БагатаДата 15-21 лютага
Два знаныя беларусы нарадзіліся ў гэтыя дні, аднак Другая сусветная вайна развяла іх па розныя бакі барыкадаў. А цяпер мы аднолькава згадваем і Івана Кабушкіна, і Франца Кушаля. У каго яшчэ дзень народзінаў на тыдні — чытайце ў нашым аглядзе.

Востраў слёз у Мінску — мемарыяльны комплекс, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам. Фота
15 лютага
Дзень памяці ваяроў-інтэрнацыяналістаў (гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана). Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак.
1915. У вёсцы Малахоўцы Баранавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся ўдзельнік мінскага падполля падчас Другой сусветнай вайны Іван Кабушкін, у гонар якога названа адна з вуліц Мінска. У падполле ён трапіў пасля таго, як здолеў выбрацца з палону: яго забрала адтуль нібыта як мужа адна з гараджанак. Кабушкіну зрабілі аўсвайс на імя селяніна Лагойскага раёна Андрэя Назарава. Таксама ён дзейнічаў пад мянушкай Жан. Як Жана яго і дапытвалі немцы, калі схапілі ў 1943 годзе. У тым ліку катавалі электратокам. Але Кабушкін не сказаў, хто ён і нікога не выдаў.
16 лютага
1895. У вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Франц Кушаль, вайсковы і палітычны дзеяч. Падчас Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Займаў высокія пасады ў Беларускай самаахове і Беларускай краёвай абароне. На эміграцыі ўзначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне і быў сябрам Рады БНР. Муж паэткі Наталлі Арсенневай, аўтаркі верша-гімна «Магутны Божа».
1925. У вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці нарадзіўся пісьменнік Іван Навуменка. Працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР, быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, а таксама старшынём Вярхоўнага Савета. Творы: «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй», «Летуценнік». Аўтар манаграфій, прысвечаных творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
17 лютага
1900. У вёсцы Расказань у Саратаўскай вобласці нарадзіўся беларускі вучоны ў галіне гідратэхнікі Фёдар Вінакураў. Міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР.
18 лютага
1935. У Чылі нарадзіўся беларускі кампазітар Сяргей Картэс. Быў галоўным музычным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» і мастацкім кіраўніком, дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Стварыў музыку да многіх спектакляў і фільмаў (напрыклад, «Чорны замак Альшанскі»).

19 лютага
1935. У Магілёве нарадзіўся акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народны артыст Беларусі і СССР Генадзь Аўсяннікаў. У актуальным рэпертуары Купалаўскага тэатра заняты ў спектаклях: «Вечар», «Людзі на балоце», «Шляхціц Завальня», «Пан Тадэвуш».
1945. У Алматы нарадзіўся беларускі раварыст Віктар Быкаў. Двухразовы чэмпіён свету ў каманднай гонцы пераследу.
1945. У Ташкенце нарадзіўся савецкі спявак і кампазітар Юрый Антонаў. Скончыў музычную вучэльню ў Маладзечне, тут стварыў і свой першы музычны гурт. Выкладаў у дзіцячай музычнай школе ў Мінску. Працаваў салістам-інструменталістам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым пераехаў у Санкт-Пецярбург і ўдзельнічаў у гурце «Спеўныя гітары», праца ў якім прынесла яму славу.

1970. У расійскім Петразаводску нарадзіўся беларускі біятланіст Вадзім Сашурын. Мае медалі ўсіх вартасцяў чэмпіянатаў свету.
20 лютага
Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці.
1945. У Рудзенску Пухавіцкага раёна на Міншчыне нарадзілася пісьменніца і перакладчыца Таіса Бондар. У пачатку 2000-х гг. кіравала рэдакцыйна-выдавецкай установай «Літаратура і мастацтва». Творы — раманы «Спакуса», «Ахвяры», «Павуцінне».
21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы. Сусветны дзень экскурсавода. А яшчэ Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы ў Беларусі.
1835. У вёсцы Максімаўка Клімавіцкага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся беларуска-расійскі скульптар Міхаіл Мікешын. Самыя вядомыя яго творы — манумент «Тысячагоддзе Расіі» у Вялікім Ноўгарадзе, помнікі Кацярыне ІІ у Санкт-Пецярбургу і Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве.