Саша Філіпенка: тут сёй-той засумняваўся ў шчырасці нашага прэзідэнта... Такім людзям павінна быць сорамна

Вядомы беларускі пісьменнік вырашыў патроліць свайго знакамітага цёзку.

20200906_sasha_post.jpg

«Тут сёй-той засумняваўся ў шчырасці нашага прэзідэнта... — напісаў Саша Філіпенка ў сябе ў фэйсбуку. —Многія дазволілі сабе не верыць, што ён хоча пераменаў у Беларусі. Такім людзям павінна быць сорамна, бо толькі за апошнія два тыдні для пераўтварэння Рэспублікі зроблена крытычна шмат!

Арыштаваны чалавек, які, не ўмеючы граць на гітары, граў на гітары апазіцыйныя песні (устаноўлена судом). Выразаныя з-пад лёду амаль усе бел-чырвона-белыя сцягі. Абясшкоджаная жанчына, якая праводзіла адзіночны пікет у сябе на балконе. З двароў скрадзеныя ўсе (ну амаль) елкі, у якіх пераважалі белыя колеры. У Смалявічах затрыманыя злосныя адзінаццацікласнікі. На Маршы мудрасці абясшкоджаныя восемдзесят пенсіянераў. З дрэва зняты бел-чырвона-белы цэлафанавы пакет (гэта, упэўнены, пераломнае). Вычысленая лоджыя, на якой дэманстратыўна захоўваецца белая скрынка ад плазменнага тэлевізара з чырвонай (!!!) паласой.

У беларусаў выпрацаваўся імунітэт (пакуль, праўда, толькі да светлашумавых гранатаў, ну так, бо і лідар усяго дваццаць шэсць гадоў ва ўладзе). І ўсе гэтыя поспехі менш, чым за месяц! Увогуле, рэформы відавочныя, а вы ўсё кажаце, што прэзідэнт нічога не робіць».