У каго «савецкая ментальнасць»?

Вельмі цікава, як кіраўніцтва краіны ўспрымае сваіх грамадзян. Тое, што «наверсе» бачыцца клопатам, насамрэч — кантроль пад выглядам клопату.

narod_1_logo_1.gif

Я заўсёды злуюся, калі кажуць пра «ментальнасць». І адразу адказваю, што слова «ментальнасць» утворана ад вульгарызму «мент». Гэтую маю думку днямі пацвердзіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Яго інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» разарвалі на цытаты. І, падобна, найгоршае ў ім — што чыноўнік такога рангу заяўляе: «Доўгі час мы жылі ў Савецкім Саюзе, у савецкую эпоху. Шмат у каго ў нашай краіне ўсё яшчэ захоўваецца савецкая ментальнасць (…) Нашы людзі прывыклі жыць ва ўмовах, калі дзяржава клапоціцца пра іх. Яны заўсёды ведалі, што могуць разлічваць на дзяржаву. Гэтая ментальнасць усё яшчэ ўплывае на сітуацыю ў нашай краіне».

Вось у гэтым і выяўляецца «ментальнасць» ад слова «мент», — калі «людзі прывыклі жыць ва ўмовах, калі дзяржава клапоціцца пра іх». Пры гэтым не канкрэтызуецца, што ж такое гэты «клопат дзяржавы».

Можа, «бясплатная медыцына» з аграмаднымі чэргамі ў паліклініках? Дзіцячыя садкі, дзе бацькі не могуць дамагчыся беларускамоўных групаў? «Бясплатная адукацыя», калі трэба плаціць за карыстанне падручнікамі ў школах? Альбо адпрацаваць два гады па размеркаванні, кампенсуючы «бясплатную вышэйшую адукацыю»?

А можа, у дэкрэце пра дармаедаў — як мінулым, так і абноўленым? У падвышэнні пенсійнага ўзросту?

Тое, што міністр разумее пад «клопатам дзяржавы», — насамрэч не клопат. Гэта кантроль. Дзяржава імкнецца менавіта кантраляваць жыццё грамадства і грамадзян. І яна ўсімі магчымымі сродкамі прадукуе «савецкую ментальнасць», калі кантроль быў хіба не асноўнай часткай сістэмы.

Чаму ўзнікла размеркаванне? Не з-за клопату пра «гарантаванае першае працоўнае месца». Было багата выпадкаў, калі студэнты самастойна знаходзілі працоўныя месцы і прыносілі заяўкі на працаўладкаванне, — а іх размяркоўвалі зусім у іншыя месцы (мы пра гэта шмат пісалі ў рубрыцы «Я працую па размеркаванні»).

З чаго ўзнік дэкрэт пра дармаедаў? З імкнення кантраляваць працоўную сілу. З таго ж шэрагу — кароткатэрміновыя працоўныя кантракты на дзяржпрадпрыемствах: каб чалавека было лёгка шантажаваць звальненнем.

643533_653367.jpg


Гэта і ёсць «савецкая ментальнасць» ад слова «мент». Тое, што «наверсе» бачыцца клопатам, насамрэч — кантроль пад выглядам клопату.

З усяго афіцыёзу нам кажуць: гэта Лукашэнка выплачвае пенсіі і заробкі — хай невялічкія, але рэгулярна. Гэта дзяржава клапоціцца пра мацярынства і дзяцінства, гэта дзякуючы ўладзе ў нас ёсць школы і бальніцы. І зразумела, чаму нам навязваецца такі пункт гледжання. Так насельніцтва прасцей кантраляваць. Так дзяржчыноўнікі апраўдваюць сваё існаванне, сваю важнасць і патрэбнасць.

Каб мы не думалі, што можа (і павінна) быць лепш. Каб задаволіліся тым малым, што маем. «Савецкую ментальнасць» нам насаджваюць ці не гвалтоўна ўжо больш за чвэрць стагоддзя пасля скону СССР. Каб усе былі аднолькавыя і паслухмяныя. Каб не «жадалі дзіўнага», не высоўваліся і не патрабавалі лепшага, іншага, не турбавалі ўлады, якім і так утульна.

У прынцыпе, я разумею, чаму Макей кажа пра «савецкую ментальнасць» і «клопат дзяржавы». Ён шчыра верыць у такі малюнак свету, які абумоўлены яго бачаннем — бачаннем з вакна службовага лімузіна. Ён упэўнены, што і яго праца — гэта клопат пра людзей, якія нібыта загразлі ў «савецкай ментальнасці».

Каб змяніць гэты пункт гледжання, яму трэба выйсці са сваёй «зоны камфорту». Трэба апрануць драныя джынсы, швэдар і выправіцца на Камароўскі рынак альбо на рынак у Ждановічах. Стаць з куфлем піва ля чабурэчнай альбо шаўрмы. І паслухаць, што кажуць людзі.

Менавіта там яго чакае сюрпрыз: ён зможа пабачыць, што ніякай «савецкай ментальнасці» ў беларусаў не засталося. Што людзі на дзяржаву ўжо даўно не разлічваюць. Што ўвесь той «клопат дзяржавы» — не тое што бескарысны, а нават шкодны. Што людзі гэткага клопату наеліся па самае не магу і гатовыя яго змяніць на што заўгодна.

Але як потым працаваць з гэтым веданнем? Хіба што сыходзіць у адстаўку.

І яшчэ адна думка, выказаная спадаром Макеем: «На мой погляд, і гэта не толькі маё меркаванне, забяспечыць поўную рэалізацыю правоў чалавека можна толькі ў эканамічна развітым грамадстве, якое дасягнула пэўнага ўзроўню эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця». Так міністр замежных спраў апраўдвае і нашу «стабільнасць», і (ускосна) рэпрэсіі іншадумцаў.

Насамрэч, гэта старая спрэчка пачатку 1990-х гадоў: «Што важней: мова ці кілбаса?» Грамадзянскія свабоды ці эканамічны дабрабыт? Правы чалавека ці заможнае грамадства?

На пытанне адказала сама постсавецкая гісторыя Беларусі. Высветлілася, што эканамічны дабрабыт немагчымы без эканамічных правоў, а эканамічныя правы — складнік правоў грамадзянскіх. Фігуральна — «будзе мова, будзе і кілбаса». Забяспечыць эканамічна развітае грамадства можна толькі пры рэалізацыі правоў чалавека.

А для гэтага трэба найперш адмовіцца ад усялякіх думак пра «савецкую ментальнасць».