Свае сілы супраць чужых тэхналогій
У краінах з развітой сферай публічнай палітыкі рэдкія выбары абыходзяцца без прымянення паліттэхналогій. Іх інструменты і метады дазваляюць перакласці лакальныя, індывідуальныя мэты палітыка на мову агульнадзяржаўных задач, знайсці сімпатыі ў выбарцаў, дарогу да свядомага і падсвядомага грамадзян. Але ў Беларусі публічнай палітыкі няма. Ці, калі быць дакладным, ёсць публічная палітыка адной фігуры.
У краінах з развітой сферай публічнай палітыкі рэдкія выбары абыходзяцца без прымянення паліттэхналогій. Іх інструменты і метады дазваляюць перакласці лакальныя, індывідуальныя мэты
палітыка на мову агульнадзяржаўных задач, знайсці сімпатыі ў выбарцаў, дарогу да свядомага і падсвядомага грамадзян. Але ў Беларусі публічнай палітыкі няма. Ці, калі быць дакладным, ёсць публічная
палітыка адной фігуры.
У час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі метады, якімі карыстаюцца палітыкі, выклікаюць цікаўнасць і ўвагу. Паспрабуем разабрацца, ці выкарыстоўваюцца патэнцыйнымі кандыдатамі адмысловыя стратэгіі і
тактыкі, або ўсё пускаецца на самацёк, і камунікацыі ладзяцца па прынцыпу «як Бог на душу пакладзе».
Бягучая электаральная кампанія багатая на кандыдатаў. Але ці не палова з іх — людзі далёкія ад палітычнага працэсу. Адпаведна, шукаць там прафесійныя прыёмы і тэхналогіі —
марнаванне часу. Ды і сярод быццам бы сталых палітыкаў праца ў сферы піяру, стварэння пазнавальнага вобразу больш падобная на гульні ў пясочніцы, чым сур’ёзную дзейнасць.
У якасці эталону ўзгадаем паспяховую кампанію дзейснага прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Яго каманда спрацавала на павевах часу і сучасных тэхналогіях. І не навобмацак, а з сур’ёзным разлікам і
паслядоўнасцю. Цікава, што на вынік Абамы працавала каманда рэкламістаў, людзі, якія працуюць у сферы камунікацый, паказалі, што іх досвед і веды можна прымяняць у любой сферы, а не толькі ў продажы
мыйных сродкаў, абутку, кавы. Персаналізацыя кандыдата, яго набліжэнне да кожнага грамадзяніна і асабісты ўнёсак у перамогу — вось кіты, на якіх стаяла кампанія. Эфектыўным інструментам
камунікацыі стаў інтэрнэт. Апроч таго, быў створаны грамадскі фонд дапамогі Бараку Абаму, праз які атрымалася сабраць сотні тысяч долараў на кампанію.
У Беларусі няма сярэдняга класу, і, адпаведна, далёка не кожны гатовы ахвяраваць на дзейнасць палітыкаў, тым больш, што яны ў СМІ (апроч Аляксандра Лукашэнкі, натуральна) выстаўляюцца як хцівыя людзі
і дармаеды. Але ніхто з кандыдатаў нават не паспрабаваў выкарыстаць такі прыём. Хаця зразумела, што калі чалавек ахвяруе нават адну тысячу рублёў кандыдату N, то наўрад ці ён пасля ад гэтага
кандыдата адмовіцца.
Што тычыцца выкарыстання сацыяльных сетак, то першыя асцярожныя крокі спрабуе рабіць лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. Фэйсбук, Твіттэр, ВКонтакце — там
можна знайсці старонкі патэнцыйнага кандыдата, прачытаць апошнія навіны «з палёў». Яго кампанія вытрыманая ў агульнай стылістыцы, ідзе апеляцыя да папулярных на постсавецкай
прасторы сацыяльных ідэй, плюс дапаўняецца скандальнымі вобразамі — то забітага коціка, то «Міс грудзі Беларусі». Але зваротных актыўных дзеянняў не так многа, хаця ў
сталіцы інтэрнэтам карыстаецца ці не ўся моладзь, а гэтак жа і сталыя асобы з ліку офісных работнікаў, кіраўнікоў.
Таксама свае старонкі ў сацыяльных сетках маюць іншыя кандыдаты ад апазіцыі, але там жыццё хіба што толькі цепліцца.
Прывесці кампанію агульнага назоўніка спрабуе і Яраслаў Раманчук, як у знешнім афармленні, так і ў сваім напаўненні. Але бракуе яркасці. Кандыдат ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў хіба што скарае сваёй
непасрэднасцю і прастатой душэўнай. На пытанне, хто займаецца яго іміджам і ці будуць кансультацыі з паліттэхнолагамі, спадар Рыгор акінуў залю, дзе былі людзі з моладзі БНФ, і запэўніў, што партыя
абыдзецца сваімі сіламі. Але ні яркага запамінальнага вобразу, ні талковага прэс-сакратара (што не апошні фактар для добрай прэзідэнцкай кампаніі) «свае сілы» Рыгору Кастусёву так і
не знайшлі. Увогуле, апазіцыя запамінальная тым, што цэласныя вобразы ў ёй — справа рэдкая. Прычыны і ў напаўмаргінальным стане, і ў гадах пазасістэмнага існавання (ад 1996 года), і ў
адносінах палітыкаў да справы, якую яны робяць.
Дзейсны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад асноў свайго вобразу «бацькі» беларусаў не адыходзіць. Застаюцца актуальнымі выказванні пра гаспадарлівасць, надзейнасць і ворага.
Толькі раней выкрываў злодзея Шушкевіча з цвікамі, цяпер расійскае кіраўніцтва, што здрадзіла славянскаму сяброўству. У арсенале застаецца і сацыяльны інструментарый: заробкі бюджэтнікам, пенсіі. Але
пры гэтым не ўлічваецца, што час змяняецца, а разам з ім — і патрабаванні. Падобна, што гэты фактар застаецца па-за ўвагай тэхнолагаў Лукашэнкі, а сама кампанія спускаецца на падкантрольны
самацёк: нічога экстраардынарнага не здзяйсняецца, але не значыць, што надышла анархія. Стратэгія маскі ліберала.
Палітолаг Уладзімір Мацкевіч гаворыць, што тэхналогіі ўваходзілі ў палітычны працэс Беларусі марудна. «У гэтых выбарах кампанія Уладзіміра Някляева цалкам пабудаваная на паліттэхналогіях.
Самой палітыкі там значна менш. Праглядаецца ўплыў тэхналогій у Яраслава Раманчука, Андрэя Саннікава. Трэба разумець, што роля паліттэхнолагаў абмежаваная і амбівалентная. Раскрутка кампаніі
«Гавары праўду!» і Някляева цягам гэтага года паказалі эфектыўнасць тэхналогій. Але адсутнасць палітычнага працэсу немагчыма выправіць нават самымі дасканалымі, крэатыўнымі
тэхналогіямі. То бок паліттэхналогіі — гэта толькі дадатковы інструмент, замяніць кандыдатаў, партыі, палітыку яны не могуць».
Адначасова Уладзімір Мацкевіч апелюе да праблем, якія можа прынесці неабачлівае выкарыстанне паслуг чужых паліттэхнолагаў. «Яшчэ ў 2002 годзе я меў магчымасць сутыкнуцца з маскоўскімі
паліттэхнолагамі, якія працавалі на парламенцкіх выбарах ва Украіне. І пабачыў агідныя бакі гэтай дзейнасці — не толькі пазітыў, поспех, але і маніпуляцыі. Тады я і мае калегі далі сабе
слова не дапускаць чужых паліттэхнолагаў у нашу краіну, калі мы можам гэта зрабіць самі. Маскоўскія паліттэхнолагі шырока карыстаюцца «чорным» піярам, злоўжываюць чалавечымі
недахопамі, слабасцямі. Мяркую, што гэта звязана са станам расійскай палітыкі, калі грошы і адміністрацыйны рэсурс улады цалкам забіваюць грамадскую думку. Палітыка робіцца не сацыяльнымі групамі,
партыямі, а групоўкамі напаўкрымінальнага характару, якія цалкам засяроджаныя на сваіх эгаістычных мэтах і імітуюць палітычны працэс. Гэтаму можа супрацьстаяць толькі развіццё сацыяльных
інстытутаў», — гаворыць Мацкевіч.
Эксперт з задавальненнем зазначае, што беларускае грамадства хоць і не ў поўнай меры, але здольнае змагацца з хібамі палітычных гульняў. «Я думаю, што наша грамадства больш цывілізаванае,
чым у Расіі, і нават калі б нехта захацеў скарыстацца брыдкімі тэхналогіямі была б адпаведная рэакцыя на гэта. Мне падабаецца, як наша супольнасць успрымае расійскія тэхналогіі — з
асцярогай, недаверліва, імкнецца сачыць, каб кампанія «Гавары праўду!» цалкам не скацілася ў маніпуляванне», — зазначае эксперт.