Юрый Рубцоў: «Калі яшчэ раз пасадзяць — жонка чакаць не будзе»
54-гадовы гамяльчук Юрый Рубцоў быў асуджаны на паўтары гады папраўчай калоніі адкрытага тыпу за абразу суддзі.
Падчас адбыцця пакарання Рубцоў адмаўляўся ад працы праз нізкую аплату, патрабуючы забяспечыць яго заробкам у 600 долараў, які, паводле афіцыйнай статыстыкі, з’яўляўся сярэднім па краіне. У сувязі з гэтым атрымаў новую крымінальную справу, і сёлета ў траўні быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.
У інтэрв’ю журналісту Belsat.eu Яўгену Балінскаму былы палітвязень дзеліцца перажываннямі за будучыню сваёй сям’і, а таксама распавядае, як у 53 гады ўмудрыўся стаць палітвязням, усё жыццё да гэтага прапрацаваўшы кіроўцам.
Канцлагер у цэнтры Еўропы: ці то на волі, ці то ў турме
— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі эмоцыямі.
— Моцных эмоцый няма ад гэтага вызвалення — не было прынята рашэнне аб маёй невінаватасці, хоць ніякай маёй віны ні ў чым няма. Вядома, я рады сустрэчы з сям’ёй, з унукамі, жонкай, з сынам, што магу хадзіць па вуліцы, але па-ранейшаму я адчуваю сябе так, быццам я ў турме.
— Чаму?
— Па-ранейшаму, Беларусь — практычна як адзіны канцлагер. Сёння мне сын сказаў, што ў яго з’явіліся праблемы на працы праз мяне — яму абмежавалі дзейнасць, прама сказаўшы, што праз бацьку. Сказалі яму, маўляў, нам тэлефанавалі з КДБ, і далі такі наказ, каб трошкі дзейнасць майго сына абмежаваць. Ціск працягваецца, і не толькі на мяне. І радавацца тут асабліва няма чаго.
Памілаванне або заключэнне?
— Вельмі цяжкае і неадназначнае пытанне. Вядома, у заключэнні таксама не хочацца быць, гэта зразумела. Сказаць, што я хацеў бы застацца ў зняволенні, я не магу. Але вельмі шкада, вядома, што мяне не апраўдалі.
— Вы плануеце неяк дзейнічаць у справе вашай рэабілітацыі?
— Я буду падаваць у суды і імкнуцца даказаць, што тыя, хто вынес мне гэты прысуд, самі з’яўляюцца злачынцамі. Яны парушылі не адну, а цэлы шэраг артыкулаў крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Асноўнае парушэнне заключаецца ў тым, што прысуд быў заснаваны на здагадках, а не на фактах, што забаронена. Я не адмаўляўся ад працы, а мяне яшчэ і за гэта пакаралі.
— Якога выніку вы чакаеце ад гэтай барацьбы за апраўданне?
— Не ведаю, ці пойдзе ўлада на саступкі. Усе палітвязні стаяць на ўліку, і гэта значыць толькі тое — у кожны момант можна «арганізаваць» нам адміністрацыйнае правапарушэнне — атрымаюць два міліцыянты даручэнні зверху, і скажуць, што я лаяўся матам на вуліцы, вось і будзе правапарушэнне. Тры такія парушэнні — могуць і назад за краты упекчы. І для іх гэта вельмі лёгка зрабіць.
Слугі народа ці гаспадары жыцця?
— Каб стаць на ўлік, трэба сабраць шэраг подпісаў, у тым ліку, з крымінальнага вышуку. Прыйшоў я туды, сустрэлі мяне там не вельмі ветліва — гутарка супрацоўніка пачалася з мата ў мой адрас. Яны прывыклі так размаўляць з людзьмі. Ні ў калоніях, ні ў СІЗА нармальнай мовай са зняволенымі не кантактуюць — мат, крык, торканне. Для іх гэта нармальная практыка. Вось і гэты супрацоўнік не паглядзеў нават, колькі мне гадоў, адразу пачаў матам, маўляў, заходзь хутчэй, ды ты, да тое, ды сёе. Ён на службе, ён чыноўнік, а хто я?
— Як думаеце, навошта вас усіх вызвалілі адначасова?
— У мяне няма адказу. Можа быць улады трэба міжнароднае прызнанне выбараў. Каб міжнародныя назіральнікі прыехалі ў Беларусь, назіралі за выбарамі. Але я заклікаю гэтага не рабіць — навошта глядзець на гэты спектакль пад назвай «выбары». Якія могуць быць выбары, калі на ТБ апазіцыю не ўбачыш? Які сэнс у гэтым удзельнічаць?
— Што вы думаеце пра тое, што ЕС разглядае магчымасць зняць санкцыі з Беларусі ў сувязі з вызваленнем палітвязняў?
— Думаю, гэта фармальнасць. Бо ў ЕС няма такога, каб кіраўнік указваў прадпрымальніку або бізнесоўцу адкрыць нейкае прадпрыемства ў Беларусі, і забараніць таксама не можа — прадпрымальнік сам вырашае, можна гэта рабіць ці не. Бізнесоўцы — разумныя людзі, якія не пойдуць у краіну, дзе не выконваюцца законы. Больш за тое, на Захадзе павінны падумаць, на што рэальна пойдуць магчымыя крэдыты: на паляпшэнне жыцця грамадзянаў краіны або на працягненне агоніі нашай улады? Перш, чым даваць гэтыя крэдыты, яны павінны пра гэта падумаць.
«Пад старасць дайшло, што ўлада паводзіць сябе не па-чалавечы»
— У 52 гады вы сустракалі Новы год на Майдане ў Кіеве, потым сталі «свяціцца» у сваіх майках — чаму раптам пад старасць гадоў вы вырашылі так дзейнічаць?
— Я ўсё жыццё працаваў кіроўцам, і ў мяне была маса такіх выпадкаў, калі я выразна бачыў, што я, дапусцім, рабіў нешта па закону, а ад мяне патрабуюць рабіць не па закону. У мяне ўзнікала шмат спрэчак, не заўсёды дагаджаў начальнікам — напрыклад, калі начальства казала адкрытыя глупствы. Выразную характарыстыку мне далі на судзе: «Працавіты, але дрэнна адклікаецца наконт палітыкі і эканомікі краіны». Вось гэта ўсё. Калі ўвялі гэтыя працоўныя кантракты, я зразумеў, што з дапамогай ТБ і радыё ўвесь народ падманулі — пад пагрозай звальнення нас прымушаюць падпісваць гэтыя рабскія дамовы. Але гэта мала хто ўсведамляе. І толькі пад старасць да мяне дайшло, што ўлада паводзіць сябе не па-чалавечы. Кажуць адно — робяць іншае. Эканоміку арыентавалі на Расію, і ўсё.
Юрый Рубцоў з жонкай Ядзвігай
— Як вашая сям’я рэагуе на тое, што галава сям’і, прапрацаваўшы ўсё жыццё кіроўцам, раптам стаў палітвязням?
— Сын мной ганарыцца. Старэйшаму ўнуку таксама патлумачылі, што я не злачынца. Літаральна некалькі хвілін таму назад мая жонка мне сказала, маўляў, калі цябе яшчэ раз пасадзяць, я цябе чакаць не буду, і я яе разумею. Я не маю права пакідаць яе без шчасця. Дарэчы, вось гэта тое, чым і гуляе ўлада — ім на руку разлады ў такіх сем’ях, яны ціснуць на майго сына, якому я ўжо як перашкода. Зараз я не магу нідзе ўладкавацца на працу, але жыць жа мне трэба? На адну пенсію жонкі не пражывеш. А трэба і ўнукам нешта купіць, і кудысьці з імі пайсці, я ж дзед. Пакуль я не ведаю, што буду рабіць далей.
— У студзені мінулага года, калі вас звольнілі за вашыя майкі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!», вы сказалі, што знойдзеце новую працу і будзеце хадзіць на яе ў сваіх майках. Можаце зараз сказаць тое ж самае?
— Мяне ўжо не тое што ў майцы, а ўжо чыста па твары пазнаюць, і не бяруць на працу. Мне ўжо нават майкі для гэтага не патрэбныя. Ды і маек гэтых мне да гэтага часу не вярнулі — забралі і не аддалі.