Тацяна Караткевіч: Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам

Актывістка руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч — адна з кандыдатак на абранне адзіным кандыдатам для прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году. Тацяна Караткевіч паведаміла Свабодзе пра свой магчымы ўдзел у выбарах у якасці кандыдата на прэзідэнта.



karatkievicz1.jpg

— Ці праўда тое, што вас вылучылі кандыдатам на ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і вы ўжо далі сваю згоду?
— Сёння ідуць перамовы пра тое, каб быў адзіны кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму». І цяпер у гэты спіс уваходжу не толькі я, але і Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў. Гэта спіс прэтэндэнтаў, кожны з якіх можа стаць адзіным кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму». І самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся, — каб здолелі дамовіцца і захаваць наша адзінства, якое дапамагала нам супрацоўнічаць усе гэтыя два гады, і сабраць больш за сто тысяч подпісаў за «Народны рэфэрэндум». Тэхнічна гэта адбываецца так, што лідэры «Народнага рэфэрэндуму» праз перамовы прымаюць такое рашэнне аб адзіным кандыдаце. А чальцамі «Народнага рэфэрэндуму» ёсць рух «За свабоду», Партыя БНФ, «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам.
— Калі можа быць прынятае такое рашэнне?
— Магчыма, што і хутка, а магчыма, што і крыху зацягнецца гэтае рашэнне, каб усе ўдзельнікі маглі абмеркаваць стратэгію Народнага рэфэрэндуму. Калі гэта можа быць — сказаць не магу. Бо я адказны чалавек і не магу гэткім чынам падводзіць палітычных лідэраў. Але яны працуюць вельмі шчыльна, і цяпер вельмі актыўны перыяд гэтых перамоваў.
— Калі гэтым кандыдатам стане іншая асоба, ці гатовыя вы вылучыць сябе, да прыкладу, ад кампаніі «Гавары праўду» ці «Грамады»?
— Я два гады ў «Народным рэфэрэндуме». Наша мэта — адзіны кандыдат, і іншых варыянтаў мы не разглядаем.
— У нашым грамадстве даволі перадузятае стаўленне да жанчын-лідэраў. Як вам падаецца, ці сапраўды рэальна, што палітыкі выберуць адзіным кандыдатам жанчыну?
— Я лічу, што размова вядзецца не пра тое, хто, а пра тое, як. У нас ёсць стратэгія «Народнага рэфэрэндуму», якая нагадвае пра пэўныя крокі, якія неабходна зрабіць для дасягнення мірных пераменаў. І любы кандыдат на прэзідэнцкія выбары ад «Народнага рэфэрэндуму» будзе прэзэнтаваць сабой не проста кааліцыю, а сто тысяч чалавек. І ці будзе гэта жанчына, ці мужчына — гэта ўжо не важна.
— Ці ў вас ёсць гэтае бачанне — як?
— Так, вядома. Мы будзем дамагацца правядзення народнага рэфэрэндуму. Ён мае прайсці паводле шасці асноўных пытанняў, вырашэнне якіх прывядзе да пераменаў. Гэта пытанні адукацыі, мэдыцыны і іншыя.
— У грамадcтве і нават сярод палітыкаў пашыраная думка, што мала сэнсу ў палітычных выбарчых кампаніях, бо іх вынікі вядомыя загадзя. Што вы пра гэта скажаце?
— Так, хачу нагадаць, што падчас мінулых выбараў ніводзін з кандыдатаў ад апазіцыі не выйграў. Але я лічу, што ў кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму» ёсць больш шанцаў на перамогу.
— Ці не пабаіцеся вы ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата на прэзідэнты? Бо раней многія з такіх кандыдатаў станавіліся палітзняволенымі.
— Я пакуль не кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму». А калі ім стану, то тады адкажу на ваша пытанне.
svaboda.org