Акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» пройдзе ў 30 гарадах свету

Сёлетнія чытанні вершаў памяці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў адбудуцца 29 кастрычніка адразу ў шэрагу краінаў свету.

photo_2020_10_29_19_40_33__2__logo_1_1_1.jpg


«Ноч расстраляных паэтаў» — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, якая набыла сваю метафарычную назву ў найноўшыя часы. У папярэднія гады творчая акцыя ладзілася ў Курапатах, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскага рэжыму, але сёлета арганізатары адмовіліся ад звыклага фармату праз пагрозу затрыманняў і складанай сітуацыі з каронавірусам, адзначае Радыё Свабода.

Затое ўпершыню да жалобнай імпрэзы далучацца беларусы і неабыякавыя людзі ў розных краінах Еўропы і Амерыкі: Бразіліі, Бельгіі, Грузіі, ЗША, Італіі, Канады, Літвы, Нарвегіі, Германіі, Партугаліі, Польшчы, Украіне, Эстоніі ды іншых. Агулам акцыі заяўленыя на гэты момант амаль у 30 гарадах свету.

Цалкам мапу адрасоў акцыі можна паглядзець тут.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам карнікі НКВД расстралялі 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Самаму старэйшаму, публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў. Сярод самых маладых — паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётар Хатулёў (25 гадоў), школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Тая расправа стала кульмінацыяй вынішчэння беларускай інтэлігенцыі і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў нацыянальнай культуры. Сотні чалавек выслалі за межы Беларусі, іншыя расстраляныя ці адпраўленыя ў ГУЛАГ.