Дні, якія вызначылі будучыню. Да трыццатых угодкаў падзей у Маскве ў кастрычніку 1993-га
У гэтыя дні ёсць падстава прыгадаць драматычныя падзеі, якія 3-4 кастрычніка 1993-га адбываліся ў Маскве. Калі на вуліцах расійскай сталіцы, як і за два гады да таго (у жніўні 1991-га), з’явіліся танкі і пачулася страляніна. Калі, як і за два гады да таго, вырашаўся лёс не толькі вышэйшых расійскіх палітыкаў, а ўсёй краіны. І не толькі краіны, але і яе суседзяў.
І што цікава, як у 1991-м, так і ў 1993-м пераможцам выйшаў адзін і той жа чалавек. Але якія розныя вынікі былі ў гэтай перамогі! Думаю, апошняя акалічнасць яшчэ чакае сваёй пачэснай ацэнкі з боку гісторыкаў. Бо яна шмат што тлумачыць у падзеях, якія разгортваліся на абшарах постсавецкіх краін, і ў тым ліку — у Беларусі. Больш за тое, тыя падзеі прывялі і да цяперашняй сітуацыі, калі ва Усходняй Еўропе ідзе «гарачая» вайна, якая пагражае распаўсюджаннем і на іншыя краіны і рэгіёны.
Дэмакрат, якому замінала дэмакратыя
Трыумф Барыса Ельцына ў жніўні 1991-га над кансерватарамі-путчыстамі з «ГКЧП» азначаў распад савецкай імперыі з магчымасцямі для саюзных (на той момант) рэспублік самастойна вызначаць сваю будучыню. Што і прывяло да распаду Саюза ССР і ўзнікнення 15 незалежных дзяржаў. Пры гэтым, калі зірнуць на палітычную сітуацыю ў гэтых маладых дзяржавах, амаль паўсюдна да ўлады прыйшлі нацыяналістычныя сілы, якія на былы саюзны цэнтр глядзелі без асаблівай прыязні.
У Расіі паражэнне жнівеньскага путчу прывяло не толькі да вызвалення расійскага кіраўніцтва ад саюзнага, але і ліквідавала залежнасць шматлікіх дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку і сілавых (што перайшлі ў спадчыну ад Саюза да Расіі) ад некалі ўсемагутнай камуністычнай партыі.
Людзьмі гэта ўспрымалася як пераход ад савецкай камуністычнай дыктатуры да свабоды і дэмакратыі. Ельцын быў сімвалам гэтага пераходу і галоўнай надзеяй на тое, што дэмакратычны выбар зроблены навечна і незваротна. Такое стаўленне да Ельцына было ўласцівым не толькі сярод расійцаў, але і ў іншых краінах, і не толькі постсавецкіх. Уяўленне свабоды ў Расіі як пасты, якую выціснулі з цюбіка і якую ўжо немагчыма засунуць назад, было шырока распаўсюджана сярод заходніх палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў.
Але ў хуткім часе дэмакратыя пачала замінаць самому Ельцыну. Да канца восені 1992-га ён меў надзвычайныя паўнамоцтвы дзеля правядзення радыкальных рэформаў. Але тыя рэформы, якія за гэты час праводзіліся ельцынскай камандай, далёка не заўжды выклікалі замілаванне ў расійцаў. У апазіцыю да іх выступіла значная колькасць дэпутатаў тагачаснага Вярхоўнага Савета РФ. Калі тэрмін надзвычайных паўнамоцтваў скончыўся, гэтая апазіцыя праявілася ў поўны рост.
Першай ахвярай процістаяння дэпутатаў і Ельцына быў Ягор Гайдар. З ягоным імем звязвалі ўсе тыя цяжкасці, якія абрынуліся на народ у ходзе рэформаў. Таму З’езд народных дэпутатаў не зацвердзіў яго кандыдатуру на пасаду прэм’ера. Як Ельцын не спрабаваў яго «прапіхнуць», дэпутаты стаялі мурам каменным. Давялося шукаць альтэрнатыўную кандыдатуру (у выніку пасаду прэм’ера заняў Віктар Чарнамырдзін, які ў далейшым зрабіўся ўлюбёнцам публікі праз свае нестандартныя з пункту гледжання граматыкі і семантыкі выказванні).
Гэтая дэмакратыя прыйшлася Ельцыну зусім не даспадобы. Я, казаў ён, прэзідэнт, за мной — вялікая падтрымка народа, які мяне абраў і які чакае ад мяне захадаў па паляпшэнні ягонага жыцця. Для гэтага неабходныя радыкальныя рэформы, на якія ў мяне (прэзідэнта Ельцына) не хапае паўнамоцтваў. (Знаёмая нам, беларусам, сітуацыя, ці не так?)
Не — казаў на гэта Вярхоўны Савет. Ты, канечне, прэзідэнт, але па нашай Канстытуцыі (Канстытуцыі РСФСР, прынятай у 1989-м, якая на той момант была дзейнай) вярхоўная ўлада належыць нам — Вярхоўнаму Савету і З’езду народных дэпутатаў. Таму мы не будзем падпарадкоўвацца тваёй бздуры, бо людзі стаміліся ад тваіх рэформаў. Якія, увогуле, праводзіць трэба зусім іншым чынам, і мы лепш за цябе ведаем, як.
Вось такую дэмакратыю Ельцын ужо вытрываць не мог. Ён вырашыў яўкавым чынам узяць уладу ў свае рукі. Ён звярнуўся непасрэдна да народа з заявай, што Расіі, а таксама ейнай свабодзе і дэмакратыі пагражае разлад, раскол, распад ды іншыя катастрофы, а з дэпутацкім корпусам, маўляў, дамовіцца абсалютна немагчыма. Таму ён — прэзідэнт краіны — з мэтай захаваць дэмакратыю (з яе падзелам улады ў тым ліку) прыпыняе дзейнасць Канстытуцыі і ўводзіць «адмысловы парадак кіравання краінай», які не прадугледжвае хоць нейкую магчымасць ВС і З’езду дэпутатаў уплываць на ягоныя рашэнні. Адбылося гэта 20 сакавіка 1993 года. Фактычна, гэта было нешта кшталту «ГКЧП па-ельцынску».
Даволі хутка на гэтую заяву з’явілася рэакцыя Канстытуцыйнага суда (у рамках падзелу ўлад). Суд дакладна ўказваў, якія артыкулы Канстытуцыі ў ёй парушаюцца, што і было агучана ў адпаведнай заяве КС. Абапершыся, у тым ліку, і на гэтае заключэнне КС, кіраўніцтва Вярхоўнага Савета паспрабавала зладзіць Ельцыну імпічмент. Але раптам высветлілася, што ў тэксце ўказа (заўважым, з’явіўся постфактум), на які спасылаўся Ельцын у сваім звароце, аніякіх момантаў, што парушаюць Канстытуцыю, няма. Гэта спрацавала: большасць дэпутатаў не падтрымала імпічмент.
Знакавы рэферэндум
Ельцын, які захаваў сваю пасаду, пачаў падрыхтоўку да паабяцанага ў прамове 20 сакавіка рэферэндуму. На яго было вынесена чатыры пытанні:
1. Ці давяраеце Вы прэзідэнту РФ Б. Ельцыну?
2. Ці ўхваляеце Вы сацыяльна-эканамічную палітыку, якая ажыццяўляецца прэзідэнтам РФ і ўрадам РФ з 1992 года?
3. Ці лічыце Вы неабходным правядзенне датэрміновых выбараў прэзідэнта РФ?
4. Ці лічыце Вы неабходным правядзенне датэрміновых выбараў народных дэпутатаў РФ?
З моманту абвяшчэння рэферэндуму ў расійскіх СМІ пачалася вакханалія «да-да-нет-да» («так-так-не-так»). Менавіта такім чынам мусілі ісці «слушныя» з пункту гледжання Ельцына і ягоных прыхільнікаў адказы падчас народнага волевыяўлення. Гэтыя «да-да-нет-да» глядзелі ў душы людзей са старонак газет і гучалі гамлетаўскімі інтанацыямі з экранаў тэлевізараў у рэкламных паўзах. Гэта было вывучэнне «слушных» адказаў на рэферэндуме метадам пагружэння. І гэта працавала: у грамадскім транспарце на пытанне «Выходите на следующей?», часцяком можна было пачуць у адказ «Да, да, нет, да.» Нават легендарныя бабулькі, якія жывуць побач са стадыёнам, сваё адвечнае «Да-да-дадада!» змянілі на ельцынскую фармулёўку.
Бадай, гэта была першая спроба ў постсавецкай Расіі ўздзейнічаць на выбар народа не праз апеляванне да нейкіх рацыянальных момантаў, а чыста дэмагагічна ціснуць на эмоцыі. Гэта было тое, што ў 1996-м, падчас элекцыйнай кампаніі Ельцына, які, па апытаннях, меў падтрымку толькі ў 3%, ператварылася ў шчыра маніпулятыўнае «Голосуй сердцем!». Дарэчы, аўтарства гэтага лозунга прыпісваецца Міхаілу Лесіну, па ініцыятыве якога быў створаны англамоўны прапагандысцкі канал «Russia Today».
Адказ на гэты ельцынскі націск з боку ВС і ягоных прыхільнікаў быў надзвычай слабы. Толькі аднойчы ў тыя дні мне ў рукі трапіла кепска зробленая танная ўлётка, на якой змяшчаўся злы шарж на Ельцына і вершаваны тэкст:
«Президенту Ельцину
Наш дадим ответ:
Нет-нет-да-нет!»
Хоць жыхары Расіі тады ўжо не надта любілі Ельцына, шмат каго палохаў і «чырвоны рэванш» (ці, нават, «чырвона-карычневы», у чым быў намёк на камуністычна-фашысцкую сутнасць), вобраз якога, таксама ўдала, ельцынская прапаганда звязвала з ягонымі апанентамі. Нягледзячы на тое, што галоўнымі праціўнікамі палітычных «ініцыятыў» Ельцына па барацьбе за ўладу ў краіне былі ягоныя былыя паплечнікі і прыхільнікі дэмакратыі Руслан Хасбулатаў (старшыня ВС) і Аляксандр Руцкой (віцэ-прэзідэнт), сярод іншых «апазіцыянераў» можна было заўважыць шмат персанажаў, якія прагнулі камуністычнага рэваншу, а таксама тых, хто дэманстраваў выразныя радыкальныя нацыяналістычныя (каб не казаць нацысцкія) настроі і, фактычна, выступаў за ўсталяванне дыктатуры. Магчыма, гэтая акалічнасць адыграла сваю ролю, і варыянт адказаў, прапанаваны Ельцыным, «на тоненькага» абыйшоў тое, за што агітавалі тыя, хто яму процістаяў.
Рэферэндум тады прынёс перамогу Ельцыну па галасаванні, але не вырашыў канфлікту паміж ім і Вярхоўным Саветам. Больш за тое, праз некалькі дзён пасля ягонага правядзення, 1 траўня 1993-га, у Маскве адбыліся сутыкненні паміж антыельцынскімі дэманстрантамі і міліцыяй. Да разгонаў падобных мерапрыемстваў расійская міліцыя яшчэ не прызвычаілася. Таму для яе сутыкненні скончыліся трагічна: ад траўмаў, атрыманых падчас сутычак, памёр сяржант АМАПа. У шпіталях тады апынулася больш за 200 чалавек з абодвух бакоў.
Канстытуцыйны клінч
Пакуль «нізы» біліся на вуліцах, у «вярхах» ішло баданне вакол праектаў новай Канстытуцыі. Адзін быў прапанаваны Ельцыным, ён прадугледжваў ператварэнне Расіі ў прэзідэнцкую рэспубліку з пераводам кіраўніцтва суб’ектаў Федэрацыі ў залежнасць ад Крамля. Другі быў вынікам распрацоўкі дэпутатаў ВС. У адпаведнасці з ім Расія рабілася рэспублікай парламенцкай (якой яна, уласна, і была па Канстытуцыі 1989-га). Сітуацыя тут была тупіковай: па законе абвесціць рэферэндум па прыняцці Канстытуцыі мог толькі З’езд дэпутатаў, а ён у аніякім разе не зробіць гэтага для «прэзідэнцкага» варыянту. Праціснуць жа свой варыянт дэпутатам відавочна не хапала рэсурсаў.
А Ельцын працягваў свой ціск. У жніўні ён, у адпаведнасці з вынікамі вясновага рэферэндуму, заклікаў правесці выбары ў парламент увосень таго ж года. Пры гэтым ён пагрозліва казаў, што калі выбары не абвесціць Вярхоўны Савет, за яго гэта зробіць сам Ельцын (што на той момант не ўваходзіла ў лік паўнамоцтваў прэзідэнта). Для яго на той момант складвалася не самая лепшая сітуацыя: грашовая рэформа, якую расійскі ўрад вырашыў ажыццявіць акурат у гэты самы час, моцна ўдарыла па гаманцах і нервах людзей. У краіне ўводзіліся новыя грошы, а старыя трэба было абмяняць тэрмінова (да 26 верасня) і ў абмежаванай суме. Пра саму рэформу і яе ўмовы было абвешчана вераломна і знянацку за два дні да пачатку абмену. Шмат у каго, у выніку, у чарговы раз згарэлі «нычкі». Як ахарактарызаваў ход рэформы Чарнамырдзін, «хацелі як лепей, а атрымалася як заўжды». І, як заўжды, рэформы толькі выклікалі ў людзей дадатковае раздражненне.
Адзінае, на што мог Ельцын разлічваць, гэта на сілу. У апошні дзень жніўня Ельцын і тагачасны міністр абароны Павел Грачоў, які цвёрда стаяў на прапрэзідэнцкіх пазіцыях, наведалі Таманскую і Канцаміраўскую дывізіі. Гэтыя дывізіі мелі досвед удзелу ў падзеях 1991-га, таму паездка ў Маскву на танках не павінна была падавацца ім чымсьці новым і шакавальным. У далейшым ваяжы Ельцына па вайсковых частках працягнуліся. Сярод іх былі візіты ў 119 гвардзейскі парашутна-дэсантны полк і дывізію імя Дзяржынскага.
На наступны дзень Ельцын сваім указам адхіліў Руцкога ад пасады віцэ-прэзідэнта. Дэпутаты ВС на гэта адрэагавалі запытам у Канстытуцыйны суд наконт адпаведнасці гэтага ўказу Канстытуцыі, а да атрымання рашэння прыпынілі ўступленне яго ў сілу.
Пункт незвароту быў пройдзены 21 верасня, калі Ельцын выдаў указ №1400 «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе Расійскай Федэрацыі». Указ патрабаваў ад дэпутатаў ВС і З’езда народных дэпутатаў спыніць сваю дзейнасць. Замест іх прадугледжвалася ўтварэнне Дзяржаўнай Думы, выбары ў якую прызначаліся на 12 снежня. Дэпутаты ВС, у сваю чаргу, абвясцілі пра адхіленне Ельцына ад пасады прэзідэнта і пераход ягоных паўнамоцтваў да Руцкога.
Сіла — у сіле. Толькі ў чыёй?
Па некаторых меркаваннях, якія можна чуць дагэтуль, адна палітычная сіла, якая абапіраецца на ўзброеных (у лепшым выпадку) стралковай зброяй дабрачынцаў, процістаіць іншай палітычнай сіле, якая абапіраецца на рэгулярную армію, узброеную цяжкай бранятэхнікай, ды іншыя сілавыя структуры. Уласна, у ходзе падзей 1993-га ў Маскве быў пастаўлены адпаведны эксперымент. Ягоныя вынікі, думаю, варта ўлічваць пры аналізе падзей у Беларусі ў 2020-м.
Першая кроў пралілася 23 верасня, калі прыхільнікі Вярхоўнага Савета атакавалі штаб аб’яднаных сіл СНД. Пры гэтым загінулі два чалавекі. 3 кастрычніка тыя, хто быў на баку ВС, перайшлі ў далейшы наступ. Імі быў захоплены будынак гатэля «Мір», у якім знаходзіўся аператыўны штаб ГУУС Масквы.
Ельцын у адказ на гэта абвяшчае надзвычайны стан. А ягоныя праціўнікі рушаць у бок тэлецентра «Астанкіна», каб у прамым эфіры звярнуцца да расіян. Гэты паход на «Астанкіна» прыцягнуў шмат народу. Людзі ішлі пешшу, паралельна ехалі аўтобусы, знятыя з гарадскіх маршрутаў, якія таксама везлі пратэстоўцаў у бок тэлецэнтра. Сярод удзельнікаў маршу пануе святочны настрой і прадчуванне блізкай перамогі.
Глядзіце таксама
Але каля тэлецэнтра іх чакае спецназ з бранятэхнікай. Страляніна ўспыхвае пасля выбуху гранаты, выпушчанай з ручнога гранатамёта (па неафіцыйнай інфармацыі, вінаватымі ў тым былі два студэнты філфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у рукі якіх гранатамёт трапіў невядомым чынам і якія выпадкова націснулі на спуск). Але відавочна, што і без гэтага сілавы сцэнар быў непазбежным.
Спецназ і бранятэхніка вялі досыць шчыльны агонь па натоўпе. Сваімі адчуваннямі ад гэтага потым падзяліўся адзін мой таварыш, які падхапіў на вечаровы шпацыр дзвюх сябровак-масквічак і вырашыў далучыцца да пераможнага шэсця ў Астанкіна. Калі ён вярнуўся каля гадзіны ночы, яго трэсла. Ён распавядаў пра тое, як ляжаў на газоне побач са сваімі сяброўкамі, і пра тое, які гук выдавалі буйнакаліберныя кулі, што ўваходзілі ў зямлю побач з ягонай галавой. Перамогі аніякай не было. Ні з аднаго боку.
Пачыналася 4 кастрычніка.
Фота аўтара
Працяг будзе