Дні, якія вызначылі будучыню (працяг)
У адрозненне ад «прыгожынскага мяцяжу», калі панядзелак, 26 чэрвеня, быў абвешчаны ў Маскве непрацоўным днём, панядзелак, 4 кастрычніка 1993-га, ніхто непрацоўным не аб’яўляў. Але тое, што аніякай працы не будзе, ніхто не сумняваўся. Падзеі ночы з 3-га на 4-га і войскі з бронетэхнікай, сцягнутыя да цэнтру горада, не пакідалі ў гэтым аніякіх сумневаў.
Пачатак
Войскі ў горадзе
Абодва бакі процістаяння выдавалі звароты да грамадзянаў; адны — за заклікам абараняць дэмакратыю і Вярхоўны Савет, другія — абараняць дэмакратыю і Ельцына. Самім грамадзянам было цяжка разабрацца ў сітуацыі, таму, напрыклад, сярод тых, хто трапіў пад агонь у Астанкіна, былі як прыхільнікі ВС, так і тыя, хто прыйшоў туды на заклік Ягора Гайдара, каб абараняць тэлецэнтр ад камуна-фашыстаў. У закліках абодва ж бакі абяцалі выдаць зброю тым грамадзянам, якія зоймуць іхні бок у процістаянні. І зброя, сапраўды, выдавалася: хоць і не ў надта вялікай колькасці, але, як і варта чакаць у такой сітуацыі, досыць бескантрольна.
У тую ж ноч у Маскву пачалі прыбываць злучэнні Таманскай, Канцэміраўскай дывізіяў, дывізіі імя Дзяржынскага, іншыя часткі, верныя Ельцыну. Паміж імі праз адсутнасць нармалёвай арганізацыі адбываюцца перастрэлкі, пры гэтым некалькі байцоў гінуць ці атрымліваюць раненні. Войскі адкрываюць агонь на паражэнне і па тых аб’ектах, якія падаюцца ім падазронымі. Ці проста ад нуды салдацкае службы, калі, урэшце, далі магчымасць «адарвацца» са зброяй у руках, і не дзе-небудзь, а на вуліцах самой Масквы.
А зранку ў цэнтр горада, да будынка Вярхоўнага Савета («Белы дом») і на суседнія вуліцы пачалі збірацца натоўпы масквічоў. Яны не выказвалі спачуванняў аніводнаму з бакоў і не мелі на мэце далучыцца да процістаяння. Ім проста было цікава зірнуць на такі каласальны атракцыён. У выніку ўтваралася жахлівая сумесь грамадзянскіх (у тым ліку — жанчын і дзяцей) і ўзброеных вайскоўцаў, якія бачылі ў кожнай незнаёмай фігуры свае патэнцыйныя цэлі. Нават калі гэтыя фігуры не ўяўлялі для іх нейкай небяспекі.
Паколькі заняткі ва ўніверсітэце былі адменены, я, як і шмат хто з маіх таварышаў, таксама накіраваўся да месца падзеяў. Гісторыкам варта бачыць, як тая самая гісторыя робіцца. Пры гэтым асаблівай трывогі за магчымыя кепскія наступствы не адчувалася. Прафесійны інтарэс быў мацнейшым. Тым больш, што быў досвед прысутнасці ў Вільнюсе падчас студзеньскіх падзеяў 1991-га. Але там я быў на баку абаронцаў свабоды. Тут жа я заняў пазіцыю назіральніка.
Усе мае таварышы разбегліся па розных кірунках і ў розныя кропкі. Я ж з сяброўкай з Чэхіі выправіўся на метро да станцыі «Библиотека имени Ленина». Адтуль па Ваздзвіжанцы і Новым Арбаце планавалася прайсці да Белага дома.
Снайперы на Новым Арбаце
Рух транспарту на Новым Арбаце перакрыты, але ходнікі не былі перакрытыя. Народу было няшмат. Толькі побач з эстакадай па-над Навінскім бульварам (скрыжаванне Новага Арбата і Садовага кальца) стаяў адносна невялічкі натоўп у некалькі сотняў чалавек. Грамадзянскія і ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты стаялі ўперамешку.
Як толькі мы падышлі да таго натоўпу, як выбухнула страляніна. Усе кінуліся хто куды. Добра, што народу было няшмат, іначай маглі й патаптаць адно аднога. Мы апынуліся на Новым Арбаце, упаўшы на бетонную лесвіцу за домам 28. Побач з намі, крыху ніжэй, прытуліўся мужычок бамжаватага выгляду з тварам наіўнага дзіцёнка. Фігура ягоная была настолькі маляўнічай, што я навёў на яго свой фотаапарат. «Ой, не надо меня фотографировать!» — выгукнуў мужычок інтанацыямі, якія потым часцяком даводзілася чуць падчас іншых падзеяў. Я прыбраў фотаапарат.
Паколькі страляніна не сціхала, сяброўка раптам прыгадала, што ў яе ў Шчоўкава прызначана нейкая вельмі істотная сустрэча і папаўзла ў бок станцыі метро. Толькі хвілінаў праз дзесяць ізноў над Новым Арбатам усталявалася цішыня. Мы пачалі вылазіць са шчылінаў і зноўку падцягвацца да Навінскага бульвара.
Ісці далей да Белага дома не выпадала: за эстакадай па-над Навінскім Бульварам Новы Арбат быў перакрыты войскамі. Але і з эстакады праспект добра бачны да Масквы-ракі. Бачныя таксама кавалак мэрыі і ўскраек Белага дома. На выхадзе з Новага Арбата (які ў той час яшчэ насіў старую назву «Калінінскі праспект») да Садовага кальца (Навінскага бульвара) па баках стаяць два высокія будынкі: амаль квадратная ў плане вежа жоўтае цэглы (па цотным, паўночным баку праспекта), а насупраць — чацвёртая з 26-павярховых гмахінаў з шкла і бетону, якімі за савецкім часам быў упрыгожаны Калінінскі (за што й атрымаў мянушку «Устаўная Сківіца» ад маскоўскае інтэлігенцыі). Падчас савецкіх святаў святло ў вокнах гэтага будынка запальвалі такім чынам, што ўтваралася велічэзная літара «Р». З чаго, разам з іншай ілюмінацыяй Калінінскага, утвараўся, на страх супастатам, надпіс: «СССР».
Цяпер жа, як сцвярджалі ў натоўпе, на верхніх паверхах гэтых двух будынкаў заселі снайперы. На якіх і палявалі міліцыянты. Паляванне гэтае йшло даўно — ад самога ранку. Раз-пораз, калі на верхніх паверхах заўважаўся рух, міліцыянты адціскалі натоўп убок, задзіралі дагары ствалы сваіх аўтаматаў і пачыналі з іх паліваць будынкі.
Міліцыянты, дарэчы, уяўлялі сабой даволі забаўляльнае відовішча. Па выглядзе гэта было паспалітае рушэнне, рэкрутаванае па якіх лінейных аддзелах, і да баявых дзеянняў не надта прыстасаванае. Але вельмі па-баявому настроенае, усхваляванае і, ад нервовага напружання, гіперактыўнае. Апранутае гэтае воінства было ў шынялі (часцяком — не зашпіленыя), на галовах — у каго сталёвыя каскі, у каго — звычайныя фуражкі. Некаторыя паверх шынялёў начапілі бронекамізэлькі.
Асабліва выдзяляўся каларытам адзін высачэзны маёр, які айсбергам узвышаўся над астатнімі. Да галавы была прылеплена каска (менавіта прылеплена — па сваім ніякім памеры ў параўнанні з каласальнасцю міліцыянцкае галавы яна фізічна не магла быць «апранутай»). Нацягнутая паверх шыняля камізэлька сваёй вагай імкнулася прыкрыць жыццёваістотныя органы маёра, аднак каласальны мамон не даваў ёй дасягнуць мэты, і прыкрытым заставаўся, адно што, змест нагрудных кішэняў. Разам з міліцыянтамі на месцы прысутнічалі й нейкія спяцы ў больш прыдатнай да сітуацыі экіпіроўцы. Ды й па камплекцыі іхняй адчувалася, што падрыхтоўка ў іх была неблагая.
Не шкадаваць набояў супраць унутраных ворагаў
Страляніна хутка пераўтварылася ў цётчыну швейную машынку, ад аднатоннага грукату якой нават мяне, прызвычайнага службай у войску да стрэлаў, у тым ліку й танкавых, пачало нудзіць. Вяршыні ж будынкаў проста пачалі выдаваць аблокі аскепкаў, выбітых кулямі міліцыянтаў. Як заўжды ў Расеі, на барацьбу з унутраным ворагам патронаў не шкадавалі.
У адзіны момант я адарваўся ад натоўпу і выйшаў з-пад прыкрыцця будынка на адкрытую прастору, каб зручней сфатаграфаваць спяца-аўтаматчыка, які пільнаваў у момант страляніны цагляную вежу. Колькі прагнозаў адносна перспектываў майго жыцця і здароўя я наслухаўся ў гэты момант ад сваіх больш асцярожных таварышаў па назіранні за гісторыяй! Аднак у маім учынку не было аніякай неразважлівасці (ну, канешне, калі не ўлічваць агульныя ўмовы). Каб пацэліць у мяне ў гэты момант, гіпатэтычнаму снайперу трэ было ледзь не па пояс выпрастацца з вакна. А ад гэтага мяне надзейна прыкрываў аўтаматчык. Што ж тычыцца небяспекі з процілеглага боку — з 26-павярховіка, дык яна была аднолькавай, што для мяне, што для астатніх «абітальнікаў» цотнага боку праспекта. Але на гэтую акалічнасць ніхто з натоўпу не зважаў.
Тым часам натоўп колькасна ўзрастаў. Ён радасна бегаў праз Новы Арбат уваслед за манеўрамі «сілавікоў». Радасна — у літаральным сэнсе: з жартамі і смехам. Ды й выглядала ўсё досыць камічна: калі аднаўлялася страляніна, чалавек 20 маглі «схавацца» за адным ліхтарным слупом.
Тут мяне нехта пачаў усхвалявана торгаць за рукаў: «Смотри, смотри: труп! Снимай скорей!». У пары тузінаў метраў ад нас на асфальце ляжала нерухомае цела. Побач стаяў, у роспачы, чалавек. Астатнія, разявіўшы раты (і я таксама), глядзелі на яго і нават не думалі змяніць сховішча на нешта больш надзейнае хаця б цяпер.
Шчоўкнуў затвор майго апарату. Людзі працягвалі глядзець на цела. І тут цела варухнулася. А потым, падабраўшы пад сябе рукі, хуценька скокнула на ногі. «Труп», як высветлілася, быў жывым. Затвор апарату шчоўкнуў яшчэ раз.
Ціхары ў натоўпе
Яны, безумоўна, былі. Бо натоўп трэ маніторыць, кантраляваць і, пры неабходнасці, накіроўваць, куды трэба. Аднаго ціхара я зрысаваў даволі хутка. Гэта быў дзяцюк, ростам крыху вышэй за сярэдні, з неахайнымі саламянымі валасамі, апрануты ў паношаны камуфляж. Ягоны апалены сонцам да чырвані твар нагадваў твар папулярнага савецкага акцёра Аляліна (wtf, хто бярэ ў ціхары дзецюкоў з кінематаграфічнае знешнасцю?!). Першы раз я яго заўважыў, калі мне ў вочы кінуўся чорны шнурок, які спіралькай звісаў з кішэні ягоных штаноў. Праз пэўны час назіраньня я заўважыў, як ён перыядычна дастае з кішэні чорны мікрафон і ціха перадае ў яго інфармацыю.
Другі раз я яго пабачыў, калі ён крочыў па праспекце ў невялічкай кампаніі бамжоў. Відавочна ціхар імкнуўся прыкінуцца для іх сваім, але мікрафон на шнурочку і тут паліў яго. Ён усьміхаўся недаверліваму бомжыку з дзіцячым тварам (таму, з якім я хаваўся ад абстрэлу на лесвіцы) і тлумачыў: «Так он не работает! Не веришь? На — можешь на х.й послать того, кто слышит», — працягваў ён мікрафон бомжыку, але ў позірку таго ўсё роўна заставаліся кроплі недаверу. «Ну, дзе другі, там і трэці», — падумаў я.
І сапраўды, пабачыў я яго яшчэ раз. Гэта было ўжо тады, калі па натоўпе прайшоў пагалосак, што снайпераў узялі і зараз пачнуць вывадзіць. Натоўп жа збіраўся прыняць у гэтым самы непасрэдны ўдзел, што магло зрабіць далейшае фізічнае існаванне снайпераў праблематычным.
Падзеі разгортваліся каля ўваходаў у 26-павярховік. Натоўп чакаў снайпераў каля пад'езду, што выходзіў на Новы Арбат. Раптам нехта выгукнуў, што снайпераў выведуць праз дзверы ў тарцы будынка. Усе кінуліся туды. «Эге», — падумаў я і пачаў шукаць вачыма чырвоны алялінскі профіль. Вось ён! Стаіць на месцы, назіраючы за перамяшчэннямі натоўпу, які ўжо дабег да тарца будынка. Адтуль выскачыла группа ў бронікамізэльках, сярод якой былі нейкія фігуры ў цывільным, з нізка насунутымі на твары рознакаляровымі капялюшыкамі-«петушкамі». Яны, відавочна, і адыгрывалі ролю «снайпераў». Іх бегам павялі да аўтазакаў, што стаялі на процілеглым баку Навінскага бульвара.
«Алялін» дастаў свой мікрафон і ціха казаў у яго: «Выводите». І я пабачыў, як з таго пад'езда, што выхадзіў на Новы Арбат, выйшлі некалькі чалавек і ў момант распусціліся сярод прыпаркаваных побач аўтамабіляў. Вось яны, снайперы. Па іх стралялі міліцыянты. І тыя ж міліцыянты ўдзельнічалі ў іхняй эвакуацыі. Але калі яны былі прыхільнікамі ВС, дык чаму няма інфармацыі пра следчыя мерапрыемствы і судовыя працэсы? Чаму ў сродках масавай інфармацыі ўпарта даводзілася ідэя, што снайпераў увогуле не было? Чаму старшыня следчае групы Генпракуратуры РФ Леанід Прошкін назваў тых снайпераў «пытаннем, адказу на якое няма»? А яны былі.
Завяршэнне
Пасьля «знікнення» снайпераў людзі сталі больш свабодна перамяшчацца па эстакадзе і па Навінскім бульвары. Дарэчы, менавіта пад эстакадай у жніўні 1991 году загінулі трое абаронцаў маладой расейскай дэмакратыі ад ГКЧП. Цяпер жа з эстакады можна было назіраць, як былыя саратнікі ўзору 1991 года імкнуліся пусціць кроў адзін аднаму, а заадно і мірным жыхарам.
Менавіта з эстакады я пабачыў тое, што засталося яшчэ адной таямніцай таго дня. Блізу пачатку трэцяй гадзіны з боку Смаленскай набярэжнай да Белага дома прайшла калона людзей пад чырвонымі сцягамі.
Здалёк гэта выглядала фантасмагарычна: маўклівая шматногая цёмная маса з чырвонымі плямамі па-над ёй. Гэтае відовішча нагадала гісторыю, як нейкія ўзвышаныя душы ў ДСВ («Дом студэнта на Вернадскага» — інтэрнат, дзе жывуць студэнты шэрагу гуманітарных факультэтаў МДУ) аднойчы напярэдадні 7 лістапада налавілі прусакоў (дэфіцыту якіх у той час не назіралася), акуратна склеілі іх паміж сабой бакамі, да пярэдняга таракана прычапілі папяровы чырвоны сцяжок і запусцілі з ранку Дня Вялікай Акцябрскай Сацыялістычаскай Рэвалюцыі на сцяну пакойчыка побач з таварышам, які спаў. Прадзірае таварыш вочы — а перад ім на сцяне прусакі нахабна дэманструюць сваю чырвона-карычневую сутнасць. Добра, што нервы ў таварыша моцны былі, загартаваныя жыццём у ДСВ: ён выжыў.
Цяпер інфармацыя пра гэтую калону з’явілася, але вельмі абмежаваная. Канстатуецца толькі сам факт яе наяўнасці. Які далейшы лёс тых, хто ў ёй быў, не паведамляецца. Магчыма, яна была проста рассеяна на падыходзе да Белага дома.
Да трэцяй гадзіны ў бок Белага дома пачала падцягвацца бронетэхніка. У выніку цывільныя гледачы былі адціснуты далёка ад Садовага. Упоперак праспекта стаяў ланцуг жаўнераў унутраных войскаў. Да яго праз натоўп пад'язджалі чырвоныя аўтобусы, з якіх выгружаліся маладыя байцы. Некаторыя з іх стаялі спакойна, жмурыліся на сонца. Іншыя энергічна разміналіся, рыхтуючыся, відавочна, да рукапашнага бою. Ці проста маляваліся перад натоўпам гледачоў. Праз некаторы час байцы шыхтаваліся і крочылі за ачапленне, у бок Белага дома.
Паміж народам і ланцугом вайскоўцаў утварылася «нейтральная паласа» шырынёй з дзясятак метраў. Варожасці не адчувалася, але пэўная напружанасць была. У нейкі момант з натоўпу выйшаў нецвярозы чалавек і, раскінуўшы ў бакі свае рукі, пайшоў да ланцуга — братацца. Калі ён дасягнуў ачаплення, шыхт крыху расступіўся, і нехта з сілай уцягнуў мужыка за ланцуг. Па натоўпу пранёсся гуд ухвалення. Жаночы голас побач са мной выгукнуў: «Так его, провокатора!». Такая рэакцыя мяне, шчыра кажучы, здзівіла. Я чакаў прызнакаў процістаяння, а народ, відавочна, спрабаваў заігрываць з войскам.
Чалавек ідзе на ланцуг вайскоўцаў. Фота Яўгена Красуліна
А потым усё скончылася. Не, не ў тым сэнсе, што было абвешчана пра завяршэнне крызісу. Проста ўсе адчулі, што скончылася. Натоўп у апошні раз рассыпаўся, каб потым ужо не збірацца. Замест аднавектарных перамяшчэнняў пачаўся броўнаўскі рух. На Ваздвіжанцы стаяла калона бронетэхнікі. Па-над ёю праз вуліцу вісела расцяжка: «С юбилеем, Арбат!», якая дадавала кафкіянскія матывы да сітуацыі. Насустрач пачалі трапляцца знаёмыя. Нечакана я сустрэў групку сваіх таварышаў, пра якіх я быў абсалютна перакананым, што яны знаходзяцца сярод абаронцаў Белага дома, і моцна турбаваўся за іхні лёс. Дыхаючы перагарам, таварышы патлумачылі, што толькі вярнуліся з лецішча. Адзін з іх злобна запытаў мяне: «Ну что, рад, что демократы твои победили?». Рады я не быў, аднак тлумачыць гэтага не стаў. Дарэчы, менавіта гэтаму таварышу належыць аўтарства фразы, прамоўленай за келіхам піва ў метро «Университет» у 2000 годзе: «А ты заметил, как только к власти пришел [нецэнзурна] Путин, в Москве пропало «Лидское» пиво?».
Вынікі
Пераадоленне дэмакратыі
Дагэтуль няма адзінства ў трактоўках таго, што адбывалася ў Маскве ў 1993-м, кульмінацыяй чаго і зрабіліся падзеі 3-4 кастрычніка. Як падчас падзеяў, так і пасля іх папулярнай была версія процістаяння абаронцы дэмакратыі Ельцына спробе камуна-фашыстоўскага мяцяжу. Гэтая версія падтрымлівалася шмат кім з сапраўды дэмакратычна настроеных расіянаў. І палітык Галіна Старавойтава, і прадпрымальнік і палітык Канстанцін Баравы, і вядомы карыкатурыст Аляксандр Мінкін выступалі ў тыя дні з заклікам абараніць дэмакратыю і падтрымаць Ельцына (Баравы ўвогуле заклікаў браць у рукі зброю). Усе яны і да гэтага, і ў далейшым выступалі апанентамі Ельцына, крытыкуючы ягоную палітыку.
Але на той момант падавалася, што альтэрнатыва ў выглядзе прыходу да ўлады тых, хто падтрымліваў Вярхоўны Савет, куды горшая. Гэтаму ўспрыняццю спрыялі такія фігуры як Уладзіслаў Ачалаў, які падчас жнівеньскага путчу 1991-га па заданні ГКЧП кіраваў уводам у Маскву войскаў, і якога Руцкі прызначыў «міністрам абароны». А ягоным намеснікам быў прызначаны Альберт Макашоў, вядомы сваімі антысеміцкімі поглядамі. Таксама ў атачэнні кіраўніцтва ВС былі кіраўнік Рускага нацыянальнага адзінства Баркашоў, а таксама іншыя носьбіты артадаксальных камуністычных ці радыкальных нацыяналістычных поглядаў. Фігуры дэмакратаў Руцкога і Хасбулатава на агульнае ўспрыяцце сітуацыі мала ўплывалі.
Але ўсё роўна заставалася адчуванне, што для таго, каб не дапусціць таго самага «чырвона-карычневага рэваншу», былі ўжыты празмерныя сродкі. Тым больш, што праз свавольства міліцыі і войскаў пацярпелі ці загінулі шматлікія выпадковыя людзі.
Тым больш умацавалася гэтае адчуванне, калі пасля кастрычніцкіх падзеяў пачала ўзрастаць моц прэзідэнцкай улады. Новая Канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў снежні 1993-га, у адрозненне ад папярэдняй Канстытуцыі РСФСР (1978, з папраўкамі 1989-га), абвяшчала главой дзяржавы менавіта прэзідэнта. І гэта было ня проста ператварэнне Расіі ў прэзідэнцкую рэспубліку. За прэзідэнтам замацоўвалася права «самастойна і ў поўнай адказнасці» «вызначаць асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы» (арт. 80). То-бок, у адрозненне ад прэзідэнцкай мадэлі, скажам, Францыі, дзе палітыку вызначае ўрад, а прэзідэнт з'яўляецца ягоным старшынёй, у Расіі ўрад проста ажыццяўляе тыя рашэнні, якія прымаюцца прэзідэнтам.
З цягам часу, зноўку — з падставы «камуністычнага рэваншу», узнікла ідэя неабходнасці прызначэння Ельцыным пераемніка. Калі да гэтага можна было казаць, што дэмакратыя ў Расіі яшчэ захоўваецца, дык ідэя пераемніка — гэта вялікі крок у бок дыктатуры, пры якой не народ вызначае, хто будзе кіраваць краінай, а папярэдні кіраўнік і ягонае атачэнне. Што й прывяло, у выніку, да прыходу да ўлады Пуціна.
Аднаўленне імперыі
Роўна праз год пасля падзеяў 93-га пачалася Чачэнская вайна, якая ў чарговы раз прадэманстравала, што кіраўніцтва Расіі гатовае выкарыстоўваць гвалт не толькі ў цэнтры сваёй сталіцы. Таксама гэта быў знак завяршэння палітыкі ў дачыненні да расійскіх рэгіёнаў, якая была пазначана калісьці тым жа Ельцыным: «Бярыце суверэнітэту, колькі хаціце». І новая Канстытуцыя, і рашэнні прэзідэнцкай улады дэманстравалі, што цяпер гэты суверэнітэт будзе вяртацца цэнтру любымі метадамі.
Гэта тычылася ня толькі расійскіх рэгіёнаў. У тых краінах былога СССР, дзе ва ўладзе знаходзіліся не прарасійскія сілы, адбываліся перавароты ці іншыя падзеі, у выніку якіх на вышэйшыя пасады прыходзілі «сябры Расіі». Як тое было, напрыклад, у Таджыкістане, дзе ў 1994-м на фоне грамадзянскай вайны прэзідэнтам зрабіўся былы дырэктар перадавога саўгасу Эмамалі Рахмонаў. Ён дагэтуль (ужо пад імём Эмамалі Рахмон) займае гэтую пасаду.
У Беларусі, як памятаем, у тым жа 1994-м прэзідэнцкую пасаду заняў таксама былы дырэктар саўгасу і вялікі сябра Расіі. Дарэчы, гэта не дазволіла атрымаць развіццё канцэпцыі балта-чарнаморскай садружнасці, якая ў той час актыўна абмяркоўвалася апазіцыйнымі палітыкамі Беларусі, Украіны, Малдовы, Літвы і Польшчы. Кансультацыі па гэтым пытанні, дарэчы, праходзілі ў Мінску ўлетку 1993-га, на фоне канстытуцыйнага крызісу ў Расіі. Канцэпцыя гэта, зразумела, мела на ўвазе ўмацаванне суверэнітэту краін-удзельніц, што супярэчыла памкненням Расіі адрадзіць свой кантроль на постсавецкай прасторы. З'яўленне ў Беларусі прарасійскага прэзідэнта надоўга адклала рэалізацыю гэтай канцэпцыі.
Такім чынам, падзеі кастрычніка 93-га былі тым паваротным момантам, пасля якога Расія адмовілася ад курсу на дэмакратызацыю і пайшла да паступовай пабудовы дыктатуры і адраджэння імперыі. Як можна заўважыць, такі шлях быў амаль непазбежным у любым выніку кастрычніцкага процістаяння. Абодва бакі не былі настроены на дэмакратычны і мірны шлях вырашэння праблемы. Абодва бакі з ахвотай узяліся за зброю. Для абодвух бакоў будучыня Расіі малявалася як імперыя.
Глядзіце таксама
Тыя падзеі яшчэ раз прадэманстравалі, што гвалт — гэта тое, што нараджае ўладу, якой не патрэбна аніякая дэмакратыя. Бо дэмакратыя замінае ўладарам дасягаць сваіх мэтаў. А мэты — далёка не высакародныя, якімі б матывамі іх не прыкрывалі. Бо ўлада, як вядома, разбэшчвае, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Манаполія на гвалт забяспечвае ім гэтую абсалютную ўладу. Калі нехта спрабуе кінуць ім выклік тым жа гвалтоўным чынам, дык гэтая спроба загадзя вырашана на правал, паколькі рэсурсы гвалту несупастаўляльныя, як былі яны не супастаўляльнымі ў Маскве 1993-га. Эксперымент, пастаўлены ў тыя дні, гэта прадэманстраваў з усёй відавочнасцю. Як відавочным было й тое, што калі б процістаянне Вярхоўнага Савету Беларусі і Лукашэнкі дайшло б да той жа стадыі, што й у Маскве, дык па вокнах ВС у Мінску білі б тыя ж танкі, якія білі па вокнах ВС у Маскве. З аналагічнымі вынікамі.
Таму мірныя сродкі застаюцца найбольш эфектыўнымі ў змаганні за дэмакратыю. Як паказвае практыка, калі дыктатарскі цэнтр слабее, тады й гвалту не патрэбна, каб яго скінуць. Бо адсутнасць перспектываў пакіне яго без прыхільнікаў. Тады яму можна даць рады. Як гэта адбылося ў канцы 80-х ва Усходняй Еўропе. Вось тады і з’яўляецца шанец будаваць рэальную дэмакратыю. А не вось гэтае вось усё, калі хацелі як лепей, а атрымалася як заўжды.