У прэзідэнты ахвочыя
Цягам апошняга тыдня прадстаўнікі трох палітычных плыняў апазіцыі заявілі пра свой намер вылучацца ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах. Па сутнасці рэалізацыя ідэі пра адзінага кандыдата ад апазіцыі пад вялікім пытаннем. З аднаго боку, палітыкі заяўляюць пра пэўную кансалідацыю і неабходнасць вылучаць адзінага кандыдата, з другога — назіраюцца памкненні апярэдзіць сваіх калег і крыху «пацягнуць на сябе коўдру». Наступныя прэзідэнцкія выбарах мусяць адбыцца не пазней 8 лютага 2011 года. Але многія эксперты схіляюцца да меркавання, што выбары кіраўніка дзяржавы сумесцяць з выбарамі дэпутатаў у мясцовыя Саветы напрыканцы 2010 года. Калі так, то да галоўнай палітычнай кампаніі засталося не так шмат часу, і спадарам з вялікімі амбіцыямі варта варушыцца.
Цягам апошняга тыдня прадстаўнікі трох палітычных плыняў апазіцыі заявілі пра свой намер вылучацца ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах. Па сутнасці рэалізацыя ідэі пра адзінага кандыдата ад апазіцыі пад вялікім пытаннем. З аднаго боку, палітыкі заяўляюць пра пэўную кансалідацыю і неабходнасць вылучаць адзінага кандыдата, з другога — назіраюцца памкненні апярэдзіць сваіх калег і крыху «пацягнуць на сябе коўдру». Наступныя прэзідэнцкія выбарах мусяць адбыцца не пазней 8 лютага 2011 года. Але многія эксперты схіляюцца да меркавання, што выбары кіраўніка дзяржавы сумесцяць з выбарамі дэпутатаў у мясцовыя Саветы напрыканцы 2010 года. Калі так, то да галоўнай палітычнай кампаніі засталося не так шмат часу, і спадарам з вялікімі амбіцыямі варта варушыцца.
Аптымістычныя спадзяванні, туманны расклад
Першым пра намер балатавацца ў прэзідэнты заявіў Аляксандр Мілінкевіч — кандыдат на гэтую пасаду выбарчай кампаніі 2006 года. Выступаючы на прэс-канферэнцыі з нагоды рэгістрацыі руху «За свабоду», ён паведаміў, што збіраецца ісці на выбары, але калі пабачыць годнага кандыдата, якога падтрымае насельніцтва і які будзе мець рэальныя шанцы перамагчы, то «стане побач з ім і будзе працаваць на яго». Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што шчыра верыў у магчымую перамогу на мінулых выбарах. І ў будучай кампаніі збіраецца працаваць напоўніцу, а не для «галачкі».
Разам з тым кіраўнік руху «За свабоду» адзначыў, што ў апазіцыі пытанне з вылучэннем адзінага кандыдата пакуль не вырашанае. Яго намеснік па руху Віктар Карніенка паведаміў, што АДС не гатовыя да грунтоўнага абмеркавання гэтага пытання: «У Аб’яднаных дэмакратычных сілах пытанне пра абранне адзінага кандыдата здымаецца з разгляду падчас пасяджэнняў, яны проста не гатовыя зараз яго абмяркоўваць», — адзначыў намеснік Мілінкевіча. Але паабяцаў: нягледзячы ні на што, рух будзе «актыўна працаваць над стварэннем ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча».
Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта лічыць верагодным, што на наступных выбарах апазіцыйны блок будуць прадстаўляць некалькі кандыдатаў, якія пойдуць «у народ» з рознымі ідэямі адносна будучыні Беларусі. «Магчымы трыкутнік кандыдатаў: прадстаўнікі дэмсіл, наменклатуры і Расіі. Малаверагодна, што Расія падтрымае цяперашняе кіраўніцтва», — адзначыў палітык. Сам Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што незалежная Беларусь у межах саюзнай дзяржавы з Расіяй немагчымая. «Гэта разнапланавыя краіны з рознымі тэрыторыямі, эканомікай», — патлумачыў ён сваю пазіцыю. Паводле палітыка, узаемаадносіны з усходняй дзяржавай-суседкай мусяць будавацца па прынцыпу «калі тое не супярэчыць інтарэсам Беларусі».
Што тычыцца супольнай працы ў межах Аб’яднаных дэмакратычных сіл, то Мілінкевіч запэўніў, што сваіх калег па палітычнай дзейнасці лічыць не супернікамі, а партнёрамі. «Мы будзем удзельнічаць у дзейнасці АДС у той частцы, якая адпавядае нашым мэтам і каштоўнасцям», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
У нядзелю 18 студзеня Аляксандр Мілінкевіч наведаў Сойм партыі БНФ. Там ён падзяліўся сваімі меркаваннямі як адносна будучыні АДС, так і прэзідэнцкай кампаніі. Варта адзначыць, што ў словах палітыка з’явіліся новыя акцэнты, якіх падчас сустрэчы з журналістамі за колькі дзён да гэтага не назіралася. У прыватнасці Мілінкевіч адзначыў, што захаваць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ў былых рамках немагчыма, і заклікаў рэфармаваць палітструктуру. Ён прапанаваў стварыць у АДС два блокі, якія маглі б вылучыць на прэзідэнцкія выбары двух кандыдатаў: аднаго праўсходняга, другога прабеларускага і арыентаванага на еўрапейскія каштоўнасці.
Асоба Аляксандра Мілінкевіча вартая ўвагі хаця б таму, што пасля паразы 2006 года ён не сышоў з палітычнай сцэны, а працягнуў сваю дзейнасць, скарыстаўшы свае сувязі і статус у еўрапейскіх структурах на карысць Беларусі. Ён пазнавальны ў грамадстве і мае сваіх прыхільнікаў. Зарэгістраваны рух «За свабоду» дазволіць легальна працаваць з насельніцтвам (наколькі тое магчыма ў нашай краіне) задоўга да афіцыйнага старту выбарчай кампаніі. Разам з тым лёгкі флёр няўдачы 2006 года нікуды не дзеўся і будзе цягнуцца за кандыдатам. Рух «За свабоду», у межах якога актыўна працуе Аляксандр Уладзіміравіч, гуртуе вакол сябе не столькі палітыкаў, колькі грамадскіх актывістаў трэцяга сектару, хаця Мілінкевіч і гаворыць, што палітычныя справы ім не чужыя. Калі станецца так, што Аляксандр Мілінкевіч не атрымае статус «адзінага» і падтрымку іншых палітыкаў і, адпаведна, іх рэсурсы, то перамагчы, абапіраючыся толькі на грамадскае плячо, наўрад ці атрымаецца.
З хрысціянскімі каштоўнасцямі
Аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя збіраецца вылучыць аж трох кандыдатаў на прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Адзін з іх ужо вядомы — гэта сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі. Віталю Рымашэўскаму 33 гады. Жанаты. Працаваў менеджэрам у выбарчай кампаніі Мілінкевіча, удзельнічаў у парламенцкіх выбарах, праваслаўны. Асобы двух іншых кандыдатаў будуць названыя падчас адмысловага сходу, які адбудзецца пасля ўстаноўчага з’езду партыі, што прызначаны на 28 лютага. Заяўкі на арэнду памяшкання для правядзенне з’езду пададзеныя ў ДК МАЗ, ДК Трактарнага завода, Дом афіцэраў і Палац Рэспублікі. Сустаршыні БХД настроеныя рашуча і паабяцалі правесці з’езд на плошчы, калі ім не дазволяць арэндаваць памяшканне.
Кіраўніцтва БХД заявіла, што сваіх кандыдатаў у прэзідэнты можа зняць на карысць больш моцнага палітыка ад правых сіл. Фактычна не хаваецца, што асноўная мэта кампаніі — пашырэнне ідэй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сярод насельніцтва. Для палітычных колаў заява пра ўдзел у выбарах мае хутчэй статусны характар. Усё ж БХД — структура, якая да канца не сфарміравалася і шырокай вядомасці ў краіне не мае.
На жаль, адзін з найбольш актыўных і харызматычных палітыкаў сённяшняй Беларусі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец у бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах удзельнічаць не зможа — пакуль не падыходзіць па ўзросту. Між іншым, яго досвед палітычнай дзейнасці і апантанасць сваёй справай маглі б прадэманстраваць цікавую палітычную кампанію.
Пабачым, якіх асобаў кіраўніцтва БХД назаве пазней у якасці яшчэ двух прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі фатэль. Але хочацца спадзявацца, што ўласныя амбіцыі не будуць засціць вочы, і ў выпадку чаго хрысціяне і дэмакраты зробяць свой унёсак на карысць агульнай мэты.
Фронт ірвецца ў бой
Не ўтойвае свайго намеру балатавацца на пасаду прэзідэнта аксакал і аўтарытэт айчыннай палітыкі, філолаг, перакладчык, грамадскі дзеяч і проста старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне Лявон Баршчэўскі. На апошнім Сойме партыі ён паведаміў, што, магчыма, у красавіку сыдзе са сваёй пасады, каб заняцца менавіта выбарчай кампаніяй. А магчыма, і не сыдзе. Варыянты абдумваюцца. Лявон Пятровіч — чалавек, безумоўна, паважаны. Але прыгадваецца, што на апошнім з’ездзе партыі БНФ ён без асаблівага імпэту пагадзіўся шчыльна заняцца палітыкай, каб уратаваць партыю ад расколу. Таму яго кандыдатура на ўдзел у выбарчай кампаніі сякія-такія пытанні выклікае. Калі ж палітык насамрэч наважыцца кінуцца ў палітычны бой, то поспехаў яму і падтрымкі паплечнікаў.
На цяперашнім этапе вылучэння ў кандыдаты на першае месца ў кіраўніцтве краіны можна рабіць толькі агульныя прагнозы і здагадкі: кола прэтэндэнтаў не акрэсленае, пытанне пра «адзінага» не вырашанае. Пакуль маўчаць лідэр камуністаў Сяргей Калякін, нічога не заявіў афіцыйна старшыня арганізацыі прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, хаця прызнаваўся, што пэўныя памкненні мае, не названыя кандыдаты ад сацыял-дэмакратаў. Пагаворваюць, што і некаторыя маладыя і амбітныя палітыкі таксама выношваюць свае славалюбівыя планы. Як ні раскладзецца палітычны пасьянс, галоўнае, каб яго фігуры не паўтарылі памылкі мінулых кампаній: спазненне ў тэрмінах, важданне са старымі ідэямі, слабую арганізацыю працэсу.
---------------------------------------------------
КАМЕНТАР
Уладзімір Роўда, палітолаг:
Мэтазгоднасць вылучэння адзінага кандыдата залежыць ад таго, хто ім будзе. Відавочна, што шанцы на нейкую перамогу дзеючага кіраўніка дзяржавы ёсць толькі ў адзінага, прычым у тым выпадку, калі ён будзе прадстаўлены ў грамадзянскім сэнсе. Як бы не імкнуўся АДС вылучыць сваю кандыдатуру, у палітычна актыўнай часткі грамадства ў любы момант можа з’явіцца свой лідэр.
Што тычыцца асобаў, якія публічна абвясцілі пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты, я думаю, што шанцаў яны не маюць. Чыннікі таго, што яны зрабілі, розныя. Лявон Баршчэўскі, напрыклад,
знаходзіцца на шляху да інтэргацыйных працэсаў, гэта заява — напамін пра тое, што прыйшоў час абмеркаваць пытанне сістэмна. Для Аляксандра Мілінкевіча вылучэнне хутчэй з’яўляецца
рытуальным. Наконт Віталя Рымашэўскага я хачу ўвогуле ўстрымацца ад нейкіх каментараў.