Ярмошына: Думаю, назіральнікі місіі БДІПЧ АБСЕ будуць аб'ектыўныя

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына думае, што прадстаўнікі місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ "будуць аб'ектыўныя" пры ацэнцы прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Пра гэта яна заявіла БелаПАН, каментуючы вынікі сённяшняй сустрэчы з кіраўніком місіі Жакам Форам.



ermoshina4_245.jpg

26 жніўня ЦВК уручыла 11 пасведчанняў міжнародных назіральнікаў прадстаўнікам місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. Чакаецца, што на наступным тыдні ў Беларусь прыбудуць яшчэ 36 назіральнікаў. 


Паводле слоў Ярмошынай, на сустрэчы прадстаўнікі місіі "задавалі арганізацыйныя пытанні доступу да ўсёй інфармацыі, якая ёсць у Цэнтральнай камісіі: да скаргаў, магчымасці ажыццяўлення рэгулярных кантактаў з нашымі супрацоўнікамі". "Гэта былі пытанні эфектыўнай працы місіі. Таксама яны азнаёмілі нас, як яны плануюць працаваць", — сказала кіраўнік ЦВК. 


Ярмошына праінфармавала назіральнікаў місіі пра спробу Мікалая Статкевіча ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і растлумачыла, чаму Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Кіраўнік ЦВК таксама растлумачыла, што нават цяпер, выйшаўшы на волю, Статкевіч не змог бы ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты ў сувязі з наяўнасцю судзімасці. 


Як паведамлялася раней, кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ француз Жак Фор, былы сустаршыня Мінскай групы АБСЕ, сёння ў 15.00 правядзе прэс-канферэнцыю з нагоды афіцыйнага адкрыцця місіі ў Мінску.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН