Ціханоўская ўзнагародзіла вучоных у гонар гадавіны пачатку паўстання Каліноўскага (фота, відэа)
Сёння Святлана Ціханоўская правяла ўзнагароджанне навукоўцаў, якія ўдзельнічалі ў выяўленні і даследаванні астанкаў Кастуся Каліноўскага. Нагодай стала гадавіна паўстання Каліноўскага, якое пачалося 1 лютага 1863 года.
Святлана Ціханоўская ў будынку Нацыянальнага музея Літвы ўзнагародзіла Знакам каманднага гонару навукоўцаў, датычных да гэтага даследвання:
«Сімвалічна, што гэтая выстава раней знаходзілася у будынку старога ізалятара, дзе пазначаная камера кожнага з паўстанцаў – Каліноўскага і іншых. Нажаль, зараз для беларусаў словы «ізалятар», «турма» і «камера» – не гісторыя, а цяжкая сучаснасць. У нас ёсць новыя ахвяры і новыя героі. Але я ўпэўненая, што вельмі хутка кожны з нашых герояў будзе на свабодзе, а кожны са злачынцаў атрымае пакаранне паводле закону. А ў Жодзіна, на Валадарцы і на Акрэсціна беларусы зробяць музеі, дзе кожнае імя будзе напісанае назаўсёды», — сказала Святлана Ціханоўская.
Некалькі гадоў таму ў Вільні на гары Гедыміна пры сходзе грунту былі знойдзеныя парэшткі 19 стагоддзя. Пасля навукоўцы ўстанавілі, што гэта парэшткі пакараных лідараў паўстання, і змаглі даказаць, што сярод іх ёсць і Кастусь Каліноўскі. У лістападзе 2019 года ў Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія іх перапахавання, у якой прынялі ўдзел прэзідэнты Літвы і Польшчы, віцэ-прэм'ер Беларусі і мноства звычайных беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
t.me/tsikhanouskaya