У Мінску БНФ вылучыў прадстаўнікоў у 62 участковыя камісіі
23 жніўня завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камсіяў. У Мінску Партыя БНФ і Грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне" вылучылі сваіх прадстаўнікоў у 62 участковыя выбарчыя камісіі.
Склад участковых выбарчых камісіяў у сталіцы павінны быць сфармаваны ў перыяд ад 24 па 26 жніўня рашэннямі адміністрацыяў раёнаў.
Як паведамляе Мінская гарадская арганізацыя Партыі БНФ, прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту накіраваныя ва ўчастковыя камісіі ва ўсіх раёнах Мінску. На падставе часткі 5 артыкула 34 Выбарчага кодэкса, прадстаўнікі сталічнай арганізацыі Партыі БНФ таксама будуць прысутнічаць на пасяджэннях раённых адміністрацыяў па фармаванні ўчастковых камісіяў.
Як адзначае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, вылучэнне ва ўчастковыя камісіі здзяйсняецца ў супрацы з міжпартыйнай кампаніяй назірання "Права выбару", якая плануе супольна накіраваць 500 прадстаўнікоў партыяў і грамадскіх аб'яднанняў у склад участковых камісіяў:
"Мы накіроўваем сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камсіі ў Мінску і ва ўсіх абласцях краіны, а таксама ў замежжы дзеля кантролю за выбарчым працэсам і каб перашкодзіць незаконным маніпуляцыям у часе арганізацыі галасавання. Таксама статус сябры камісіі дае шмат магчымасцяў для таго, каб забяспечыць належны падлік галасоў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Агулам па краіне, я мяркую, ад БНФ будзе вылучана ў камісіі да двухсот чалавек, але канчатковыя лічбы будуць вядомыя ад рэгіянальных структураў нашай партыі цягам гэтага тыдня. На тыя ўчасткі, дзе нашых прадстаўнікоў не ўключаць у склад участковай камісіі, мы ў супрацы з нашымі партнёрамі па кампаніі "Права выбару" накіруем нашых назіральнікаў" – сказаў Аляксей Янукевіч.
Сярод прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту, якія вылучаныя ў склад камісіяў, ёсць шмат кваліфікаваных асобаў, якія маюць багаты досвед удзелу выбарчых кампаніях: ад былых кандыдатаў у прэзідэнты (Алесь Міхалевіч вылучаны ў выбарчую камісію на замежным участку, што створаны ў Чэхіі) да былых дэпутатаў парламенту і былых дэпутатаў Мінскага гарадскога савета. Таксама сярод вылучэнцаў у камісіі ёсць і новыя асобы, якія заявілі пра жаданне быць вылучаным у склад участковых камісій на вулічных пікетах, што ладзіліся Партыяй БНФ у межах бягучай выбарчай кампаніі.
Паводле прэсавай службы Партыі БНФ