Халодны кастрычнік 93-га
Кастрычнік 1993-га выдаўся не менш напружаным, чым жнівень. Самымі драматычнымі сталі крывавыя дні ў Маскве, калі рэальнай магчымасцю быў прыход да ўлады ў Расіі «чырвона-карычневых» сіл. У гэтай сітуацыі над Беларуссю наўрад ці бы лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Аднак Барыс Ельцын паказаў, што можа быць жорсткім.
Не менш важнымі былі і іншыя падзеі, якія фармавалі тагачасны беларускі грамадскі ландшафт і праграмавалі будучыя палітычныя працэсы.
Выратавальнік Барыс і чаму дэпутата Лукашэнку хацелі пазбавіць мандата?
Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын 21 верасня 1993 года выдаў указ №1400 «О поэтапной конституционной реформе в Российской Федерации». Гэты дакумент фактычна ўводзіў (на пэўны час) прамое прэзідэнцкае кіраванне і азначаў радыкальную ломку дзяржаўна-палітычнага і канстытуцыйнага ладу. У адпаведнасці з указам прыпынялася дзейнасць З’езду народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі. Да пачатку працы новага расійскага парламента — Федэральнага сходу — краіна павінна была жыць паводле ўказаў прэзідэнта і пастаноў урада РФ.
Вярхоўны Савет Расіі на чале са сваім старшынёй Русланам Хасбулатавым і ў хаўрусе з віцэ-прэзідэнтам Расіі Аляксандрам Руцкім перайшоў да адкрытай канфрантацыі з. Ельцыным, у выніку чаго ў Маскве 3-5 кастрычніка загінула прыкладна 150 чалавек.
Беларускія «левыя» і камуністы (Народны рух Беларусі, Рух за сацыяльны прагрэс і справядлівасць і іншыя) публічна асудзілі дзеянні Ельцына, назваўшы яго забойцам і людажэрам: «Чтобы спасти свою власть, клика Ельцина растоптала Конституцию, бросила вызов советской власти и вооружённым путем расправилась с высшими представительными органами власти».
Супраць Ельцына выступілі і беларускія камсамольцы. 3 кастрычніка 1993 года ў Мінску на агульнагарадскім сходзе ЛКСМБ было разгледжана пытанне аб палітычнай сітауацыі ў Расіі і яе наступствах для Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі заслухалі справаздачу першага сакратара ЦК ЛКСМБ Сяргея Вазняка і зацвердзілі шэраг антыельцынскіх рэзалюцый.
Афіцыйнае беларускае кіраўніцтва на чале са старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам і кіраўніком Савета Міністраў Вячаславам Кебічам (4 кастрычніка кіраўнік урада выступіў са спецыяльнай заявай, у якой жадаў «мира и благополучия русским людям») падтрымала Ельцына.
Праз два дні парламенцкая апазіцыя БНФ распаўсюдзіла сваю заяву, у якой вітала рашучыя захады расійскага прэзідэнта, «спадара Ельцына» па падаўленні камуністычна-фашысцкага мяцяжу. Апазіцыя БНФ заклікала Савет Міністраў увесці дакументальны і мытны кантроль з Расіяй, а таксама забараніць у Беларусі дзейнасць такіх прарасійскіх палітычна-грамадскіх арганізацый як Саюз афіцэраў і Славянскі Сабор «Белая Русь».
Неўзабаве праз сродкі масавай інфармацыі Саюз афіцэраў асудзіў ініцыятыву апазіцыі БНФ, назваўшы яе «выстрелом по демократии», а прапанову апазіцыі аб усталяванні дакументальнага і памежнага кантролю з Расіяй Шушкевіч расцаніў як дылентантскую і дадаў, што няма такога замка, які можна было б павесіць на беларуска-расійскую мяжу.
Як у Беларусі «русский мир» стваралі
У заяве Апазіцыі БНФ было і патрабаванне пастаноўкі перад Вярхоўным Саветам пытання аб скасаванні паўнамоцтваў народных дэпутатаў Генадзя Казлова, Мікалая Скарыніна, Івана Трусава, Мікалая Грынёва і Аляксандра Лукашэнкі. Усе, акрамя апошняга, належалі да праўрадавай парламенцкай групоўкі «Беларусь». У заяве народныя абраннікі абвінавачваліся ў тым, што выступілі супраць незалежнасці сваёй краіны і нібыта рыхтавалі глебу для мяцяжу Руцкога-Хасбулатава (6 кастрычніка ў інтэрв’ю Радыё Свабода Лукашэнка назваў былых віцэ-прэзідэнта і старшыню Вярхоўнага Савета Расіі дурнямі). Што да Лукашэнкі, то Апазіцыя БНФ не магла дараваць яму публічнай заявы, якую ён зрабіў 11 верасня 1993 года на «Кангрэсе народа Беларусі». Там Лукашэнка заклікаў да палітычнага саюзу з Расіяй і выказаў жаданне паўзці да Масквы на каленях. Вядомы журналіст Анатоль Гуляеў сведчыў, што ўдзельнікі Кангрэса стоячы віталі Лукашэнку.
Што за шабаш?
Кангрэс народа Беларусі, які адбыўся ў будынку інфармацыйна-культурнага цэнтра Савета Міністраў 11 верасня 1993 года, мусіў засведчыць непарушную моц і патэнцыял камуністычных і левых сіл у Беларусі. Інфармацыя пра Кангрэс даволі скупая, аднак тое-сёе захавалася ў фондах Нацыянальнага архіва.
Ён планаваўся загадзя. 19 жніўня 1993 года быў створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Кангрэса на чале з камуністам Васілём Новікавым. Галоўная мэта Кангрэса — «мобилизовать народ Беларуси для предотвращения национальной катастрофы». Кангрэс павінен быў прайсці пад дэвізам: «Згода і адзінства, мір і дабрабыт».
Асноўныя мэты мерапрыемства былі наступныя: за выйсце з крызісу без канфрантацыі і пагаршэння ўмоў жыцця; за Саветы як адзіную форму народаўладдзя; аб’яднанне на раўнапраўнай аснове былых рэспублік СССР.
Планавалася даволі вялікая па тых мерках колькасць удзельнікаў: 180 чалавек ад кожнай вобласці і 300 ад Мінска.
У Дэкларацыі, якая была зацверджана Кангрэсам, гаварылася, што галоўная прычына ўсіх бедаў народа Беларусі — злачынны развал СССР. У галіне палітычнай Дэкларацыя прадугледжавала адмену Белавежскага пагаднення і аднаўлення дзяржавы братэрскіх народаў. Асобным пунктам стаяла патрабаванне забеспячэння ўдзелу Беларусі ў Дагаворы аб калектыўнай бяспецы. У эканамічнай сферы планавалася адміністрацыйнае рэгуляванне эканомікі, згортванне прыватызацыі, дзяржаўная падтрымка айчынным прадпрыемствам, калгасам і саўгасам. Захады ў культуры і навуцы тычыліся ўвядзення дзвюхмоўя, аднаўлення гістарычнай праўды і гэтак далей.
Пасля кастрычніцкіх падзей у Маскве Кангрэс зрабіў колькі крокаў па пашырэнні свайго ўплыву. У прыватнасці, звярнуўся да Вярхоўнага Савета з патрабаваннем адмены Белавежскага пагаднення і прыняў пастанову аб стварэнні ў рамках Народнага руху Беларусі мясцовых камітэтаў па розных галінах і напрамках дзейнасці.
Нечарговая не ўдалася
6 кастрычніка 1993 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў парламенцкай апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком і старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам. У сувязі з расійскімі падзеямі 3-5 кастрычніка апазіцыя катэгарычна патрабавала ад Шушкевіча склікання нечарговай сесіі парламента. Такое скліканне, на думку апазіцыі, жыццёва неабходна для абароны нацыянальнага суверэнітэту краіны. На сустрэчы прадстаўнікі апазіцыі закідалі Шушкевічу, быццам ён падтрымлівае палітыку Кебіча па знішчэнні беларускай дзяржавы. Апазіцыя патрабавала ад Шушкевіча рашучых дзеянняў у адносінах да ворагаў Беларусі (арышт, высылка).
У сваю чаргу, Шушкевіч адмовіўся склікаць нечарговую сесію парламента. Старшыня тлумачыў гэта як недахопам уласных паўнамоцтваў, так і адсутнасцю адпаведных дакументаў, неабходных для склікання сесіі.
Плошча на замку
Пад гул маскоўскіх кастрычніцкіх падзей урад Кебіча правёў патрэбнае яму рашэнне. 6 кастрычніка 1993 года Савет Міністраў зацвердзіў пастанову №675 паводле якой на сталічнай плошчы Незалежнасці забараняліся ўсялякія мерапрыемствы (мітынгі, шэсці і іншае). Менавіта за парушэнне гэтай пастановы ўлады імкнуліся прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці дэпутата Вярхоўнага Савета, члена парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка, які 12 студзеня 1994 года зладзіў на плошчы мітынг супраць падзення ўзроўню жыцця.
Павінны служыць толькі Беларусі
7 кастрычніка 1993 года адбылося пасяджэнне пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях галоснасці, сродках масавай інфармацыі і правах чалавека. На ім была канстатавана сумная сітуацыя: некаторыя буйныя дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюць свой інтэлектуальны патэнцыял не на карысць Беларусі, і нават ставяць пад сумнеў яе незалежнасць і дзяржаўнасць. У «чорным спісе» апынуліся «Советская Белоруссия», «Белорусская нива», «Рэспубліка».
Камісія прыняла пастанову, у якой прапанавала вышэйшым дзяржаўным органам вырашыць пытанне аб ліквідацыі ўпраўлення інфармацыі і аддзела друку пры Савеце Міністраў. Па прапанове Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка ў пастанове было прапісана пытанне аб мэтазгоднасці знаходжання на пасадзе старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі спадара Сталярова. Высокі чыноўнік, які прысутнічаў на паседжанні, дэманстратыўна пакінуў яго.
Уласная дэпутацкая прысяга
Менавіта такую ініцытыву вылучыў член парламенцкай апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў на сустрэчы членаў апазіцыі з выбаршчыкамі 7 кастрычніка каля Дома афіцэраў (каля 2000 чалавек). Гэтая прысяга, лічыў Голубеў, не дасць новым дэпутатам выступаць супраць незалежнасці Беларусі.
У сваю чаргу, Зянон Пазьняк заклікаў не спадзявацца на дэмакратычнага Ельцына. Калі расійскі прэзідэнт растопча камуністаў, казаў лідар БНФ, ён пачне праводзіць сваю неаімперскую геапалітыку.
«Вясна» ідзе!
9 кастрычніка 1993 года ў краіне з’явілася аб’яднанне дэмакратычных сіл «Вясна-94». У якасці галоўнай мэты новага аб’яднання вылучаўся цывілізацыйны пераход ад таталітарнай сістэмы да дэмакратычнай і прававой дзяржавы. Бліжэйшыя задачы «Вясны-94» былі стварэнне кааліцыйнага урада і правядзенне не пазней красавіка наступнага года выбараў у Вярхоўны Савет на аснове новага дэмакратычнага закона.
Сярод партый, якія падпісалі заяву аб стварэнні «Вясны-94», значыліся Аб’яднаная дэмакратычная партыя, БСДГ, Беларуская сялянская партыя. Звяртала ўвагу тое, што сярод падпісантаў адсутнічаў БНФ.
Заяву падпісалі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацыі (Згуртаванне прадпрымальнікаў, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій і іншыя), а таксама вядомыя грамадзяне: пісьменніца Святлана Алексіевіч, Людміла Гразнова, Алег Манаеў...
Страсці шпіёнскія
9 кастрычніка 1993 года ў вядучай расійскай газеце «Известия» з’явілася невялічкая занатоўка пад назвай «Беларусь: иностранные дипломаты занимаются шпионажем, но бороться с ними трудно». У занатоўцы ішла гаворка пра тое, што ў беларускіх спецслужбаў нібыта маюцца прэтэнзіі да дзейнасці дыпмісій у Беларусі, аднак праблемы з заканадаўствам робяць перашкоду беларускім чэкістам у іх працы ў гэтым накірунку.
Неўзабаве падраздзяленне грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой назвала публікацыю правакацыяй і «очередным выпадом против спецслужбы суверенного государства».
За незалежнасць!
10 кастрычніка 1993 года ў Мінскім доме літаратара з удзелам двухсот дэлегатаў адбылася «канферэнцыя некамуністычных і антыімперскіх сіл Беларусі». У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, Беларускай сялянскай партыі і інш.
Удзельнікі абмеркавалі галоўнае пытанне — стварэнне кааліцыйнага ўрада. Былі разгледжаны пытанні па структуры ўрада (Уладзімір Заблоцкі: 18 міністэрскіх партфеляў). Дэпутат Алег Трусаў агучыў крытэрыі-патрабаванні для будучых магчымых членаў урада: дзяржаўная ментальнасць, прафесіяналізм, веданне беларускай мовы і г.д.
Гімн
11 кастрычніка 1993 года журы конкурса на Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь зацвердзіла ў якасці тэкставай асновы верш Янкі Купалы «Маладая Беларусь». Пра гэта пра СМІ паведаміў старшыня журы Ніл Гілевіч.
«Магутны Божа», «Маладая Беларусь» і «Паланэз» Агінскага
І зноў кроў
У ноч з 11 на 12 кастрычніка 1993 года ў Мінску быў забіты начальнік упраўлення негандлёвых аперацый «Прыорбанка» Юрый Балбекаў, які курыраваў у сталіцы шэраг абменных валютных пунктаў. Яго смерць была менш рэзанаснай, чым забойства ў маі Ліснічука і ў верасні — Арцымені. Следчыя не сумняваліся, што забойства Балбекава, у целе якога знайшлі 12 куль з пісталета «ТТ», — замоўнае.
Кебіч супраць Саветаў?
У СМІ прамільгнула амаль сенсацыйная навіна. Нібыта на закрытым семінары-нарадзе старшынь абласных, раённых, гарадскіх Саветаў народных дэпутатаў з удзелам першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслава Кузняцова і Генеральнага пракурора Васіля Шаладонава 14 кастрычніка 1993 года ў Баранавічах старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч заклікаў да роспуску мясцовых Саветаў. Такая інфармацыя, у прыватнасці, была пададзена ў «Народнай газеце» за 19 кастрычніка ў артыкуле, прысвечаным візіту Шушкевіча на сталічную «Крыніцу». У справу ўмяшаўся дзяржаўны сакратар па справах тэрыторый пры Савеце Міністраў Мікалаеў, які інфармацыю катэгарычна абверг.
Выратаваць жыццё
15 кастрычніка 1993 года сталіцу напаткала добрая навіна: свае дзверы адчыніў Цэнтр трансплантацыі коснага мозга. Першапачаткова Цэнтр налічваў сем месцаў, а па міжнародных стандартах у ім у год маглі лячыцца 117 чалавек.
Сто дзён Генадзя Данілава
19 кастрычніка споўнілася сто дзён з моманту знаходжання правай рукі Вячаслава Кебіча палкоўніка Генадзя Данілава — дзяржаўнага сакратара па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы. Такі орган не быў прапісаны ў Канстытуцыі, аднак дасведчаныя ў палітыцы людзі ведалі, што Данілаў вядзе ўпартую барацьбу з міністрам унутраных спраў Уладзімірам Ягоравым і шэфам КДБ Эдуардам Шыркоўскім. Данілаў імкнуўся паставіць гэтыя ведамствы пад свой кантроль, аднак сустракаў упартае супраціўленне генералаў. Праўда, у адмысловых інтэрв’ю «Советской Белоруссии» і «Во славу Родины» Данілаў паўстаў як сапраўдны дзяржаўны муж. Ён гаварыў, што ягонае ведамства ў складзе 4 аддзелаў і 29 чалавек свята служыць Айчыне.
Спецаперацыя Шушкевіча
21 кастрычніка 1993 года сесія Гродзенскага абласнога Савета абрала новага старшыню вобласці — былога «мэра» Гродна Сямёна Домаша. Аднак не ўсё было так проста. Пасля забойства 20 верасня 1993 года былога старшыні Дзмітрыя Арцымені ўзнікла небяспека, што кебічаўскія кансерватары пасадзяць у крэсла «губернатара» свайго чалавека.
21 кастрычніка 1993 года ў Гродна нечакана прыбыў старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. І не адзіны, а з аховай.
На абласной сесіі Кебіч адсутнічаў, аднак адкамандзіраваў туды свайго першага намесніка Міхаіла Мясніковіча. На сесіі прысутнічаў і першы намеснік Шушкевіча Кузняцоў, хаця апошняга Прэзідыўм Вярхоўнага Савета не запрашаў.
З’яўленне Шушкевіча настолькі паўплывала на мясцовых чыноўнікаў, што яны аддалі Домашу ажно 140 галасоў.
«Выбыры, выбары, усе кандыдаты…»
26 кастрычніка 1993 года адбылося пасяджэнне пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па дзяржаўным будаўніцтве. Галоўнае пытанне тычылася зменаў у закон аб выбарах народных дэпутатаў ад 27 кастрычніка 1989 года. Таксама былі разгледжаны выбарчыя законапраекты ад парламенцкай апазіцыі БНФ і Партыі народнай згоды, якія прадугледжвалі парламенцкія выбары па прапарцыянальнай сістэме — па партыйных спісах. Старшыня камісіі Уладзімір Леўчык раскрытыкаваў гэтыя праекты і паведаміў, што большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета падтрымлівае мажарытарную сістэму.
Тым не менш, змены былі запланаваны: кандыдаты маглі вылучацца палітычнымі партыямі і выбарчымі блокамі, праз працоўныя калектывы і збор подпісаў ініцыятыўнай групай.
Тварам да твару з Амерыкай
26 кастрычніка 1993 года Беларусь з афіцыйным візітам наведаў дзяржсакратар ЗША Уорэн Крыстафер, які правёў перамовы з Кебічам і Шушкевічам. Дзяржсакратар паведаміў пра новую ініцыятыву Клінтана «Партнёрства дзеля міру». Калі Беларусь, казаў Крыстафер, далучыцца да гэтай праграмы, яна атрымае магчымасць супрацоўніцтва з НАТА.
Канстытуцыя
28 кастрычніка 1993 года ў Вярхоўным Савеце адбылася прэс-канферэнцыя членаў Канстытуцыйнай камісіі. Кіраўнік рабочай групы камісіі Васіль Шаладонаў паведаміў, што большасць канстытуцыяналістаў схіляецца да «моцнага» прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады. Член прасаўмінаўскай дэпутацкай групоўкі «Беларусь» Мікалай Скарынін заявіў, што калі Канстытуцыя не будзе прынята Вярхоўным Саветам, то трэба ініцыяваць рэферэндум.
Такім чынам, у кастрычніку далёкага 93-га ў Беларусі адбылося шмат цікавых падзей. Аднак насельнцітва найбольш хвалявала адно: на 9 лістапада 1993 года планавалася адкрыццё 13 сесіі Вярхоўнага Савета. Жыхары краіны чакалі цуда ад магічнай лічбы.