Папа Францыск асабіста хадайнічаў аб вызваленні беларускіх палітзняволеных

Дзяржаўны сакратар папы рымскага Францыска кардынал П'етра Паралін 25 жніўня даў аўдыенцыю намесніку міністра замежных спраў Беларусі Алене Купчыной.



papa_francisk_245.jpg

Як вынікае з паведамлення Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, размешчанага на сайце catholic.by, падчас гутаркі абмяркоўвалася рашэнне прэзідэнта "аб вызваленні некаторых зняволеных як гуманітарны акт у адказ на просьбы, скіраваныя з боку краін ЕС, ЗША і рымскага пантыфіка". 


Апостальская нунцыятура таксама адзначае, што папа Францыск асабіста хадайнічаў пра вызваленне. 


22 жніўня Аляксандр Лукашэнка, "зыходзячы з прынцыпаў гуманізму", падпісаў закрыты ўказ аб памілаванні шасцярых палітзняволеных — Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова. 


У пачатку ліпеня з'явілася інфармацыя пра магчымы візіт у Ватыкан Аляксандра Лукашэнкі — пра гэта ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" паведаміў былы міністр замежных спраў Славакіі, палітычны аналітык Павел Дземеш. Ён таксама прагназаваў, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць Мікалая Статкевіча. "Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да папы рымскага ў верасні гэтага года ці адразу пасля яе", — гаварыў былы кіраўнік МЗС Славакіі. 


Пра гатоўнасць Ватыкана прыняць прэзідэнта Беларусі заяўляў П'етра Паралін падчас візіту ў Мінск у сакавіку гэтага года. Паводле слоў кардынала, магчымасць арганізацыі такога візіту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі дзяржорганаў Беларусі. "З боку Святога прастолу ёсць гатоўнасць для такога візіту. Чакаецца толькі рашэнне беларускага кіраўніцтва пра запытванне сустрэчы, удакладненне даты візіту", — сказаў тады Паралін на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 


Афіцыйнага пацвярджэння інфармацыі пра магчымы візіт Лукашэнкі ў Ватыкан пакуль няма. 
Алена Германовіч, БелаПАН