Чужыя «рускаму жыццю»

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай разам з беларускімі тэрыторыямі імперскаму ўраду дасталіся ў спадчыну адметнасці былога права. Новай з’явай для расійскага заканадаўства стала мястэчка — не вядомы да таго тып паселішча, які лічыўся чужым «рускаму жыццю».

Давыд-Гарадок. Сінагога

Давыд-Гарадок. Сінагога

Мястэчка

За стагоддзі гісторыі большасць мястэчак увабралі ў сябе рысы мінулых эпох, занатаваных у абліччы культавай архітэктуры, планіроўцы гандлёвай плошчы, шараговай грамадскай забудове. Яны арганічна злучылі элементы гарадскога і сельскага асяроддзя, што праяўлялася ў планіроўцы ды забудове паселішча і гаспадарчых занятках насельніцтва.

У часы ВКЛ многія мястэчкі былі прыватнаўласніцкімі. Яны ўтвараліся яшчэ з XV–XVI стагоддзяў як месцы правядзення таргоў. Каб садзейнічаць эканамічнаму росту на сваіх землях, уладары запрашалі на іх яўрэяў, ведаючы пра іх досвед у гандлі і грашовых аперацыях. Яўрэі са старажытных часоў насялялі беларускія, літоўскія, украінскія мястэчкі, яўрэйская культура і традыцыі з’яўляюцца адметнай старонкай гарадской гісторыі, што на стагоддзі прадвызначыла знешні выгляд паселішчаў і местачковы каларыт.

Мястэчкі з’яўляліся і рэлігійнымі цэнтрамі акругі. У іх структуры абавязкова існавалі культавыя пабудовы: царква, касцёл, мячэць, сінагога, якія адыгрывалі важную ролю ў фарміраванні прасторы паселішча. Найбольш распаўсюджаным для беларускіх мястэчак быў «трохкутнік»: царква — касцёл — сінагога. І сёння, калі набліжаешся да мястэчка, здалёк можна пабачыць сілуэты шпіляў касцёла і царквы, зрэдку — рэшткі сінагогі, апошняга напаміну пра выкраслены з гісторыі народ, чужы і адначасова блізкі нашым продкам.

Сінагога ў Волпе

Сінагога ў Волпе

Сінагога: дом сустрэч

Сінагога была важным будынкам для яўрэйскай грамады, выкарыстоўвалася не толькі для адпраўлення культу, але і ў якасці месца збору і абмеркавання важных пытанняў, што стаялі на парадку дня, навін і проста чутак. У залежнасці ад колькасці яўрэяў, сінагог у мястэчку магло налічвацца да дзясятка і больш.

І цяпер на тэрыторыі Беларусі захавалася каля сотні будынкаў сінагог, з якіх толькі шостая частка мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Амаль усе захаваныя сінагогі каменныя. Але яшчэ да Другой сусветнай вайны ў Беларусі існавалі драўляныя сінагогі — унікальныя архітэктурныя аб’екты, што былі распаўсюджаныя ва Усходняй Еўропе.

Драўляныя сінагогі будаваліся па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, а пасля далучэння да Расійскай імперыі — у раёнах мяжы яўрэйскай аселасці. У XIX стагоддзя яўрэі ўжо заходніх губерняў Расійскай імперыі выступалі за выкарыстанне на патрэбы будаўніцтва дрэва як больш таннага і даступнага ў параўнанні з цэглай матэрыялу. Варыятыўнасць архітэктуры сінагог была досыць вялікай: яны вылучаліся сярод іншых пабудоў формай дахаў, масіўнасцю, якая вынікала з вялікага аб’ёму галоўнай залі, складанасцю дахавай сістэмы. Многія з іх былі сапраўднымі творамі мастацтва.

Сінагога ў Азёрах

Сінагога ў Азёрах

Ваенныя разбурэнні, шматлікія пажары прывялі да таго, што найбольш раннія з вядомых драўляных сінагог датуюцца XVII стагоддзем. Галоўныя залі ў іх мелі квадратную форму, часцей за ўсё абмяжоўваліся памерамі 10–12 метраў (без уліку сенцаў і знешніх прыбудоў). Адметнай рысай у будаўніцтве драўляных сінагог было аб’яднанне залі і дахавай сістэмы ў адзіны канструкцыйны ўклад. Шмат’ярусныя, ламаныя дахі драўляных сінагог XVII–XVIII стагоддзяў нагадвалі сваім знешнім выглядам старазапаветную Скінію.

Раннія драўляныя сінагогі, найчасцей, мелі адну залю, якая аддзялялася ад галоўнага ўваходу невялікім пакойчыкам — накшталт сенцаў — з-за патрабаванняў Талмуда, які сцвярджаў, што ўваход у сінагогу ажыццяўляўся праз двое дзвярэй. Жаночыя галерэі і іншыя элементы, неабходныя яўрэйскай абшчыне, з’явіліся пазней, на мяжы XVII–XVIII стагоддзяў. Галоўная вось будынка праходзіла ў кірунку «ўсход-захад». Усходняя сцяна, дзе знаходзіўся Каўчэг Запавету (арон-кадэш), не абцяжарвалася ніякімі прыбудовамі, а ўваход у сінагогу быў з заходняга боку.

Сінагога ў Сапоцкіне

Сінагога ў Сапоцкіне

Архітэктура сінагог XVII–XVIII стагоддзя развівалася пад уплывам барока, што праглядалася, у асноўным, у пластыцы формаў (крывалінейныя франтоны, пілястры, карнізы). Найбольш яскравым прыкладам з’яўлялася сінагога ў мястэчку Воўпа. Для сінагог таго часу было характэрна дамінаванне галоўнай залі, пакрытай шматузроўневай ламанай страхой, над іншымі прыбудовамі. На тэрыторыі Беларусі гэта сінагогі ў мястэчку Нароўля, Кажан-Гарадок, Мсціслаў, Пінск. У гэтых будынках вылучаўся галоўны фасад, жаночыя галерэі працягваліся ўздоўж паўднёвай і паўночнай сцен, у іх можна было патрапіць праз маленькія дзверы. Сенцы і бабінец прыкрывалі шэрагі невялікіх двухсхільных або аднасхільных дахаў. Заходнія куты ў найбольш архітэктурна развітых сінагогах былі аддзелены ў двухпавярховыя алькежы разнастайных формаў. Хутчэй за ўсё, з’яўленне алькежаў у сінагогах — гэта запазычанне з архітэктуры шляхецкіх маёнткаў, дзе, у сваю чаргу, яны з’явіліся пад уплывам барока.

Сінагога ў Жлобіне

Сінагога ў Жлобіне

Уплыў імперыі на архітэктуру

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яўрэйскае насельніцтва далучаных да Расійскай імперыі тэрыторый апынулася пад новай уладай, дзе панавалі іншыя падыходы ў будаўніцтве. У адносінах да грамадскіх будынкаў адной з дамінуючых умоў станавілася пажарная бяспека, як вынік — павялічваецца колькасць мураваных сінагог. Для новых будынкаў складаўся шэраг правілаў, замацаваных у Будаўнічым і Пажарным статутах Расійскай імперыі. Сінагогу дазвалялася будаваць на адлегласці не менш за 50 сажняў ад хрысціянскай царквы, калі будынкі знаходзіліся на розных вуліцах, і 100 сажняў — калі на адной. План сінагогі замаўлялі ў архітэктара, пасля ён зацвярджаўся будаўнічай камісіяй.

Сінагогі мусілі адпавядаць і агульным патрабаванням, якіятычыліся грамадскай і прыватнай забудовы: будаўніцтва не менш чым у 4 сажнях ад суседняга будынка, пакрыццё страхі дазволеным матэрыялам — дранка, гонта, дахоўка. Увага надавалася пажарнай бяспецы і пры складанні печы, заўвагі на гэты конт можна сустрэць у дакументах губернскіх праўленняў.

Сінагога ў Баранавічах

Сінагога ў Баранавічах

У перыяд Расійскай імперыі адміністрацыяй здзяйсняліся захады па абмежаванні свабодаў у адносінах да яўрэяў — гэта адбілася на матэрыяльным узроўні абшчыны. Перавага ў архітэктуры сінагог пачала аддавацца больш танным, тыповым рашэнням. Панаванне складаных барочных формаў саступае класічным простакутным залам з сенцамі і бабінцам над імі, дахі пазбаўляюцца зводаў, іх будаўніцтва пераходзіць на звычайную кроквенную сістэму з двухсхільнай, вальмавай, або мансарднай, страхой. Вялікія ламаныя аб’ёмы замяняюцца простымі аднаўзроўневымі. Зала, сенцы і бабінец будаваліся на аднолькавай вышыні ў адным аб’ёме, перакрытым агульным дахам. Найбольш бедныя сінагогі ўвогуле архітэктурна не выдзяляліся з шараговай местачковай забудовы.

Архітэктура сінагог ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў звычайна мае шэраг вызначальных рысаў: будынак простакутны або квадратны ў плане, з добра прагляданай з заходняга боку жаночай часткай і з асобным уваходам у яе. Калі жаночая частка месцілася над мужчынскім пярэднім пакоем, у яе вяла асобная лесвіца, якая, у сваю чаргу, магла быць адкрытай з вуліцы ці размяшчацца ўнутры будынка. У абодвух выпадках уваходы ў мужчынскую і жаночую часткі падзяляліся.

Сінагога ў Вілейцы

Сінагога ў Вілейцы

Сінагога = школа

У справаводстве Расійскай імперыі тэрміны «школа» і «сінагога» часта былі сінанімічныя. Невялікі малітоўны дом з двухсхільнай страхой называлі «малітоўная школа», ці проста «школа». Такая назва магла паходзіць ад «shul» — так на ідыш называлі сінагогу. Адсюль і назва сінагальнага двара — «школьны», і «школьных» вуліц у мястэчках.

У архіўных дакументах будаўнічых аддзяленняў губернскіх камісій можна сустрэць прашэнні мяшчан аб арганізацыі малітоўных школ у сваіх прыватных будынках. Цікавасць прадстаўляе прашэнне гарадоцкага мешчаніна Хазанава аб уладкаванні ў сваім доме малітоўнай школы ў 1879 годзе. Падобны зварот мешчаніна Гінзбурга меў месца ў Віцебску ў 1885-м. У Полацку мешчанін Давід Вігдэргаўз прасіў аб аднаўленні старой і будаўніцтве новай малітоўнай школы на тэрыторыі, што належала Богаяўленскаму манастыру і здавалася ў арэнду. Прычым, адну школу меркавалася адкрыць у доме, гаспадаром якога быў протаіерэй Юркевіч.

Сінагога ў Гродна

Сінагога ў Гродна

Не вайна, дык час…

Падзеі Другой сусветнай вайны прадвызначылі лёс драўляных сінагог — яны былі знішчаны падчас акупацыі. Тыя, што перажылі вайну, трапілі пад бульдозеры ў часы інтэнсіўнай перабудовы паселішчаў гарадскога тыпу. Некалькі драўляных будынкаў выратавала перадача ў жылы фонд ці выкарыстанне ў грамадскай сферы.

У Лепелі напачатку XX стагоддзя існавала некалькі сінагог. Той будынак, што захаваўся да нашага часу, быў узведзены, па розных дадзеных, у 1918 годзе (па інфармацыі Лепельскага гарвыканкама) ці ў 1924-м (згодна з артыкулам Аркадзя Шульмана). Архітэктура сінагогі тыповая для XIX — пачатку XX стагоддзяў: падобныя рашэнні можна ўбачыць на фотаздымках сінагог у Бярозе, Докшыцах, Магілёве, Жлобіне.

Сінагога ў Івянцы

Сінагога ў Івянцы

У Любані яшчэ да 2009 года стаялі побач дзве драўляныя былыя сінагогі. З адной з іх звязана імя рабіна Мошэ Файнштэйна — вядомага даследчыка іудзейскага права. У 1996 годзе на сцяне адной з іх з’явілася мемарыяльная дошка, якая прысвечана жыццю і дзейнасці гэтага чалавека, але ў 2009-м сінагога была знішчана, а дошка перанесена на суседні будынак, у якім зараз знаходзіцца музычная школа.

Сінагога ў Лепелі. Фота Андрэя Дыбоўскага, 2005 г.

Сінагога ў Лепелі. Фота Андрэя Дыбоўскага, 2005 г.

Ніводны з гэтых будынкаў не ахоўваецца дзяржавай. Таму лёс іх, напэўна, залежыць ад зацікаўленасці патэнцыйнага інвестара ці зменаў у новым горадабудаўнічым праекце мясцовага гарвыканкама.

Сінагога ў Любані. Фота Аляксея Друпава, 2015 г

Сінагога ў Любані. Фота Аляксея Друпава, 2015 г