Гарачы жнівень 93-га

У апошні месяц лета 25 гадоў таму ў нашай краіне адбыліся такія падзеі, што закранулі ўсё насельніцтва Беларусі. Рэспубліка сутыкнулася з выклікамі, якія тэрмінова трэба было вырашаць, каб давесці сваё права на існаванне ў якасці незалежнай дзяржавы.

1_118.jpg

Карыкатура на Вярхоўны Савет, Савет Міністраў і Нацбанк. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень 1993 года.

Грошы: расійскі нож у спіну


Паводле рашэння Цэнтрабанка Расіі ад 24 ліпеня 1993 года, у краіне з 26 ліпеня з абароту выводзіліся грашовыя адзінкі ўзору 1991-1992 гадоў. Такі крок Расія зрабіла ў аднабаковым парадку і афіцыйна не папярэдзіла пра гэта краіны СНД.
На тэрыторыі Беларусі ў той час разам з разліковымі білетамі, у большасці цыркулявалі савецкія грошы ўзору 1961 і 1991 (знакамітая «паўлаўская рэформа») гадоў.
Такім чынам, адзінымі плацёжнымі сродкамі на тэрыторыі Беларусі сталі айчынныя разліковыя білеты ўзору 1992 года («зайчыкі»), а таксама расійскія рублі ўзору 1993 года (разліковы білет стаў адзіным плацёжным сродкам на тэрыторыі Беларусі паводле пастановы Вярхоўнага Савета ад 19 кастрычніка 1994 года). На 2 жніўня 1993 года жыхары Беларусі прад’явілі для абмену амаль 13 млрд. руб. (абмен цягнуўся да 7 жніўня).Аднак расійскіх рублёў, зразумела не хапала. На 2 жніўня 1993 года ў Беларусі ў наяўнасці мелася ўсяго 86,5 млн. грашовых білетаў банка Расіі, што паставіла пад вялікае пытанне шматлікія адпачынкі і камандзіроўкі беларусаў.
У сувязі з дзеяннямі Расіі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада выступіла з заявай, у якой патрабавала склікаць у пачатку верасня 1993 года нечарговую сесію Вярхоўнага Савета, які павінен быў разгледзіць пытанне аб увядзенні беларускай нацыянальнай валюты.
Прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце Уладзімір Заблоцкі заклікаў улады прызнаць расійскі рубль канвертуемай валютай і абавязаць беларускія прадпрыемсты прадаваць дзяржаве пэўную частку расійскіх рублёў, атрыманых ад гандлю з расійскімі партнёрамі.
З 1 жніўня 1993 года Нацыянальны банк Беларусі скасаваў так званы «інвестыцыйны курс» беларускага рубля да замежных валют. Гэты курс выкарыстоўваўся ў экспартна-імпартных аперацыях, пры абслугоўванні знешніх запазычанасцяў і інвестыцыяў. Курс долара быў значна заніжаны: 500 рублёў за 1 долар.
Пры скасаванні інвестыцыйнага курса выявілася, што долар каштуе ў сярэднім 1600 беларускіх рублёў (камерцыйны банк «Комплекс» 2 жніўня 1993 года ажыццявіў аперацый па куплі-продажы амерыканскай валюты).
15 жніўня 1993 года ў Беларусі адбыліся першыя таргі на афіцыйна зарэгістраванай Беларускай валютнай біржы. Вынікі: адзін долар каштаваў ажно 3885 беларускіх рублёў. Рэзананс атрымала інтэрв’ю з маладымі пачынальнікамі беларускага бізнеса, кіраўнікамі прыватных прадпрыемстваў — Ігарам Лапцёнкам і Ігарам Турцэвічам. Яны заявілі, што біржа, створаная ўсяго чатырнацаццю банкамі, — выключна штучнае фарміраванне ва ўмовах, калі ў краіне вельмі мала валюты і нізкі экспартны патэнцыял. На думку суразмоўцаў, такія ўмовы даюць магчымасць амаль бескантрольна маніпуляваць курсам долара. Праўда, большасць насельніцтва Беларусі даволі спакойна ўспрыняла валютную навіну, бо амерыканскі долар нават у руках не трымала.

А у вас у кватэры газ?


У пятніцу 13 жніўня ў Беларусі было ўведзена аварыйнае абмежаванне на карыстанне газам. Днём раней кіраўнік расійскага «Газпрома» Рэм Вяхіраў накіраваў беларускаму ўраду тэлеграму пра істотнае скарачэнне паставак. У прыватнасці, замест сутачных 30 млн. кубаметраў газа ў Беларусь паступіла ўсяго 14. Расіяне гразіліся ўвогуле спыніць падачу газа 15 жніўня. Прычына банальная: запазычанасць у 110 млрд. беларускіх рублёў. Ва ўмовах дэфіцыту расійскага рубля перспектывы былі вельмі сумнеўныя. У тэрміновым парадку ў Маскву накіравалася беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў Станіславам Брылём. У расійскай сталіцы таксама пабывалі першы намеснік старшыні Савета Міністраў Міхаіл Мясніковіч і намеснік Уладзімір Заламай.
Беларусь здолела знайсці 20 млрд. рублёў, і сутачны ліміт быў павышаны да 17 млн. кубаметраў. У Беларускім канцэрне па паліве і газіфікацыі запэўнілі, што гэта дастаткова для 1 млн. 200 тыс. кватэр у краіне, аднак прамысловыя прадпрыемствы мусяць сутыкнуцца з цяжкасцямі.
Праз дэмарш Расіі з адпачынку на Нарачы тэрмінова выйшаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які неўзабаве сустрэўся з Барысам Ельцыным. Абодва палітыка заўважылі, што трэба жыць па сродках, а Шушкевіч выказаў надзею на адзіную рублёвую зону і на цывілізаваны гандаль з Расіяй (старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч знаходзіўся ў адпачынку ў Крыме і вёў тэлефонныя перамовы з Віктарам Чарнамырдзіным; служба інфармацыі Саўміну рапартавала, што Кебіч і Чарнамырдзін «находят взаимопонимание»).

Барыс Ельцын і Станіслаў Шушкевіч падчас сустрэчы ў жніўні 1993 года. Крыніца: Рэспубліка, жнівень 1993 года.

Барыс Ельцын і Станіслаў Шушкевіч падчас сустрэчы ў жніўні 1993 года. Крыніца: Рэспубліка, жнівень 1993 года.

Газавае пытанне на пэўны час было вырашана адпаведным беларуска-расійскім пагадненнем ад 8 верасня 1993 года. Яно было ўведзена ў дзеянне заднім днём і дзейнічала з 1 ліпеня па 31 снежня 1993 года. Для Беларусі кошт 1000 кубаметраў газу за ліпень склаў 15600 расійскіх рублёў, а за жнівень — 42000. З 1 верасня кошт на газ для Беларусі падвышаўся штомесяц ў 1,154 разы і да канца года павінен быў скласці 80 долараў. Беларусь да 1 лістапада павінна была ліквідаваць усе пазыкі. Беларусь таксама атрымлівала значныя прэферэнцыі праз транзіт газа па сваёй тэрыторыі.
Расія патрабавала значна больш: было падпісана пагадненне аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі на аснове расійскага рубля. Паводле пагаднення, да 1 студзеня 1994 года краіны мусілі стварыць усе ўмовы для аб’яднання. 18 лістапада 1993 года большасцю галасоў пагадненне было ратыфікавана ў Вярхоўным Савеце Беларусі.

Прарасійскі квартэт


У сярэдзіне жніўня 1993 года чатыры дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання наведалі Маскву і сустрэліся са старшынёй Вярхоўнага Савета Расіі Русланам Хасбулатавым і з кіраўніком расійскага Цэнтрабанка Віктарам Герашчанкам. Не выклікала сумневу, што гэты неафіцыйны візіт быў санкцыянаваны старшынёй беларускага ўрада Вячаслам Кебічам, бо трое дэпутатаў (Генадзь Казлоў, Мікалай Скарынін і Іван Трусаў) належалі да парламенцкай прасаўмінаўскай групы «Беларусь». Казлоў быў кіраўніком групы, а Скарынін — дарадцам Кебіча.
Чацвёртым дэпутатам апынуўся… Аляксандр Лукашэнка. І сёння застаецца загадкай, як сціплы дырэктар саўгаса зацерся ў шэрагі высокапастаўленых кебічаўцаў (гэты візіт дасць глебу для тэорыі, што нібыта Лукашэнка ўвайшоў у кантакт з расійскімі спецслужбамі і быў цалкам праектам ФСБ на першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў наступным годзе).
Пасля вяртання дэпутатцкі квартэт запэўніваў грамадскасць, што сустрэча с Хасбулатавым была вельмі карыснай: быццам Расія паабяцала наяўныя грошы, газ і нафту, а таксама тэхнічныя крэдыты.Ашалелы ад вынікаў сустрэчы дэпутат Казлоў публічна заявіў пра неабходнасць стварэння беларуска-расійскай канфедэрацыі і дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў. Неўзабаве прарасійскія сілы на Беларусі звярнуліся да Ельцына, Хасбулатава і Чырнамырдзіна з заявай пра канфедэрацыю і пачалі рыхтаваць «кангрэс народа Беларусі».

Праціўнікам незалежнасці — не!


Казлоў, Скарынін, Трусаў і Лукашэнка былі моцна раскрытыкаваныя нацыянал-дэмакратычнымі сіламі. З артыкулам «Вашу б энергию да в мирных целях!» у «Народнай газеце» выступіў народны дэпутат, член парламенцкай апазіцыі БНФ Віктар Алампіеў, якія даказваў, што Расія задарма ніколі нічога не дасць, а кошты расійскіх нафты і газа ўсё роўна наблізяцца да сусветных. Алампіеў адзначыў катастрафічна цяжкую сітуацыю ў рэспубліцы, калі на аднаго яе жыхара — 500 тысяч рублёў знешняй запазычанасці. І гэта пры тым, што знешнегандлёвы абарот за 1992 год знізіўся напалову пры падзенні вытворчасці на 16%, а экспарт — на 600 млн. руб. пры наяўнасці канкурэнтаздольнай прадукцыі.
Алампіеў заклікаў чацвёрку дэпутатаў заняцца ўнутранымі праблемамі краіны, засяродзіць сваю ўвагу на кантролі за выканаўчымі структурамі, а таксама на ліквідацыі наступстваў прыроднай катастрофы. Мелася на ўвазе вялікая паводка, якая напаткала многія раёны Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей у пачатку жніўня, бо ў другой палове ліпеня тут выпала звыш 2,5 месячнай нормы ападкаў: у зоне затаплення апынулася звыш 230 тыс. га пасеваў і 9 тыс. сялянскіх гаспадарак. 16 жніўня 1993 года першы намеснік Кебіча Міхаіл Мясніковіч падпісаў пастанову, паводле якой на ліквідацыю наступстваў поводкі з рэспубліканскага бюджэту выдзялялася 6 млрд. рублёў: Брэсцкая і Гомельская вобласці атрымоўвалі па 2 млрд. 800 тыс. рублёў, Мінская — 400 млн. Аднак грошаў не хапала: Лунінецкі і Жыткавіцкі раёны нават праз сродкі масавай інфармацыі звярнуліся па дапамогу.

Аўтар карыкатуры звязаў паводку і галоўную праблему краіны — слабы рубль. Крыніца: Народная газета, жнівень 1993 года.

Аўтар карыкатуры звязаў паводку і галоўную праблему краіны — слабы рубль. Крыніца: Народная газета, жнівень 1993 года.

Сваё слова сказала і парламенцкая апазіцыя БНФ. У жніўні СМІ распаўсюдзілі заяву апазіцыі «Аб правале грашовай і фінансава-крэдытнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», у якой ва ўсіх эканамічных бедах абвінавачваліся Савет Міністраў, Нацыянальны банк і Вярхоўны Савет. Апазіцыя рашуча асудзіла вераломную грашовую палітыку Масквы і заклікала ўвесці талер у якасці беларускай валюты.
У тым жа месяцы БНФ, БСДГ, Свабодны прафсаюз і шэраг прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі (татары, немцы, літоўцы, украінцы) падпісалі дамову аб захаванні грамадскага адзінства, у якой асудзілі кіраўніцтва рэспублікі за адсутнасць дэмакратычных рэформ, імкненне ў ваенна-палітычны саюз з Расіяй. Падпісанты дамовы таксама выступілі супраць запланаванага прарасійскага «кангрэса народа Беларусі».
Зянон Пазьняк у другой палове жніўня 1993 года адзначыўся вялікім артыкулам у «Народнай газеце» пад назвай «Патрэбна змена ўлады», у якой выступіў за датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савета як прыстанку былой камуністычнай наменклатуры.
Дзеянні Расіі з затрымкай плацяжоў за беларускія тавары адначасова з правядзенем вераломнай грашовай палітыкі, газавай блакадай можна, па словах лідара БНФ, характаразаваць як палітыку варожай дзяржавы, якая знаходзіцца ў стане вайны з Беларуссю.

Так выглядалі затопленыя раёны ў жніўні 1993 года. Крыніца: Звязда, жнівень 1993 года.

Так выглядалі затопленыя раёны ў жніўні 1993 года. Крыніца: Звязда, жнівень 1993 года.

Першы тэрарыстычны


Пра напружаную абстаноўку ў краіне ў той час сведчыць фактычна першы теракт у гісторыі незалежнай Беларусі. 12 жніўня 1993 года ў 22 гадзіны 25 хвілін на сталічнай плошчы Незалежнасці адбыўся моцны выбух: на блішэйшай станцыі метро выляцела шкло. Па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў.
Плёткі разнесліся імгненна. Казалі, што ўзарваўся снарад рэактыўнага мінамёта «Чмель», што акцыю ажыццявілі прадстаўнікі Беларускага згуртавання вайскоўцаў і гэтак далей.
На расследванне справы былі кінуты лепшы правахоўныя сілы на чале з кіраўніком следчага камітэта МУС Юрыем Захаранкам. Неўзабаве прэс-служба МУС паведаміла, што злачынцы скарысталі рэчыва, якое ўжывалася ў абароннай прамысловасці ў канцы 1930-х гадоў (металічных аскепкаў знойдзена не было).Выканаўца выбуху ўсё ж знайшоўся. 18 жніўня на тэлефон міліцыі 02 паступіў званок. Чалавек назваўся Мжыславам Мажайскім і заявіў, што бярэ на сябе адказнасць за тэракт. Мажайскі таксама заявіў, што з’яўляецца прадстаўніком партыі справядлівасці, якая змагаецца за адраджэнне СССР. Ён запэўніў, што падобныя акацыі будуць ажыццяўляцца ў будучым у розных гарадах, пакуль кіраўніцтва Беларусі не возьме курс на аднаўленне СССР.

Карыкатура на Станіслава Шушкевіча. Крыніца: Народная газета, жнівень 1993 года.

Карыкатура на Станіслава Шушкевіча. Крыніца: Народная газета, жнівень 1993 года.

Лісты чытачоў у тыя жнівеньскія дні 1993-га ў галоўныя перыядычныя выданні краіны («Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка») сведчаць, што большасцю насельніцтва авалодала апатыя і нявер'е ў будучыню. Ні Савет Міністраў, ні Вярхоўны Савет не карысталіся папулярнасцю ў народзе. Як трапна заўважыў адзін з ананімных суразмоўцаў «Народнай газеты» (жыхар працоўнага інтэрната на сталічнай вуліцы Матусевіча), людзі чакаюць новага героя. Дык дзе яго ўзяць, пытаўся мужчына.
Аднак ён не ведаў, што герой з’явіцца вельмі хутка: Аляксандр Лукашэнка ўжо працаваў ў якасці старшыні часовай камісіі Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады кіравання і рыхтаваў свой палітычны трамплін.