Што можа стаяць за інтэрв’ю паліттэхнолага Шклярава?
Першае пасля вызвалення з СІЗА КДБ інтэрв'ю паліттэхнолага Віталя Шклярава адразу ж пасля завяршэння эфіру на «Эхе Москвы» выклікала шквал крытыкі. У першую чаргу, з-за ўхвальных характарыстык на адрас Лукашэнкі, якога нядаўні сядзелец называе «моцным», «крутым», «неверагодна разумным».
Паспрабуем без лішніх эмоцый разабраць найбольш спрэчныя фрагменты інтэрв’ю, а таксама адказаць на пытанне, што можа стаяць за яго публікацыяй.
Што кідаецца ў вочы ў першую чаргу. У словах Шклярова прыкметныя лагічныя супярэчнасці, недасказанасць. Ён распавядае пра турму, як пра жахлівае месца, якое не змянілася з савецкіх часоў. У якой сядзяць людзі, што атрымалі неадэкватныя зробленаму тэрміны.
Пры гэтым Лукашэнка — гэта неверагодна разумны, круты чалавек, які , усё выдатна разумее, любіць Беларусь, як і ўсе мы. Нібы, не дзякуючы яму турмы і праз больш за чвэрць стагоддзя ўсё яшчэ нагадваюць ГУЛАГ, і ў іх сядзяць людзі, якія, «як і ён», любяць краіну.
Шкляраў нібы не заўважае, наколькі абсурдна гучаць словы пра трапяткую бацькаўскую любоў чалавека, які прывёз у СІЗА сына-падлетка і вымусіў яго пяць гадзін слухаць гутаркі з палітвязнямі.
Ёсць у інтэрв’ю і моманты, дзе Шкляраў выразна дае зразумець, у якой сітуацыі ён апынуўся: «справа не закрытая», «я да гэтага часу на кручку», «не магу сустрэцца з бацькамі», «маці моцна хворая». Усё гэта моцна нагадвае класіку: «Міргніце, калі вас ўзялі ў закладнікі».
Васкрасенскі 2.0?
Адно з галоўных уражанняў, якое пакідае інтэрв’ю з Віталём Шкляравым, — улады спрабуюць раскруціць новы перамоўны праект.
Узяць хаця б фінальныя словы, якія можна расцэньваць, як паўнавартасную заяўку на дыялог з рэжымам: «Трэба не думаць пра прабачэнне адзін аднаго, умоўна кажучы, улады і апазіцыі. А думаць пра разуменне адзін аднаго. І ў гэтым сэнсе няма іншага шляху, чым працягваць руку адзін аднаму. Бо мы ўсе любім Беларусь, толькі хіба што пакуль не знайшлі агульную мову».
Дарэчы, пра гэта ўжо пішуць эксперты. Напрыклад, палітолаг Павел Усаў: «Афармленне патрэбнага поля для “перамоўнай пляцоўкі Лукашэнкі” працягваецца. Як працягваецца і стварэнне пазітыўнага іміджу самога дыктатара».
Трохі канспіралогіі
Цікавае супадзенне. Днямі ў расійскай «Новой газете» было апублікаванае інтэрв’ю з адвакатам Шклярава Антонам Гашынскім, у якім той таксама кампліментарна выказаўся пра Лукашэнку:
«— А вы самі расчараваліся ў Лукашэнку? Усё ж такі значную частку жыцця вы правялі пры яго рэжыме.
— Я вам скажу пра тыя факты, якія сам ведаю. Лукашэнка на сёння, мабыць, адзіны чалавек, хто можа захаваць незалежнасць Беларусі. Гэта чалавек, які практычна ў адзіночку будаваў гэтую незалежнасць. У тым ліку і ад Расіі, і ад Захаду. І змог гэта зрабіць, хоць заўсёды знаходзіўся пад пастаянным ціскам. (…)
Адназначна Лукашэнку трэба паважаць за тое, што ён зрабіў. Так, ніхто не кажа, што ён добры эканаміст, але Лукашэнка — праніклівы палітык. Пры гэтым відавочна, што метады, якія ён выкарыстоўвае для абароны ўлады і захавання стабільнасці, у сучасным свеце недапушчальныя.
Але трэба разумець, што не толькі Лукашэнка прымае падобныя рашэнні. Мы яшчэ будзем пажынаць плён таго, што цяпер у яго асяроддзі касцяк складаюць сілавікі».
Сёння, пасля слоў Шклярава, тое інтэрв’ю адваката выглядае своеасаблівай артпадрыхтоўкай. Не выключана, што ў бліжэйшы час мы станем сведкамі нараджэння праекта «Васкрасенскі 2.0».