БагатаДата 16–22 сакавіка

Ці ведаеце вы, што яднае Міжнародны дзень лясоў, Сусветны дзень людзей з сіндромам Даўна, Міжнародныя дні паэзіі, лялечнага тэатра і барацьбы за расавую дыскрымінацыю? Адказ у нашым чарговым аглядзе юбілейных і памятных датаў.

Міхал Анемпадыстаў

Міхал Анемпадыстаў

16 сакавіка

1964. Нарадзіўся беларускі мастак, дызайнер, паэт, мастацтвазнаўца ды культуролаг Міхал Анемпадыстаў. Вось што ён казаў пра бел-чырвона-белы сцяг: «Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта з пункту гледжання каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло». Мінулай зімой Анемпадыстава не стала.


17 сакавіка

1999. Не стала беларускага гісторыка Міхаіла Біча. Многія могуць памятаць са школьнага часу дапаможнік для вучняў ягонага аўтарства «Гісторыя Беларусі: Канец XVIII ст. — 1917 г.».


18 сакавіка

1889. Нарадзіўся беларускі археолаг Канстанцін Палікарповіч. Менавіта ён знайшоў на Беларусі стаянкі першабытнага чалавека, якія адносяцца да ранняга каменнага веку (палеаліту). Памятаеце з урокаў гісторыі і геаграфіі? Стаянкі гэтыя — каля вёсак Бердыж і Юравічы ў Гомельскай вобласці.

1894. Нарадзіўся грамадска-палітычны і каталіцкі дзеяч, музыка і публіцыст Альбін Стаповіч. Кіраваў у Вільні Беларускай друкарняй імя Францішка Скарыны і беларускім хорам пры касцёле святога Мікалая, абіраўся паслом Сойма Польшчы ад Блока нацыянальных меншасцяў, спрабаваў стварыць партыю Беларускіх незалежных радыкалаў. Брат беларускага каталіцкага святара Казіміра Сваяка.

Азарычы. Мемарыял

Азарычы. Мемарыял

1944. Вызваленыя больш за 33 тысячы ацалелых вязняў Азарыцкіх канцэнтрацыйных лагераў на Палессі (цяпер гэта Калінкавіцкі раён на Гомельшчыне). Лагеры былі створаныя фашыстамі на пачатку сакавіка каля пасёлка Азарычы непадалёк ад пярэдняга краю іх абароны. Па сутнасці, на балоце. Сюды прывезлі каля 50 тысяч вязняў, у тым ліку сыпнатыфознахворых. Мэтай было распачаць эпідэмію і распаўсюдзіць яе на савецкія войскі, каб замарудзіць іх наступ.

1994. У Маладзечна адбыўся першы фестываль майстроў тэатральнага мастацтва Беларусі «Маладзечанская сакавіца».


19 сакавіка

1909. Нарадзіўся музыказнаўца Браніслаў Смольскі, бацька кампазітара Дзмітрыя Смольскага.


20 сакавіка

1889. Нарадзіўся Часлаў Родзевіч, тэатральны і грамадскі дзеяч, брат драматурга Леапольда Родзевіча. Уваходзіў у Першую беларускую трупу Ігната Буйніцкага, быў камісарам Беларускага савецкага тэатра, працаваў у Інбелкульце. У 1930 годзе арыштаваны і асуджаны на 5-гадовую высылку ў расійскі Саратаў па «справе Саюза вызвалення Беларусі». У зняволенні загінуў.

1939. Нарадзіўся беларускі гісторык, сацыёлаг і палітолаг Эмануіл Іофе. Даследуе праблематыку Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі, адзін з вядучых адмыслоўцаў па гісторыі Халакосту.


21 сакавіка

Міжнародны дзень лясоў, а таксама Сусветны дзень лю­дзей з сіндромам Даўна, Міжнародныя дні паэзіі, лялечнага тэатра і барацьбы супраць расавай дыскрымінацыі.

miznarodny_dzen_ljasou.jpg

1959. Нарадзіўся Мікалай Ладуцька, старшыня Мінскага гарвыканкаму з 2010 па 2014 гады. Прыйшоў на гэтую пасаду з будаўнічай галіны. Пасля адстаўкі з пасады кіраўніка сталіцы кіраваў «Мотавела», а цяпер старшынюе ў Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў.


22 сакавіка

1609. Нарадзіўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір Ваза, апошні з гэтай дынастыі. Стаў на чале Рэчы Паспалітай у 1648 годзе. На яго кіраванне прыпаў эканамічны заняпад і шматлікія разбуральныя войны: Казацкая вайна, Крывавы Патоп, вайна са Швецыяй. Краіна страціла шматлікія землі. Так, Крывавы Патоп (13-гадовая вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй) скончыўся ў 1667 годзе Андрусаўскім замірэннем, паводле якога былі страчаныя Смаленшчына, Чарнігаўшчына, Левабярэжная Украіна, Кіеў... Праз паўтара гады Ян ІІ Казімір Ваза адрокся ад трона і з’ехаў у Францыю.

1659. Пастанова Сойма Рэчы Паспалітай аб заснаванні Брэсцкага манетнага двара і біцці медных солідаў (шэлегаў) — барацінак. Вагой трохі болей за грам, іх выпускалі мільёнамі, перадусім для выплаты доўгу перад войскам. Назва дробнай манеты пайшла ад прозвішча Ціта Лівія Бараціні, які курыраваў у той час манетныя двары ў праблемнай фінансавай сістэме Каралеўства Польскага і ВКЛ. Грошы гэтыя былі малавартыя, не надта яны цэняцца і цяпер сярод нумізматаў. Барацінак начаканілі столькі, што гэта спарадзіла інфляцыю. Бараціні нават судзілі за такую грашовую рэформу. Але Брэсцкі манетны двор — першы на тэрыторыі Беларусі.

kastus_kalinouski_1.jpg

1864. У Вільні на гандлёвым пляцы Лукішкі быў павешаны нацыянальны герой Беларусі, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў Кастусь Каліноўскі. 26-гадовага Каліноўскага спачатку збіраліся расстраляць, але генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю Міхаіл Мураўёў спраўдзіў сваю мянушку «Вешальнік». Перад пакараннем смерцю Каліноўскі напісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» — своеасаблівы зварот да суайчыннікаў: «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».