Дармаедскі дэкрэт: Сяродка на палову

Як мінімум да студзеня бюракраты працаю забяспечаныя. І хоць у чымсьці выкананы будзе абяцанак па стварэнні новых працоўных месцаў — для сваіх, для абраных. Ці можна назваць гэтыя працоўныя месцы высокатэхналагічнымі? Высокай дададзенай вартасці ад іх дакладна не дачакаешся

30120495_1624822470947246_66397508_n.jpg


Сяродка на палову

Пра рэалізацыю норм абноўленага дармаедскага дэкрэта распавёў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч. Па-першае, чыноўнікі вызначыліся са сваімі калегамі, якія павінны засядаць у камісіях па ўтрыманцах. Па-другое, вышэйзгаданы спіс «лайдакоў» павінны стварыць у выглядзе базы дадзеных, якая будзе абнаўляцца штоквартальна. Па-трэцяе, збольшага вызначана, за што будуць плаціць «дармаеды» па поўным кошце.
І тым не менш, пастановы ўрада выклікаюць значна больш пытанняў, чым адказаў. Падаецца, з якога боку гэтыя дакументы не паварочвай — і так кепска, і так не хораша.
Нагадаем, што, згодна першай рэдакцыі дэкрэта ўлады вызначалі, каго лічыць «сацыяльным утрыманцам». У выніку пад гэтае азначэнне трапіла шмат «левых» людзей — спартоўцы, вайскоўцы, маці ў дэкрэтным адпачынку, тыя, хто клапоціцца пра інвалідаў і гэтак далей. Чыноўнікі чухалі патыліцу і пагаджаліся: так, і тыя не дармаеды, і тыя не вельмі… Навучаныя гаротным досведам зараз адказныя асобы пайшлі іншым шляхам — яны пачалі вызначаць, хто НЕ з’яўляецца «дармаедам».
Маючы папярэдні негатыўны досвед, спіс склалі даволі вялікі: ад тых, хто працуе на сваім прысядзібным участку да супругаў маладых спецыялістаў, накіраваных па размеркаванні. Што добра — не лічацца дармаедкамі маці дзяцей да сямі гадоў і тыя, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.Але і гэтым спісам урад не абмяжуецца.

Знайшлі сабе працу

Пры гэтым у «спісе недармаедаў» прысутнічаюць даволі цікавыя рэчы. Напрыклад, звольнены працоўны яшчэ квартал пасля звальнення дармаедам лічыцца не будзе. Але — толькі ў тым выпадку, калі прадставіць той самай «дармаедскай камісіі» дакументы пра сваё звальненне.
Па ідэі, такія дакументы ён павінен прадстаўляць у службу занятасці для атрымання дапамогі па беспрацоўі. Такім чынам, як і прагназавалася раней, праца службы занятасці і «дармаедскай камісіі» дублюецца. То бок, створана працоўнае месца для чыноўнікаў.
Дакументы пра наяўнасць легальнай працы павінны прадстаўляць і тыя, хто працуе за мяжой. Зазначым, што адной з першых скаргаў на папярэдні «дармаедскі дэкрэт» быў крык душы жанчыны з Гомеля, якая працуе ў Санкт-Пецярбурзе: яе працадаўца вырашыў, што наш дэкрэт пра дармаедства — проста глупства (як высветлілася, ён меў рацыю) і адмовіў у выдачы даведкі пра працаўладкаванне, бо для яе проста не існавала адпаведнай формы.
Больш за тое, звярнуцца ў «дармаедскую камісію» давядзецца і тым жанчынам, якія знаходзіліся пад медычным наглядам у час цяжарнасці і родаў.
Ёсць і відавочныя складанасці ва ўжо існуючым спісе. Напрыклад, дармаедамі не лічацца сезонныя працоўныя, якія адпрацавалі поўны сезон. Зараз «сезон» — паняцце расцяглае. Для збору клубніцаў ён адзін, для збору яблыкаў — другі, для збору мандарынаў — трэці. Зіма — не сезон для ўкладцы асфальту, але яго паспяхова кладуць у снег. Сезон будаўніка і сельскагаспадарчага працоўнага вельмі адрозніваюцца. І што ў такім выпадку лічыць сезонам «поўным»: паўтары-два месяцы збору клубніцаў альбо будаўнічыя працы з красавіка па лістапад?
З гэтым усім прыйдзецца разграбацца «камісіям па дармаедстве» на месцах.
І не толькі з гэтым. Па-ранейшаму, падставай для выключэння са «спісу дармаедаў» будзе такі суб’ектыўны фактар, як «трапленне ў складаную жыццёвую сітуацыю». Прычым, спіс такіх сітуацый спачатку складуць спецыялісты Міністэрства працы. Але той жа Андрэй Лабовіч адзначыў, што скласці вычарпальны спіс цяжкіх жыццёвых сітуацый магчымым не ўяўляецца. А таму камісіі, якія будуць займацца «сацыяльнымі ўтрыманцамі», дапоўняць яго сваімі цікавымі гісторыямі.

Дармаеды — палова краіны

Варта адзначыць, што не так даўно ўрад вызначыў яшчэ адзін цікавы сацыяльна-эканамічны паказнік: тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы. То бок месцы, дзе працу знайсці складаней за ўсё. Гэта таксама было прадугледжана абноўленай версіяй дакумента пра «лайдакоў».
Як паведамляў Саўмін, пры складанні спісу такіх тэрыторый улічваліся ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, колькасць беспрацоўных, якія шукаюць працу больш за год, колькасць работнікаў, якія былі на няпоўнай занятасці. Таксама ўлічваліся каэфіцыент напружанасці на рынку працы (суадносіны колькасці беспрацоўных да колькасці вакансій) і каэфіцыент замяшчэння рабочай сілы (суадносіны колькасці прынятых работнікаў да колькасці звольненых).
Ва ўрадавым «праблемным спісе» апынуліся 48 раёнаў і гарадоў. Найбольш праблемны рэгіён — Віцебская вобласць. А зараз улічым адміністрацыйную мапу Беларусі. Згодна з ёй у нас 119 раёнаў. Атрымліваецца, што ў 40% беларускіх месцаў і мястэчак існуе праблема беспрацоўя. Не ў тым сэнсе, як мы і дзяржчыноўнікі разумеем яе класічна — людзі не могуць знайсці працу. А праблема папросту ў адсутнасці працоўных месцаў!І гэтыя 40% краіны, напэўна, будуць запісаныя ў «дармаеды». Канешне, багата з патэнцыйных кліентаў «дармаедскіх камісіяў» неяк вывернецца пад маркай «цяжкай жыццёвай сітуацыі». Але ці справядліва ў сітуацыі, калі для людзей працы папросту няма, увогуле размаўляць пра «лайдакоў», «утрыманцаў» і гэтак далей?
Народ можа згадаць уладам абяцанне і даручэнне Лукашэнкі — ствараць 50 тысячаў высокатэхналагічных працоўных месцаў штогод. І цалкам справядліва запытацца: дзе тыя месцы? А калі тых месцаў няма, дык чаго вы запісваеце нас ва ўтрыманцы? І яшчэ хто з нас большы ўтрыманец: тыя, хто не можа ўладкавацца на працу, альбо тыя, хто, насуперак планам і абяцанкам, не здолеў гэтай працай народ забяспечыць?

birokratija.jpg


Аплата напоўніцу?

Калі дзяржчыноўнікі вызначаць «дармаедаў», для іх прадугледжаныя пэўныя санкцыі. Прычым, зараз размова не ідзе пра кампенсацыю працы лякарняў альбо установаў адукацыі — балазе, і бясплатная медычная дапамога, і бясплатная базавая адукацыя закладзеныя у Канстытуцыі. Пра глупства з аплатай «субсідуемых» паслуг транспарту мы таксама ўжо пісалі. Што будуць аплачваць так званыя «дармаеды» напоўніцу?У нашых чыноўнікаў — відавочны крызіс крэатыву і новых ідэй, паколькі нічога новага, апроч поўнай (то бок, «эканамічна абгрунтаванай») аплаты паслуг ЖКГ яны не прыдумалі.
Па-першае, пра памер «эканамічнай абгрунтаванасці» паслуг ЖГК не ведаюць нават самі супрацоўнікі ЖКГ. Праўда, у гэтым годзе былі новыя звесткі, кшталту таго, што насельніцтва аплачвае толькі 20% цеплавой энергіі, а 80% субсідуецца (пра гэта казаў, напрыклад, віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін). Але колькі складаюць тыя 20% у жывых грошах, ён не паведаміў. А таму ў яго шчырасці ўзнікаюць пэўныя сумневы.
Па-другое, у кватэры ці хаце як правіла жыве сям’я. І калі адзін з чальцоў гэтай сям’і прызнаны «дармаедам», а другі — не, як вылічваць, хто, за што і колькі будзе плаціць?
Што рабіць, калі ў хатняй гаспадарцы, акрамя «непрацуючых у працаздольным узросце», ёсць тыя, хто мае льготы па аплаце камунальных паслуг?
Кажуць, што «дармаедам» могуць «зрэзаць», напрыклад, дзяржаўную субсідыю на пабудову новага жылля, калі такі чалавек стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Але ў такім выпадку ці не пакараюць гэтым крокам ні ў чым не вінаватых чальцоў яго сям’і?
Што рабіць з тымі «дармаедамі», якія і без дадатковых санкцый плацілі за паслугі ЖКГ па «эканамічна абгрунтаваным тарыфе», — а такі тарыф аўтаматам ўключаўся ўсім, хто не мае лічыльнікаў уліку вады?

На парозе сацыяльнага выбуху

І гэта толькі пачатак пытанняў. У далейшым дзяржава сутыкнецца з тым жа, з чым сутыкнулася пад час «падатку на дармаедства». Калі грамадзянін не працуе і ў яго няма грошай — як яму было сплачваць той падатак?
Зараз гэтая сітуацыя выльецца ў больш жорсткую форму. Калі грамадзянін не працуе — як яму аплачваць «эканамічна абгрунтаваны тарыф»? Адсюль, цалкам зразумела, узнікне праблема неплацяжоў у і так абцяжараную праблемамі сферу ЖКГ. Адсюль узнікнуць і жыццёва-сацыяльныя праблемы, калі за нясплату «жыровак» людзей праз суд будуць высяляць на вуліцы. А потым бяздомныя пачнуць хвалю абурэння ў прэсе і выйдуць на тыя ж самыя «маршы недармаедаў».
Ізноў — пагроза сацыяльнага выбуху і зноў прыйдзецца «прыкрываць» дэкрэт. Але рэтым разам застанецца велізарная «дзірка» ў аплаце ЖКГ. Якую будуць залатваць нашымі ж падаткамі.

Чым сэрца супакоіцца

Але пакуль усе зададзеныя вышэй пытанні — пытанні сярэднетэрміновай перспектывы. А вось што зроблена ўжо зараз — пра гэта «НЧ» таксама пісаў. Ужо зараз створаныя новыя працоўныя месцы для тысячаў чыноўнікаў і некаторых праграмістаў.
Зараз урад разам з «камісіямі па дармаедах» і службамі занятасці будуць ствараць базы дадзеных «дармаедаў». Гэта значыць — зноў пералапачваць анкеты службы занятасці ў пошуках тых, хто не працуе больш за год. Зноў шукаць «лайдакоў» сярод насельніцтва, рассылаючы «лісты шчасця» ад падатковых. Зноў вазюкацца з даведкамі і паперкамі, высвятляючы, хто не працаваў па паважнай прычыне, а хто проста так. І зноў каталагізаваць «цяжкія жыццёвыя сітуацыі». Каб тая напрацаваная база ўсё ж такі запрацавала да вызначанага ўрадам тэрміна — 1 студзеня 2019 года.
Гэта значыць, што як мінімум да студзеня бюракраты працаю забяспечаныя. І хоць у чымсьці выкананы будзе абяцанак па стварэнні новых працоўных месцаў — для сваіх, для абраных. Ці можна назваць гэтыя працоўныя месцы высокатэхналагічнымі — не ведаю. Высокай дададзенай вартасці ад іх дакладна не дачакаешся.