БагатаДата 18–24 ліпеня
Пастановай ЦК КПБ 95 гадоў таму слова «жыд», якое ў беларускай мове было нейтральным, ператварылі ў абразлівае. Больш цікавостак — у нашым традыцыйным аглядзе.
18 ліпеня
1900. У расійскім горадзе Іванава-Вазнясенск нарадзілася французская пісьменніца, пачынальніца «новага раману» Наталі Сарот. Яе продкі паходзілі з Беларусі. А сапраўднае прозвішча літаратаркі — Чарняк. Па-беларуску выходзіў яе раман «Трапізмы».
19 ліпеня
У Беларусі адзначаецца (у трэцюю нядзелю ліпеня) Дзень металурга.
20 ліпеня
Міжнародныя дні шахматаў і торта.
1895. У вёсцы Зубарэвічы Глускага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Пракоп Малаковіч. У 1920-я гады народны камісар унутраных спраў БССР, першы старшыня Вярхоўнага суда. У 1937 годзе быў арыштаваны ў Маскве і асуджаны за «ўдзел у антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі правых» і «падрыхтоўку тэрарыстычных актаў, накіраваных супраць кіраўнікоў Савецкага ўрада». Расстраляны ў дзень вынясення выраку.
21 ліпеня
1995. Пачало вяшчанне незалежнай беларускамоўнай «Радыё 101,2». Дзейнічала да канца лета 1996 года, пакуль уладамі не была забраная частата. Ахоплівала эфірам Мінск і ваколіцы на некалькі дзясяткаў кіламетраў. Свае перадачы на гэтым радыё вялі рок-зоркі Кася Камоцкая і Лявон Вольскі. Кіравала радыёстанцыяй Жанна Літвіна, якая пазней узначаліла Беларускую асацыяцыю журналістаў.
22 ліпеня
Міжнародныя дзень боксу і Сусветны дзень мозгу.
1895. У Глыбокім на Віцебшчыне нарадзіўся знакаміты авіяканструктар Павел Сухі. У пачатку 1940-х гадоў пад яго кіраўніцтвам былі створаны савецкія самалёты-знішчальнікі СУ. Сухі — аўтар больш як 50 мадэляў самалётаў, 30 з якіх былі пабудаваныя.
На самалётах яго канструкцыі неаднаразова ўстанаўліваліся рэкорды па працягласці, хуткасці і вышыні палётаў. Імя Сухога нададзена Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту: калісьці ў Гомелі авіяканструктар вучыўся ў гімназіі і менавіта тут вызначыўся з будучай прафесіяй.
1910. У вёсцы Вялікія Міхнічы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся танцоўшчык і балетмайстар Пётр Акулёнак. Цягам 20 гадоў працаваў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага народнага хору БССР.
23 ліпеня
1920. У горадзе Рцішчава Саратаўскай вобласці Расіі нарадзілася актрыса Ніна Карнеева. Народная артыстка Беларусі.
24 ліпеня
1885. У мястэчку Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч, аграном і педагог Міканор Ярашэвіч. У 1920 годзе стаў першым рэктарам Беларускага палітэхнічнага інстытута (цяпер — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). На наступны год арыштаваны па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці і сасланы ў Ташкент. Затым ва Узбекістане быў арыштаваны і асуджаны яшчэ раз. Загінуў у лагеры.
1925. Бюро ЦК КПБ выдала пастанову з мэтай «лічыць неабходным выкараняць з ужывання ў беларускай мове слова “жыд” і замяніць яго словам “яўрэй”». Так, слова «жыд», якое ў беларускай мове было нейтральным, ператварылі ў абразлівае.
1950. У Мінску нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч Генадзь Грушавы. Дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання, кіраўнік дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля».