэдне будзе агучаная прамежкавая справаздача — без высноваў, заключэнняў і каментараў: голыя факты. Заяву аб папярэдніх высновах агучаць на наступны дзень пасля выбараў. А канчатковы даклад з заўвагамі, высновамі і рэкамендацыямі будзе гатовы недзе праз восем тыдняў пасля выбараў.
Так што пакуль проста парадуемся за назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ і павіншуем іх з пачаткам працы. А высновы зробім ужо пасля.