Фабіян Саковіч: забыты інтэлектуал Вялікага Княства Літоўскага
280 гадоў таму, 6 лістапада 1742 года, нарадзіўся Фабіян Саковіч. Ён быў чалавекам эпохі Асветніцтва, знакамітым паэтам і перакладчыкам, які пазнаёміў паспаліты люд з творчасцю Гарацыя і прыклаў руку да «Гісторыі…» Нарушэвіча.
![г г](/img/v1/images/00__vokladka__ljudzi_epohi_asvetnictva.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
г
Аб першых гадах жыцця Фабіяна Саковіча сёння нам вядома не шмат. У якім маёнтку якога павета нарадзіўся будучы інтэлектуал — невядома, як і невядома, кім былі яго бацькі. Энцыклапедычныя даведнікі сціпла паведамляюць, што Саковіч нарадзіўся на землях сучаснай Беларусі. Аднак вядома, што паходзіў ён з радавітай літвінскай шляхты. Родапачынальнік роду Саковічаў — Сак (ён жа Станіслаў) герба «Помян», да якога быў адаптаваны пры заключэнні вызначальнай Гарадзельскай уніі ў 1413 годзе.
![herb_pomjan.jpg herb_pomjan.jpg](/img/v1/images/herb_pomjan.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святло на жыццяпіс Фабіяна Саковіча пачынае праліваецца з гадоў яго навучання.
Вучань, які стаў выкладчыкам
Яшчэ юнаком сваё жыццё Фабіян звязвае з Каталіцкім Касцёлам. Такі быў час: калі здольны юнак хацеў рухацца па сацыяльнай лесвіцы, то толькі і трэба было, што зрабіць выбар паміж манаскімі ордэнамі, звязаць лёс з адным з іх. А выбіраць у той час было з чаго! Дамініканцы, францыскане, бернардынцы і, натуральна, езуіты. Выбраць езуітаў — пайсці ў навуку, што і робіць Фабіян.
![Езуіт. Так мог выглядаць малады Фабіян Саковіч Езуіт. Так мог выглядаць малады Фабіян Саковіч](/img/v1/images/ezuit._tak_moh_vyhljadac_malady_fabijan_sakovicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Езуіт. Так мог выглядаць малады Фабіян Саковіч
Сваё навучанне Саковіч пачынае ў Віцебску, у тамашнім калегіуме айцоў-езуітаў. Час яго навучання ў горадзе на Дзвіне прыйшоўся на час вялікай будоўлі. Пасля спусташэння ў гады Вялікай Паўночнай вайны на сродкі Марціна Міхала Агінскага езуіты ўзводзілі мураваны касцёл свайго ордэну і гмах навучальнай установы. Будаўніцтва калегіума скончылася толькі ў 1755 годзе.
![Віцебскі касцёл і калегіум езуітаў (леваруч), 1860-я Віцебскі касцёл і калегіум езуітаў (леваруч), 1860-я](/img/v1/images/vicebski_kascjol_i_kalehium_ezuitau__levarucz___1860_ja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Віцебскі касцёл і калегіум езуітаў (леваруч), 1860-я
Невядома па якіх прычынах Саковіч пакідае віцебскія езуіцкія муры і выпраўляецца ў Нясвіж — сталіцу вяльможных Радзівілаў, дзе працягвае навучанне ў мясцовым калегіуме. Можна меркаваць, што звязана гэта з імкненнем атрымаць вышэйшую адукацыю. Справа ў тым, што вучань, які скончыў 5 класаў калегіума, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, паступаў у клас філасофіі, у якім навучаўся яшчэ 2 гады. Напэўна, у Нясвіжы для гэтага былі больш спрыяльныя ўмовы, чым у Віцебску.
Здольны да навук Саковіч паспяхова заканчвае езуіцкую вучэльню і з годнай для свайго часу адукацыяй пачынае выкладаць у калегіуме, дзе яшчэ нядаўна сам убіраў навукі нясвіжскіх айцоў-езуітаў. Таксама ён дае святарскія абяцанні і сам становіцца айцом Фабіянам. Шлях уверх па сацыяльнай лесвіцы і творчыя магчымасці для яго адкрытыя.
Стаяў ля вытокаў літаратурнай публіцыстыкі
З радзівілаўскай сталіцы ў 1766 годзе Саковіч выпраўляецца ў сталіцу Рэчы Паспалітай абодвух народаў.
Варшава! Час, у які ён пасяліўся ў гэтым месцы — драматычны і насычаны падзеямі: глыбокі крызіс дзяржавы, першы падзел Рэчы Паспалітай. Гэта з аднаго боку, а з іншага — час смелых рэформ, час магчымасцей. Асабліва на інтэлектуальнай глебе, бо на двары эпоха Асветніцтва.
![Варшава, 1770-я Варшава, 1770-я](/img/v1/images/varszava__1770_ja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Варшава, 1770-я
У 1770 годзе ў Варшаве пачынае выходзіць штотыднёвы часопіс «Прыемныя і карысныя забавы» («Zabawy Przyjemne i Usężeczne»). Гэта першы ў Рэчы Паспалітай літаратурны часопіс. Штотыднёвік моцна ўплываў на ажыўленне літаратурнага жыцця, ён падштурхоўваў станаўленне новага тыпу літаратуры, пашыраў веды супольнасці аб творчасці тагачасных пісьменнікаў. На яго старонках друкаваліся мэтры — Адам Тадэвуш Нарушэвіч, Ігнацы Красіцкі, Францішак Дыянізы Князьнін…
![Вокладка часопіса Прыемныя і карысныя забавы Вокладка часопіса Прыемныя і карысныя забавы](/img/v1/images/vokladka_czasopisa_pryemnyja_i_karysnyja_zabavy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вокладка часопіса Прыемныя і карысныя забавы
Свае творы розных жанраў і стыляў (пераважна вершы) у часопісе друкуе і Фабіян Саковіч. Яго пяру, напрыклад, належаць оды ў адрас біскупа Адама Нарушэвіча і князя Адама Чартарыйскага. Для свайго часу ён становіцца знакамітым паэтам, не забыты і наступнымі пакаленнямі: яго творы ўваходзяць у многія польскія паэтычныя анталогіі.
![frahment_litaraturnaha_czasopisu_z_verszam_f._sakovicza.jpg frahment_litaraturnaha_czasopisu_z_verszam_f._sakovicza.jpg](/img/v1/images/frahment_litaraturnaha_czasopisu_z_verszam_f._sakovicza.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перакладае Гарацыя
Як чалавек эпохі Асветніцтва, Фабіян Саковіч падзяляе яе каштоўнасці і ўвасабляе іх у творчасці. Якраз у той час актывізуецца перакладчыцкая дзейнасць, бо менавіта ў эпоху Асветніцтва з’яўляецца тэза аб значнасці сваёй мовы, імкненне ствараць на ёй літаратурныя творы, у тым ліку — увасобіць на мове свайго народа сусветную антычную класіку. Антычная літаратура лічылася ўзорам якаснай літаратуры.
Фабіян Саковіч бярэцца за пераклад на польскую мову (польская — мова эліты, мова палітычнага народа Рэчы Паспалітай) твора рымскага паэта «залатога стагоддзя» рымскай літаратуры. Гаворка ідзе аб «Песнях» Гарацыя.
![Гарацый Гарацый](/img/v1/images/haracyj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гарацый
Пры гэтым для перакладу Саковіч абраў не складаныя тэксты рымскага творцы (як, напрыклад, «Гутаркі» на філасофска-этычныя тэмы), якія маглі б выклікаць складанасці ў разуменні чытачоў, а засяродзіўся на любоўных, сяброўскіх і застольных одах, блізкіх па жанру да ўласнай творчасці і паспалітага чытача. Саковіч па-майстэрску перадаў на польскай мове ўласцівую одам Гарацыя яскравую вобразнасць, тонкі гумар, вытанчанасць мовы і кампазіцыі, рытмічнае багацце. Ужо гэтым Саковіч увайшоў у шэраг знакавых майстроў слова сваёй эпохі.
Удзельнічае ў стварэнні фундаментальнай «Гісторыі»
У 1770-я, калі ў Рэчы Паспалітай ва ўсю моц набірала абароты адукацыйная рэформа, развіваліся гуманітарныя навукі і асвета, Фабіян Саковіч далучаецца да грандыёзнага навуковага праекта.
Па праву зорнай постаццю эпохі Асветніцтва лічыцца Адам Нарушэвіч, які выкладаў лацінскую мову ў Віленскай акадэміі, займаў там кафедру паэтыкі, выкладаў стылістыку і гісторыю літаратуры. У 1770-я ён бярэцца за амбіцыйную і фундаментальную працу — напісаць гісторыю краіны.
![Адам Нарушэвіч Адам Нарушэвіч](/img/v1/images/adam_naruszevicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адам Нарушэвіч
У эпоху, калі напісанне кніг суправаджалася іх шматлікім перапісваннем уручную, аўтару проста неабходны былі талковыя і руплівыя памочнікі, якія б рабілі гэтую адказную і карпатлівую працу. Для Адама Нарушэвіча такім дапаможным становіцца Фабіян Саковіч. У 1777 годзе з Варшавы фурманка прывозіць яго ў далёкі маёнтак Павець пад Пінскам у атачэнні маляўнічых палескіх лясоў, дзе Саковіч дапамагаў Нарушэвічу перапісваць тэксты для «Гісторыі…».
![Гісторыя аўтарства Адама Нарушэвіча Гісторыя аўтарства Адама Нарушэвіча](/img/v1/images/historyja_autarstva_adama_naruszevicza.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гісторыя аўтарства Адама Нарушэвіча
Так Фабіян Саковіч у прамым сэнсе прыклаў руку да стварэння 7-томнай «Гісторыі Польшчы», асобныя часткі якой выходзілі паслядоўна з 1780 па 1824 год. Сама гэта праца — наватарская ў маштабах усёй Усходняй Еўропы. Яна вылучаецца грунтоўнасцю высноў, дасканалым аналізам крыніц.
Далей лёс у 1778 годзе завёў Фабіяна Саковіча ў мястэчка Чарнаўчыцы каля Берасця. Цікава, што ў гэты самы час мястэчка належала вядомаму натуралісту Марціну Радзівілу, які ў Чарнаўчыцах праводзіў фізічныя і хімічныя доследы, спрабаваў адкрыць філасофскі камень, з дапамогай якога збіраўся ператварыць у золата іншыя металы…
![Палац Радзівілаў у Чарнаўчыцах Палац Радзівілаў у Чарнаўчыцах](/img/v1/images/palac_radzivilau_u_czarnauczycah.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Палац Радзівілаў у Чарнаўчыцах
Але тут сляды Саковіча губляюцца, а з 1787 года губляюцца і дакументальныя звесткі аб ім.
Сляды Фабіяна Саковіча згубіліся ў гістарычным віры, аб ім самім мала што вядома сучаснікам, мы нават не ведаем, як ён выглядаў і дзе знайшоў вечны спачын. Але яго руплівая праца засталася, яна — цаглінка ў вялікім гмаху культуры Вялікага Княства Літоўскага.