Сто гадоў «чырвонаму тэрору»

Беларусь, як дзяржава, яшчэ не была створаная, а яе органы прымусу ўжо дзейнічалі. У гэтай быццам бы бязглуздзіцы ёсць патаемны сэнс: савецкая дзяржава, яшчэ нават не народжаная, ужо была дзяржавай тэрору і прымусу.

Белагвардзейскі плакат з выявай чырвонага тэрору

Белагвардзейскі плакат з выявай чырвонага тэрору


У чарговы юбілей — стагоддзе «чырвонага тэрору», пачаткам якога лічыцца 5 верасня, — ёсць падставы ўспомніць «поспехі» карных органаў.
Слова «тэрор» мае два значэнні. Ён разглядаецца як гвалт аж да фізічнага знішчэння (забойства) у адносінах да палітычных праціўнікаў, і як тактыка запалохвання. Прыхільнікамі тэрору былі ўсе вядомыя кіраўнікі савецкай дзяржавы: Ленін, Троцкі, Сталін, Дзяржынскі, Свярдлоў, Калінін і шмат хто іншы, чые прозвішчы і сёння носяць вуліцы беларускіх гарадоў. Менавіта яны зрабілі тэрор дзяржаўнай палітыкай, якая была афіцыйна абвешчаная і занатаваная у дзяржаўным законе, што пасля ўтварэння беларускай дзяржавы быў распаўсюджаны і на яе тэрыторыю. Тэкст гэтага дакумента:
 «ПАСТАНОВА
ад 5 верасня 1918 года «Аб чырвоным тэроры»
Савет Народных Камісараў, заслухаўшы даклад Старшыні Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і злачынствамі па пасадзе аб дзейнасці гэтай Камісіі, знаходзіць, што пры дадзенай сітуацыі забеспячэнне тылу шляхам тэрору з'яўляецца непасрэднай неабходнасцю; што для ўзмацнення дзейнасці Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і злачынствам па пасадзе і ўнясення ў яе большай планамернасці неабходна накіраваць туды магчыма большую колькасць адказных партыйных таварышаў; што неабходна абараніць Савецкую Рэспубліку ад класавых ворагаў шляхам ізаляванасці іх у канцэнтрацыйных лагерах; што падлягаюць расстрэлу ўсе асобы, датычныя да белагвардзейскіх арганізацый, змоваў і бунту; што неабходна апублікаваць імёны ўсіх расстраляных, а таксама падставы прымянення да іх гэтай меры.
Падпісалі: Народны Камісар Юстыцыі Д. Курскі
Народны Камісар па Унутраных Справах Г. Пятроўскі
Кіраўнік Справамі Савета Народных Камісараў Ул. Бонч-Бруевіч»
Савецкая гістарыяграфія разглядала «чырвоны тэрор» як вымушаны адказ маладога савецкага кіраўніцтва на «белы тэрор» з боку прыхільнікаў царскай улады падчас грамадзянскай вайны. Але сёння лёгка знайсці шмат дакументаў, якія сведчаць пра адваротнае.

teror1.png


Па-першае, «чырвоны тэрор» не быў «вымушанай мерай абароны». Маецца дастаткова выказванняў тэарэтыкаў і практыкаў «марксізма і ленінізма», якія бачаць у рэвалюцыйным тэроры найбольш эфектыўны спосаб абароны сваёй улады. Яшчэ ў траўні 1901 года Ленін пісаў: «Прынцыпова мы ніколі не адмаўляліся і не можам адмаўляцца ад тэрору. Гэта — адно з ваенных дзеянняў, якое можа быць цалкам прыдатна і нават неабходна ў пэўны момант бітвы, пры пэўным стане войска і пры пэўных умовах» (Ленін, ПЗТ, т. 5, с. 7).
Падчас станаўлення савецкай таталітарнай сістэмы галоўным момантам дзяржаўнага жыцця стала так званая «карная палітыка» — афіцыйнае азначэнне, якое ўжывалася ў тагачасных дакументах для вызначэння адносін дзяржавы да тых, хто не згодзен з палітыкай дзяржавы. 
Спачатку «карную палітыку» ажыццяўлялі неканстуцыйныя органы — харчатрады, камбеды, рэўкомы. Яны, як тады казалі, «рабавалі нарабаванае» — адбіралі ў заможных людзей тое, што патрабавалася дзяржаве ці падабалася ўдзельнікам экспрапрыяцый.
Па-другое, палітыка тэрору пачалася яшчэ да пачатку грамадзянскай вайны. Першапачатковыя органы савецкай улады, якія тады называліся карнымі, былі створаныя менавіта для ажыццяўлення дзяржаўнага тэрору супраць насельніцтва, нязгоднага з палітыкай экспрапрыяцый. Да гэтых органаў належалі пралетарскія суды, рэвалюцыйныя трыбуналы і надзвычайныя камісіі.
Вызначаючы задачы судоў, Ленін пісаў: «Нам трэба дзяржава, нам трэба прымус. Органам пралетарскай дзяржавы, якая ажыццяўляе такі прымус, павінны быць савецкія суды». Стварэнне савецкай судовай сістэмы было аформленае ў лістападзе 1917 года Дэкрэтам «Аб судзе» №1. Дэкрэт усталёўваў 2 тыпы судоў: мясцовыя агульнаграмадзянскія і рабоча-сялянскія трыбуналы. Апошнія прызначаліся для разгляду найбольш важных спраў, звязаных з контррэвалюцыйнай дзейнасцю. І суды, і трыбуналы выносілі свае рашэнні, карыстаючыся «рэвалюцыйнай мэтазгоднасцю», якая грунтавалася на «класавых інтарэсах».
Галоўная роля ў рэгуляванні адносін асобы і савецкай дзяржавы, аднак, адводзілася не судам, а рэвалюцыйным трыбуналам, якія былі створаныя з ліку адказных палітычных работнікаў, і надзвычайным камісіям. Менавіта гэтыя структуры былі ініцыятарамі «чырвонага тэрору» і ажыццяўлялі яго. Карная палітыка падтрымлівалася спецыяльнымі вайсковымі фарміраваннямі — «часткамі асобага прызначэння». Гэта былі ваенна-партыйныя атрады, якія спачатку ствараліся пры завадскіх партыйных ячэйках, райкамах, гаркамах партыі бальшавікоў, а потым увайшлі ў склад міліцыі. Свае вайсковыя часткі мелі і надзвычайныя камісіі.
Па-трэцяе, расійскі тэрмін «грамадзянская вайна» да гісторыі Беларусі прымяняць проста нельга. Да «белага руху» Беларусь мае толькі тое дачыненне, што ў Магілёве быў забіты галоўнакамандуючы царскімі войскамі генерал-лейтэнант Духонін, а ў Быхаве, пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Расіі летам 1917 года, заходзіліся ў турме з верасня па лістапад будучыя кіраўнікі «белага руху» генералы Карнілаў, Дзянікін і іншыя, якія адсюль выбраліся на Дон. Беларускі супраціў — у тым ліку і сялянскі, і рабочы — савецкай уладзе, не меў ніякага дачынення да «белага руху».
Сёння пад «чырвоным тэрорам» разумеецца шырокамаштабная кампанія рэпрэсій бальшавікоў, якія адбываліся па сацыяльнай прыкмеце, накіраваная супраць саслоўяў і сацыяльных груп, якіх бальшавікі лічылі перашкодай для дасягнення мэтаў сваёй партыі.
1 лістапада 1918 года адзін з кіраўнікоў УНК Марцін Лаціс апублікаваў указанні мясцовым органам НК, у якіх найлепшым чынам былі сфармуляваныя пазіцыі партыі ў гэтым пытанні: «Не шукайце ў справе абвінаваўчых доказаў — паўстаў ён супраць Саветаў са зброяй або на словах. Першай справай вы павінны яго спытаць, да якога класа ён належыць, якога ён паходжання, якая ў яго адукацыя і якая прафесія. Вось гэтыя пытанні і павінны вырашыць лёс. У гэтым сэнс і сутнасць чырвонага тэрору».
Чырвоны тэрор доўжыўся да 1922 года. За гэты час было расстраляна прыкладна 1,7 — 1,8 млн. чалавек — менавіта такія лічбы распаўсюджаныя ў замежным (у першую чаргу, сярод рускай эміграцыі) друку, хоць часам прыводзяць і значна большыя лічбы. Лаціс у кніжцы «Два гады барацьбы на ўнутраным фронце» прывёў лічбу расстраляных 8389 чалавек за 1918 — першую палову 1919 года.

Каля будынка харкаўскай НК пасля вызвалення горада белымі. Лета 1919

Каля будынка харкаўскай НК пасля вызвалення горада белымі. Лета 1919

У Беларусі чырвоны тэрор меў свае асаблівасці. Ён быў скіраваны на ўзяцце закладнікаў (пра гэта «Новы час» ужо пісаў), на тэрор супраць мірнага насельніцтва, якое па тых ці іншых прычынах падалося карным органам бальшавікоў варожым, і супраць дэзерціраў Чырвонай арміі. Пра тое, як адбываўся чырвоны тэрор у Беларусі, пра атмасферу тэрору, сведчыць ліст, які быў накіраваны ў жніўні 1919 года кіраўнікамі Літоўска-Беларускай Рэспублікі ў Маскву — Феліксу Дзяржынскаму: 
«…Для ілюстрацыі бескантрольных паводзін НК ЛітБел лічым патрэбным прывесці шэраг фактаў, пра якія вядома шырокім колам партыйных таварышаў ЛітБел.
Яшчэ раней мы паведамлялі пра расстрэл у Мінску без апавяшчэння арганізацыі двух польскіх камуністаў: т. Квека і т. Занко, адносна вінаватасці якіх нам нічога не маглі сказаць прадстаўнікі НК ЛітБел. З іх справай дагэтуль нам не далі магчымасці азнаёміцца, нягледзячы на наш неаднаразовы зварот.Расстрэл гэтых двух камуністаў — толькі яскравы прыклад таго, як працавала наша НК і як выконваліся там смяротныя прысуды. Адносна апошняга ў нас маюцца некаторыя звесткі. Выпадкова Член ЦК Міцкевіч быў адзін раз на паседжанні «Тройкі» (т. Тарашкевіч і два тт. з Асобага Аддзела Захфронта), дзе выносіліся смяротныя прысуды. Пры гэтым зусім не разглядаліся справы прыгавораных, не было іх спраў нават на стале, а па памяці выносіліся прысуды. Былі выпадкі, калі ніхто з прысутных не ведаў, у чым абвінавачваецца такі-та. Тады пыталіся пра гэта ў аднаго або другога супрацоўніка і заносілі прозвішча арыштаванага ў спіс падлягаючых расстрэлу. Міцкевіч спачатку думаў, што гэта якая-небудзь папярэдняя нарада, але потым высветлілася, што гэта было афіцыйнае паседжанне «Тройкі». Ці было больш такіх пасяджэнняў, нам не вядома.
Аднак са слоў супрацоўнікаў НК вядома, што часам сябры «Тройкі» і прадстаўнікі Асобага Аддзела проста-такі заходзілі ў камеру, апытвалі арыштаваных, у чым яны абвінавачваюцца, і тут жа адводзілі адных направа, іншых налева. Адна з гэтых партый неадкладна адводзілася на расстрэл. Некаторыя ратаваліся тым, што хаваліся за дзвярыма. Між іншым, гэта мела месца ў Мінскай НК у ноч з 28 на 29 ліпеня. Падлягаючыя расстрэлу часам тут жа ў камеры разуваліся і распраналіся. Потым служачыя НК у прысутнасці арыштаваных шумна дзялілі паміж сабой іх маёмасць…
Прысуджаныя да расстрэлу часам маглі выкупляцца. Гэта рабілася афіцыйным шляхам. Назначалася пэўная сума — у 40 ці колькі там тысяч. У выпадку ўнёску — вызваляўся, у выпадку няўнёску — расстрэльвалі. Так быў расстраляны нейкі Футэр, за якога быў прызначаны выкуп у 40 або 60 тысяч, але гэтая сума своечасова не была занесеная.
У Мінску ўпарта цыркулявалі чуткі, што на глебе выкупу ўтварылася «спекуляцыя». Рабочыя абураліся, што такім чынам спекулянты могуць вызваляцца, а бедныя падлягаюць расстрэлу.
Відавочна, у панічным стане перад сваімі ўцёкамі старшыня НК ЛітБел разам з прадстаўніком Асобага Аддзела Захфронта Антонавым, як сцвярджалі некаторыя супрацоўнікі НК, у п’яным выглядзе здзейснілі пачварную экзекуцыю над прысуджанымі да расстрэлу. Перш чым расстраляць іх, яны здзекаваліся над імі настолькі, што некаторыя супрацоўнікі з гэтай нагоды нават выказалі пратэст перад ЦК ЛітБел. Калі нічога не атрымалася выпытаць, сем чалавек былі расстраляныя; у жывых пакінуты толькі Глухоўскі, маці і бацька якога на яго вачах былі расстраляныя. Трупы расстраляных былі пакінутыя на двары НК, у склепе, не закапанымі ў зямлю…
Потым Тарашкевіч з задавальненнем заявіў, што ім расстраляна ў нас 167 чалавек. Гэта павінна служыць доказам таго, што такім чынам выкаранена ў Беларусі контррэвалюцыя. На самай справе бессістэмнымі расстрэламі направа і налева пры тым становішчы, якое мы бачылі, было толькі ўзмоцнена варожае стаўленне насельніцтва да савецкай улады, і не толькі сярод буржуазіі, але і сярод працоўных. Да глыбіні душы былі абураныя паводзінамі НК нават многія партыйныя таварышы. Нам каштавала немалых намаганняў, каб супакоіць Мінскі Рабочы Полк, які гатовы быў разнесці НК».

Аўтограф Осіпа Тарашкевіча, надрукаваны С.Крапівіным

Аўтограф Осіпа Тарашкевіча, надрукаваны С.Крапівіным

Калі ў Мінск у пачатку верасня 1919 года прыйшлі польскія войскі, судовыя органы заняліся раскопкамі магіл тых, каго расстралялі ў Мінскім НК. Да 2 верасня было выкрыта 10 магіл, з якіх вынялі 42 трупы са звязанымі ззаду рукамі. Парэшткі ахвяраў «чырвонага тэрору» перадалі сваякам для пахавання па рэлігійных абрадах.
Найменш за астатнія маецца звестак пра барацьбу з дэзерцірствам, якое пашырылася з увядзеннем абавязковай вайсковай павіннасці. Толькі ў чэрвені 1919 года ў Магілёўскім уездзе дэзерціры складалі 25% тых, каго прызывалі ў Армію. У канцы 1919 года нават былі створаныя цэнтральная, а таксама губернскія і павятовыя камісіі па барацьбе з дэзерцірствам. Займалася вынішчэннем дэзерціраў міліцыя. У тым жа чэрвені 1919 года ў адным Клімавіцкім уездзе было злоўлена 250 дэзерціраў.
Чырвоны тэрор, які павінен быў дапамагчы ўсталяванню савецкай улады, меў яшчэ адну мэту. Ён павінен быў запалохаць адукаваных людзей і прымусіць іх працаваць у савецкіх установах. Як заўважыў з гэтай нагоды Троцкі: «Тэрор як дэманстрацыя сілы і волі працоўнага класа атрымае сваё гістарычнае апраўданне менавіта ў тым факце, што пралетарыяту ўдалося зламаць палітычную волю інтэлігенцыі».
Чырвоны тэрор і далейшыя рэпрэсіі мелі наступствы, якія адчувальныя і сёння. І гэта не толькі страчаныя жыцці мільёнаў людзей. Галоўнае — гэта страх перад карнымі органамі дзяржавы. Ад гэтага страху людзі станавіліся сексотамі, услаўлялі бальшавіцкіх кіраўнікоў, пісалі даносы на сваіх родных. Гэты страх і сёння непераадолены. Нават за 100 гадоў.