Хай будзе на пацеху Маскве
Жыццё Кастуся Каліноўскага абарвалася ў 10.30 раніцы 22 сакавіка (па новым стылі) 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. Ён стаў тварам да шыбеніцы, раз за разам адпраўляючы доўгія позіркі ў людское мора, быццам кагосьці шукаючы...
Фота з сайта pieramoha.org
Ігнат Вітажэнец
У Віленскім палацы генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва 9 лютага (па новым стылі) у 9 гадзін вечара атрымалі шыфраваную тэлеграму, якая ўскалыхнула сталіцу Паўночна-Заходняга краю.
Гэта было паведамленне з Мінска ад жандарскага палкоўніка Лосева, у якой гаварылася: «На Святаянскай вуліцы ў Святаянскіх мурах жыве злачынец Каліноўскі, ваявода, пад імем Вітажэнец…» Паліцыя была паднятая па трывозе. Па атрыманым ад здрадніка Вітольда Парфіяновіча адрасе неадкладна выправіўся палкоўнік М.А. Саранчоў.
Улады не ведалі толькі нумара кватэры, у якой спыніўся Каліноўскі. Саранчоў асабіста прагледзеў дамавую кнігу мяркуемага месца жыхарства «дыктатара Літвы», але з-за спешкі не знайшоў сярод запісаных прозвішча Вітажэнца. Было прынята рашэнне ачапіць увесь Святаянскі квартал, для чаго спатрэбіліся дзве роты салдат.
Цёмная зімовая ноч. Каліноўскі ў сваім пакоі ў доме Віленскай гімназіі не спаў, перабіраў паўстанцкія дакументы. За дзвярыма ўсё гучней і гучней сталі разносіцца чыесьці мітуслівыя крокі. Кастусь схаваў паперы, узяў са стала знічку і выйшаў у калідор. Спускаючыся па лесвіцы, агеньчык выхапіў два салдацкія цені. Каліноўскі не разгубіўся, і пасля зададзенага пытання: «Як Вашае імя?» спакойна адказаў: «Вітажэнец». Тое, што адбылося далей, лідар паўстання ў Беларусі і Літве не чакаў — яго схапілі. З рук выпала знічка і тут жа згасла, а яго, напаўраспранутага, пацягнулі ўніз.
Каліноўскі быў дастаўлены ў Дамініканскі будынак, дзе засядала Асобая следчая камісія пад старшынствам палкоўніка Шалгунова. Яго змясцілі ў камеру № 3. Легенду на выпадак арышту Кастусь прыдумаў загадзя, і таму падчас першага начнога допыту спакойна адказваў, што ён Вітажэнец з дваран Віленскага ўезда. У паўстанні, сапраўды, прымаў удзел, знаходзіўся ў атрадзе Віславуха, але нядоўга — толькі лета і частку восені — да кастрычніка. Цяпер жа «займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычных характараў славянскіх народнасцей».
Але Каліноўскі быў апазнаны Марыяй Грагатовіч, у якой жыла адна з паўстанцкіх сувязных — Стэфанія Фальская, да якой наведваўся Кастусь. Пасля гэтага хаваць сапраўднае прозвішча не мела сэнсу. У гэты час на кватэры ў Віленскай гімназіі, дзе хаваўся Каліноўскі, памочнікі прыставаў Сеташэўскі і Вішнеўскі «рабілі найпільнейшы і паўсюдны ператрус». Была знойдзена вялікая колькасць папераў, перададзеных калежскаму саветніку А. Лапцеву — чыноўніку для асобых даручэнняў пры Мураўёве. Далейшы лёс гэтых папер, да сёння невядомы. Але самыя важныя дакументы захоўваліся ў полай ножцы стала. Іх забрала ўдзельніца паўстанцкай арганізацыі віленская настаўніца Яцына Караліна, якая дачакалася заканчэння ператрусу. На наступны дзень, спахапіўшыся, рускія жандары ўжо нічога не знайшлі.
«Каго любіш?»
Каліноўскі назваў сваё сапраўднае імя і пасаду ў рэвалюцыйнай арганізацыі 10 лютага. Ён пачаў даваць паказанні, якія некалькі разоў за час следства мяняў, блытаў, так і не назваўшы нікога са сваіх падначаленых, якія яшчэ знаходзіліся на волі і мелі час уратавацца. 14 лютага ў Віленскай асобай следчай камісіі падрабязныя паказанні пачаў даваць Вітольд Парфіяновіч, якому Мураўёў дараваў не толькі жыццё, але і вызваліў ад вочнай стаўкі з Каліноўскім. На адной і той жа старонцы сваіх паказанняў Парфіяновіч здаў Кастуся і адначасова ўвекавечыў яго імя ў айчыннай гісторыі, назваўшы пароль паўстанцаў: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!».
Кастуся намагаліся зламаць разнастайнымі спосабамі, тэрарызуючы пытаннямі наконт знаёмства з сям’ёй яго нарачонай Марысі Ямант, якую таксама арыштавалі і змясцілі ў будынку насупраць бернардынаў — у былым кляштары місіянераў. 21 лютага ў бітве пад Апатавым Сандамірскага ваяводства быў схоплены яго сябар Людвіг Звяждоўскі, якога пакаралі смерцю, аб чым неадкладна паведамілі Кастусю. Але ён не здаўся. Надышла чарга вочных ставак, якія змяняліся адна за адной. Спачатку Браніслава Сідаровіч, з якой Каліноўскі адначасова ў канцы 1862 года жыў на кватэры ў Грагатовіч, і якая «не ведала» Каліноўскага. Затым 2 сакавіка спатканне з арыштаваным камісарам Мінскага ваяводства Міхалам Аскеркам. Але і Аскерка адмаўляў знаёмства з Каліноўскім, з якім, насамрэч, яны былі блізкімі сябрамі.
Шпіёнства апаганьвае чалавека
Пасля чарговых спробаў націснуць на Кастуся пагрозамі на адрас сям’і Ямантаў, ён 10 сакавіка, так нікога і не выдаўшы, зрабіў у следчай камісіі заяву, што «шпіёнства апаганьвае чалавека», што грамадства, пабудаванае на асновах шпіёнства, «не вартае гэтай назвы», і адмовіўся ад далейшых паказанняў: «Прычыны і вынікі мной добра абдуманы, а ўсведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншаму шляху».
Таму на наступны дзень Асобая следчая камісіі вырашыла скончыць следства над Каліноўскім і накіравала свой даклад і следчую справу Мураўёву, які патрабуе паўстанца «аддаць ваеннаму суду і скончыць гэты суд за трое сутак». На думку камісіі, Каліноўскі — «адзін з самых адданых справе паўстання і найбольш дзейных яго кіраўнікоў у тутэйшым краі». Цікавасць да яго асобы была настолькі вялікай, што да яго шматразова наведваліся многія расійскія чыноўнікі, набліжаныя Мураўёва. Сярод іх малады А. Масолаў, для якога Каліноўскі запомніўся як «моцнага складу і з тварам жорсткім і выразным, кароткія русыя валасы былі зачэсаны назад».
Я не праціўнік шчасця народнага
Ужо па заканчэнні следства Каліноўскі напісаў некалькі запісак, якія маглі б патлумачыць яго асабістыя погляды на Паўстанне. Але з іх захавалася толькі адна, напісаная 12 сакавіка, у якой ён адзначыў: «Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія пасягаюць наш край няшчасны». У апошніх радках ён пакідае сабе права «цешыць сябе надзеяй, што адновіцца народнае дабро. Дай Бог толькі, каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашыя не пралівалі лішняй братняй крыві».
Адначасова Каліноўскі праз цётку Марысі Ямант — Ядвігу Макрыцкую падтрымліваў ліставанне са сваёй нарачонай і перадаваў на волю зрабіўшыя яго неўміручым «Лісты з-пад шыбеніцы». У іх паказвалася, «як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».
13 сакавіка ў 10 гадзін раніцы пры Віленскім ардананс-гаўзе быў распачаты суд, які быў толькі фармальнай справай. Каліноўскі падпісаў усе прапанаваныя яму дакументы, адзначыў, што не мае прэтэнзій да членаў суда і больш не можа нічога дадаць у сваю абарону. Затым запоўнілі пратаколы і на гэтым скончылі.
Ужо на наступны дзень, 14 сакавіка, Каліноўскаму быў вынесены прысуд: «За прыняцце звання члена рэвалюцыйнага камітэта Літвы і пасля таго галоўнага распарадчыка паўстання ў тутэйшым краі, а разам з тым за здраду дзяржаве, схіленне да бунта жыхароў… пакараць смерцю — расстраляць». Але 16 сакавіка Каліноўскаму замянілі меру пакарання на павешанне, падкрэсліўшы яго імкненне працягнуць паўстанне вясною 1864 года. 17 сакавіка Мураўёў вызначыў месца пакарання — Вільня.
Апошнія дні свайго жыцця Каліноўскі знаходзіўся пад наглядам генерал-лейтэнанта А.С. Вяткіна. Менавіта камендант накіраваў 21 сакавіка віленскаму каталіцкаму дэкану, прэлату А. Нямекшы звычайную для такога моманту просьбу: прыслаць на наступны дзень на 7 гадзін ранка ксяндза. Ён павінен быў падрыхтаваць і суправадзіць Каліноўскага на смерць. Але дыктатар паўстання адмовіўся ад дапамогі: на смерць, да якой даўно рыхтаваўся, ён павінен ісці адзін.
У нас няма дваран, усе роўныя!
1864-ы. Сакавіцкі ранак. Вільня. Надвор’е халоднае, але яснае. Да Лукішскай плошчы з розных куткоў горада і ваколічных вёсак брылі людзі, утвараючы бліжэй да пляца суцэльны натоўп. Адны з іх пахілілі галовы ў жалобе. Тут жа чародкі жанчын з мокрымі ад слёз пачырванелымі вачыма. Другія ледзь валаклі ногі: на іх тварах адначасова і разгубленасць, і спалох, быццам толькі цяпер зразумелі, што згубілі нешта, страчанае ўжо даўно, — хіба надзею? Трэція свяціліся прадчуваннем блізкага відовішча. Чацвёртыя выпраменьвалі чорнае святло нянавісці. Але ўсе прысутныя былі стомленыя чаканнем гэтага Рубікону, фіналу расцягнутай трагедыі пад назваю «Паўстанне».
Пасярод людскога мора — лысіна з адзінока тырчэлай у яе цэнтры шыбеніцай, што парыпвала маладым дрэвам, ад якога так прыемна пахла. І толькі салдаты не давалі магчымасці жывым хвалям з усё падыходзячых і падыходзячых людзей паглынуць гэты астравок смерці.
Раптам па людскіх шэрагах паляцелі сарваныя з чыіхсьці вуснаў словы: «Круль Літвы, Круль Літвы». З боку Дамініканаў рухаўся вялізны канвой, распіхваючы людзей, а тыя позіркамі шукалі дзесьці сярод іх абрысы сталага ўжо жывой легендай Кастуся. Пакуль яшчэ жывой.
І якім жа было расчараванне натоўпу, калі на памост шыбеніцы ўзышоў сярэдняга росту малады чалавек, са злёгку растрапанымі, зачасанымі назад валасамі. Такі падобны на тых, хто глядзелі на яго вялізнымі вачамі, яшчэ чакаючымі нейкіх цудаў. Няўжо гэта ён, хто прымушаў працаваць усю паліцыю краю, кінутую на яго вышук? Няўжо ён, хто трымаў у страху здраднікаў? Няўжо ён, хто падтрымліваў апошняе вуголле згаслага паўстання?
Каліноўскі стаў тварам да шыбеніцы, раз за разам адпраўляючы доўгія позіркі ў людское мора, быццам кагосьці шукаючы. Ці не сваю каханую?
Загучалі барабаны. Натоўп ахінула цішыня. Пачуліся словы прысуду, якія Каліноўскі разбаўляў кароткімі каментарамі і ў канцы на «Дваранін Вікенцій Каліноўскі» прамовіў вечныя: «У нас няма дваран, усе роўныя!»
Чытанне прысуду скончылася. Каліноўскаму на шыю кат надзеў вяроўку. Кастусь глядзеў на натоўп, з нейкаю ўпэўненасцю і веданнем чагосьці, пакуль яшчэ недасяжнага гэтым людзям. І на памяць нам.
Якімі былі апошнія думкі Кастуся Каліноўскага? Магчыма, ён згадаў напісаны незадоўга да арышту ліст да свайго сябры Длускага, у якім пракрэсліў: «Пакуль Бог ахоўвае, а калі прыйдзецца павіснуць, дык хай будзе на пацеху ўсім літоўскім панам і прасветлай Маскве».