Валерый Карбалевіч пра заяву Пуціна: мяркую, ён проста троліць Лукашэнку
19 лістапада Пуцін нечакана выказаўся: «Сітуацыя ў Беларусі супакоілася, але праблемы ёсць, мы разумеем гэта і заклікаем да дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй». Што гэта было? «Наша Ніва» спытала ў эксперта.
«Заява Пуціна — трохі нечаканая і дзіўнаватая. Бо цягам года міністр замежных спраў Расіі Лаўроў гаварыў, што ў Беларусі ідзе дыялог паміж
уладай і грамадзянскай супольнасцю наконт канстытуцыйнай рэформы, усё ў парадку
з гэтым, — кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. — А тут раптам вынікае, што
нічога такога няма і дыялог трэба пачынаць.
Я гэта тлумачу той жа прычынай, якая выклікала напружанне ў
кастрычніку, калі адбылася гісторыя з "Камсамолкай", пасля — абмен "уколамі" з
тэлеканалаў, пасля адмова Пуціна прыязджаць у Мінск…
Мяркую, словы Пуціна звязаны з тым, што Лукашэнка не
выконвае абяцанні, якія даў год таму на сустрэчы ў Сочы. Тады ж Пуцін падтрымаў
Лукашэнку, але пры ўмове, што адбудзецца транзіт улады і Лукашэнка сыдзе.
А цяпер жа вынікае, што Лукашэнка нікуды не сыходзіць, а
застанецца кіраўніком Усебеларускага народнага сходу, што не адпавядае
абяцанням пра сыход.
І гэта Пуціну не падабаецца, таму ён такім чынам і троліць
Лукашэнку.
Таксама магчымыя супярэчнасці ў вырашэнні крызісу з
мігрантамі. Невыпадкова апошнім часам Пуцін і Лукашэнка часта размаўляюць па
тэлефоне — калі б усё было ў парадку, наўрад ці сазвоны былі б настолькі
рэгулярнымі.
Магчыма, калі да Пуціна звярталіся кіраўнікі еўрапейскіх
краін, ён і паабяцаў дапамогу ў вырашэнні мігранцкага пытання, а пасля
высветлілася, што ўплываць на Лукашэнку не так і проста. Адпаведна, цяпер Пуцін
не можа выканаць свае абяцанні, што яго раздражняе.
Але ж не варта спадзявацца, што Пуцін сапраўды зацікаўлены ў
дыялогу беларускай дзяржавы і апазіцыі. Бо сам Пуцін не вядзе дыялогу са сваімі
апанентамі, ён робіць з імі якраз тое ж, што і Лукашэнка — саджае ў турму.
Таму, мяркую, словы Пуціна — сапраўды проста тролінг».