Мікалай Статкевіч: Улады павінны адматаць выбарчую кампанію назад

Улады сфабрыкавалі спіс кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ да пачатку прэзідэнцкай гонкі, таму павінны распачаць выбарчую кампанію нанова, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які вызваліўся 22 жніўня на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні.



statkevich_online_2_245.jpg

Паводле слоў Статкевіча, ён і некаторыя лідары дэмсіл сыходзяцца ў меркаванні, што ўлады "ўсімі даступнымі сродкамі сфабрыкавалі выбарчы спіс". "Яны дадалі частку кандыдатаў, якія не сабралі подпісы, яны не дазволілі з`явіцца адзінаму кандыдату праз сваю агентурную сетку, выкарыстоўваючы натуральныя амбіцыі палітыкаў. Урэшце, выкарыстоўваючы свае дыпламатычныя каналы, яны перашкодзілі фінансаванню, рэсурснай падтрымцы магчымых сапраўды апазіцыйных кандыдатаў", — лічыць былы палітвязень. 


Такім чынам, на яго думку, улады самі паказалі, што "выбараў няма", і грамадства на гэта "адрэагавала апатыяй". 


"Наша агульная пазіцыя: выбары нельга лічыць легітымнымі яшчэ да іх пачатку, — падкрэсліў Статкевіч. — Мы павінны патрабаваць таго, каб улады адкруцілі выбарчую кампанію назад, каб выбарчы працэс пачаўся з пачатку, з рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў. Не буду разважаць наконт рэальнасці выканання гэтага патрабавання, але за гэта мы будзем змагацца. Магчыма, мы скажам грамадству, што выбараў няма і хадзіць на іх няма сэнсу, але трэба, пакуль яшчэ не прайшла гэтая кампанія, пакуль не адбылося тое, што плануецца, публічна, галосна патрабаваць адмены рэгістрацыі кандыдатаў і пачатку выбарчага працэсу". 


Сам Статкевіч мае намер дамагацца свайго аднаўлення ў грамадзянскіх і палітычных правах, каб удзельнічаць у запушчанай нанова прэзідэнцкай кампаніі, калі такое здарыцца. Ён перакананы, што мае права на ўдзел, бо "не ўчыніў ніякага злачынства". 


"За мной людзі, у мяне ёсць немалы рэйтынг, мяне падтрымала досыць вялікая ініцыятыўная група. Я ведаю, як і мае калегі, як вывесці Беларусь з крызісу. Я патрабую рэалізацыі свайго права і права тых людзей, якія мяне вылучалі. Я буду змагацца за гэтае сваё права, выкарыстоўваючы ўсе даступныя, легальныя з пункта гледжання міжнароднага заканадаўства сродкі, а не беларускіх незразумелых законаў, сваё неад`емнае права", — сказаў вызвалены палітык.

 
У ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча ўваходзілі больш за 1.700 чалавек. Ідэю вылучыць палітзняволенага кандыдатам у прэзідэнты падтрымалі прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", а таксама Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб`яднанай грамадзянскай партыі, міжнароднага аб`яднання "Малады фронт" (Чэхія), руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" і руху салідарнасці "Разам". 


Прадстаўнікі ЦВК з самага пачатку заяўлялі, што ў ініцыятыўнай групы Статкевіча няма шансаў прайсці рэгістрацыю, бо ў адпаведнасці з артыкулам 60 Выбарчага кодэкса "кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН