Флярэнтыйская царкоўная вунія 1439 года з удзелам ВКЛ: што гэта было, за 150 гадоў да Берасьцейскай?

Пасьля падзелу сусьветнага хрысьціянства ў 1054 годзе на рыма-каталікоў і бізантыйцаў у паветры так ці інакш лунала ідэя, мэта, наканаваньне і проста неабходнасьць новага аб’яднаньня ў адзіны сусьветны паўсюдны касьцёл (царкву, эклезію). З гісторыі Беларусі ўсім добра вядомыя вуніяты, якія ўзьніклі на нашых землях з 1596 года. Але нашмат раней была зробленая іншая спроба. 

Фэрара-Флярэнтыйскі Сабор 1439 года

Фэрара-Флярэнтыйскі Сабор 1439 года

З чым падыходзіла Вялікае Княства Літоўскае да 1439 года

Варта нагадаць, што толькі адносна нядаўна, калі браць акрэсьлены перыяд Флярэнтыйскай вуніі, вялікі князь літоўскі Ягайла ў 1385 годзе бярэ шлюб з польскай каралевай Ядвігай і прымае каталіцтва. Тую ж заходнюю традыцыю хрысьціянства прымае і наймагутнейшы з нашых князёў – Вітаўт. Менавіта з боку Рыма і біскупа Вечнага горада – Пантыфіка – ён марыў атрымаць каралеўскую карону для сябе і для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, якое мелася стаць каралеўствам. Тыя падзеі добра знаёмыя нашым чытачам.

У 1430 годзе, так і не дачакаўшыся кароны, якая “нечакана” заблукала на польскіх сьцежках да нашай дзяржавы, Вітаўт памірае. І ў хуткім часе аж да 1440 года ў Вялікім Княстве Літоўскім распачынаецца грамадзянская вайна.

Частка магнатаў і шляхты працягвала вызнаваць бізантыйскі чын, і варожа адносілася да латынянаў. Зрэшты і наадварот былі часта далёка не сяброўскія адносіны.

Глядзіце таксама

Як узгадвае беларускі капуцын Яраслаў Крыловіч, яшчэ перад Ферара-Флярэнтыйскім саборам у Вялікім Княстве Літоўскім зьявіліся прынамсі некалькі ініцыятываў па адбудаваньні царкоўнага адзінства (вуніі) паміж каталікамі і праваслаўнымі. Першая спроба адбылася ў 1396 годзе пры Кіпрыяне, праваслаўным мітрапаліце.

У пэўным сэнсе знакавай для гісторыі зьяваю было прыбыцьцё на Канстанцкі сабор на пачатку 1418 года вялікай праваслаўнай дэлегацыі з Вялікага Княства Літоўскага, Вялікага Ноўгарада, Малдовы і Арды на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Пры гэтым на саборы ўжо прысутнічалі прадстаўнікі Кастантынопальскага патрыярхату.

Захаваліся дзьве прамовы Цамблака на саборы ад імя праваслаўнай дэлегацыі, у якіх выразна прасочваецца яго шчырая руплівасьць пра пераадоленьне існуючага падзелу. Пры гэтым, адзіным шляхам да адзінства ён бачыў скліканьне Сусьветнага Сабору, на якім праваслаўныя і каталікі маглі б вырашыць тэалягічныя непаразуменьні. Некаторыя гісторыкі схіляюцца да меркаваньня, што прыбыцьце дэлегацыі адбылося пад вялікім націскам вялікага князя Вітаўта і па палітычных матывах.

На жаль, пасьля шматлікага праваслаўнага прадстаўніцтва на саборы ў Канстанцы і прамоваў у падтрымку справы аднаўленьня царкоўнага адзінства не наступіла рашучых крокаў ані з боку Папы Марціна V, ані з боку мітрапаліта Грыгорыя.

Фэрара-Флярэнтыйскі сабор

Брат капуцын Яраслаў Крыловіч у сваёй працы прыгадвае падзеі, якія непасрэдна папярэднічалі гістарычнай вуніі. У 1378 – 1417 гадах хрысьціянскі Захад перажыў моцны крызіс улады Рымскага Папы. Пры наяўнасьці аднаго або нават двух «антыпапаў» паўстала сітуцыя, што цяжка было разабрацца, які Пантыфік зьяўляецца сапраўдным. Таксама на Захадзе ў тыя гады разьвіўся моцны тэалягічны рух, які падкрэсьліваў перавагу саборных рашэньняў.

У гэтым кантэксце Рымскі Папа Яўгеній IV вырашыў адысьці ад папярэдняй касьцёльнай практыкі і згадзіўся склікаць Сусьветны Сабор разам з грэкамі, на якім «на роўных» будуць абмяркоўвацца дагматычныя адрозьненьні і будзе выпрацаваная паяднаўчая формула веры. Папа, нягледзячы на слабы матэрыяльны стан рымкай курыі, абяцаў фінансаваньне Сабору, бо Бізантыйская імпэрыя ўвогуле знаходзілася на мяжы зьнішчэньня (што ў хуткім часе і адбылося – у 1453 годзе з падзеньнем Канстантынопаля пад ударамі акупантаў мусульманаў-асманаў).

Папа Яўгеній IV

Папа Яўгеній IV

Колькасьць прадстаўнікоў ад Праваслаўнай Царквы была дастатковая, каб гэты Сабор мог быць прызнаны за Сусьветны. Былі таксама дэлегаты ад Русі, Малдовы і Грузіі. Хаця грэкаў падштурхоўвала да ўдзелу пагроза турэцкага панаваньня, аднак была сярод іх і надзея, што Сабор вырашыць тэалягічныя супярэчнасьці. Прынамсі, не было байкатаваньня гэтай ініцыятывы нават з боку супраціўнікаў вуніі.

Па палітычных прычынах у складзе вялікай дэлегацыі ад Кіеўскай мітраполіі адсутнічалі прадстаўнікі з земляў ВКЛ і Польшчы, а былі толькі дэлегаты пераважна з княства Маскоўскага. Латынскія і грэцкія крыніцы, якія апісваюць дзеяньні Сабору, нічога не кажуць аб дзеяньнях праваслаўнай дэлегацыі мітрапаліта Ісідара. Толькі Генадзі Схалярый, адзін з грэцкіх удзельнікаў Сабору, пакінуў невялікую заўвагу аб невуцтве прадстаўнікоў маскоўскай дэлегацыі і іх няздольнасьці зразумець сутнасьць дагматычнай дыскусіі.

Гэта можа сьведчыць аб тым, што сярод усходнеславянскіх прадстаўнікоў не было аніводнага, хто атрымаў бы тэалягічную адукацыю ў Бізантыі або меў досьвед манаскага жыцьця ў грэцкіх манастырах. Але фактам неаспрэчным зьяўляецца наяўнасьць подпісу епіскапа Суздальскага пад канчатковым дэкрэтам вуніі.

Вернемся да самой вуніі. Напрыканцы 1438 года бізантыйскі імпэратар з вялікай дэлегацыяй (каля 700 чалавек, хаця біскупаў сярод іх было толькі 20-30) вырушыў у Фэрару на поўначы Італіі. Пасьля пачатковых мерапрыемстваў, калі здавалася перамоўныя пазыцыі бакоў былі невырашальна супрацьлеглымі, у Фэрары распачалася эпідэмія, і шматлікія ўдзельнікі перабраліся ў Флярэнцыю. Дзякуючы гэтаму мы і маем такую назву гэтай касьцёльнай (царкоўнай) вуніі.

Тут ужо імпэратар і Папа пачалі прадпрымаць усё магчымае, каб прысьпешыць працу Сабору і падпісаць акт вуніі. Напрыклад, часта гісторыкамі ўзгадваецца факт, што пачалі паніжаць дэлегатам сродкі на ўтрыманьне, каб яны хутчэй дамаўляліся паміж сабою.

Нарэшце былі выпрацаваныя паяднаўчыя формулы веры. Можна сказаць, што ўдзельнікі Сабору зрабілі ўсё, на што былі здольныя, але, на жаль, вынікі працы Сабору не задавальнялі пераважную большасьць прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы. Канчатковы акт вуніі не падпісалі грузінская дэлегацыя і аўтарытэтны мітрапаліт Эфэскі Марк, пра якога па некаторых крыніцах Папа Яўгеній IV меўся сказаць:

«Калі Марк Эфэскі не падпісаў, то анічога мы не дасягнулі!»

Марк Эфэскі

Марк Эфэскі

Але пераважная большасьць падпісала акт вуніі, і ён быў урачыста абвешчаны 10 ліпеня 1439 года. У Канстантынопалі дэлегатаў чакалі прасякнутыя антылатынскімі настроямі народ, духавенства і манахі. Вельмі хутка біскупы пачалі адракацца ад сваіх подпісаў, таму праваслаўных, сапраўды верных вуніі, амаль не засталося. У сьвядомасьці большасьці ўсходніх хрысьціянаў «вунія» пачала лічыцца тым самым, што «здрада праваслаўю».

Што ўвогуле абмяркоўвалі?

З грэцкага боку галоўнымі ініцыятарамі падпісаньня вуніі ў Флярэнцыі выступілі Вісарыён, мітрапаліт Нікейскі, Ісідар, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі і бізантыйскі імпэратар Ян VIII Палеоляг.

Было вырашана распачаць дэбаты ад тэмы, якая здавалася больш лёгкаю для пагадненьня – каталіцкай дактрыны аб чыстцы. Як вядома, праваслаўныя не прымаюць таго, што Чысьцец увогуле існуе.

Ісідар, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, кардынал Рыма-Каталіцкага касьцёла

Ісідар, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, кардынал Рыма-Каталіцкага касьцёла

Пасьля спробы дасягнуць пагадненьня адносна папярэдняга пытаньня, удзельнікі Сабору вырашылі перайсьці да праблемы, якую грэкі адзінадумна лічылі галоўнай прычынай царкоўнага падзелу –  каталіцкага дадатку «і Сына» ў Сымбале веры.

Справа вядзецца пра словы:

Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Сьвятло ад Сьвятла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, празь якога ўсё сталася. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў зь неба. І ўцелавіўся ад Духа Сьвятога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце, быў замучаны і пахаваны.

І на трэці дзень уваскрос паводле Пісаньня, і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланеньне і хвала; які прамаўляў праз прарокаў. Веру ў адзіны сьвяты каталіцкі і апостальскі Касьцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў і чакаю ўваскрашэньня памерлых і жыцьця вечнага ў будучым сьвеце. Амэн.

Здавалася б, на хуткае прачытаньне не самы значны кампанэнт, пытаньня таго, ад каго паходзіць Сьвяты Дух – ад Айца, ці ад Айца і Сына – спарадзіў тое, што ў канатковым выніку прывяло да падзелу хрысьціянства на дзьве часткі.

Калі Марк Эфэскі (фактычны лідар бізантыйскай дэлегацыі) ўбачыў, што частка грэцкай дэлегацыі падрыхтоўвала падпісаньне кампраміснай веравызнаўчай формулы без глыбокага тэалягічнага дасьледваньня, а іншыя гатовы былі таксама яе падпісаць, то пачаў байкатаваць Сабор і выказваць адкрыты супраціў. Пасьля вяртаньня на радзіму Марк Эфэскі стаўся сярод вернікаў своеасаблівым «апосталам падзелу». Наколькі мог, ён пісаў і распаўсюджваў агульныя звароты да вернікаў, вёў актыўнае асабістае ліставаньне і размовы, аб’ядноўваў супраціўнікаў вуніі.

Імпэратар Бізантыйскай імпэрыі Ян VIII

Імпэратар Бізантыйскай імпэрыі Ян VIII

Кароткая вунія Вялікага Княства Літоўскага

Вяртаючыся з Фэрара-Флярэнтыйскага Сабору, мітрапаліт Ісідар амаль цэлы год прысьвяціў наведваньню епархій Кіеўскай мітраполіі на землях Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, дзе абвяшчаў царкоўнае паяднаньне паміж каталікамі і праваслаўнымі. Падчас Сабору Ісідар адыграў выбітную ролю ў справе падпісаньня і сапраўды быў гарачым прыхільнікам вуніі. Таму ён атрымаў ад Папы Яўгена IV усе магчымыя паўнамоцтвы для рэалізацыі пастановаў Сабору: годнасьць кардынала і пасаду легата (асабістага прадстаўніка) Папы для Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы і Лівоніі.

Мітрапаліт Ісідар загадзя разаслаў да сваіх вернікаў пераклад Пастановаў Сабору і сваё Пасланьне, у якім, між іншым, пісаў:

«Па Божай міласьці Ісідар, пасьвечаны арцыбіскуп усяе Русі, ад Апостальскага Пасаду Легат Польскі, Літоўскі і Нямецкі, усім і кожнаму хрыставерным, з павялічэньнем веры вечнае збаўленьне ў Госпадзе.

Узрадуйцеся і ўзвесяліцеся цяпер усе, бо цэрквы ўсходняя і заходняя, якія столькі часу былі падзеленыя і адна да другой варожыя, а цяпер сапраўдным злучэньнем аб'ядналіся ў першапачатковае сваё адзінства.

І калі Грэкі знаходзяцца ў Латынскай зямлі, або дзесьці ў іх зямлі ёсьць латынская царква, то няхай усе ходзяць на іх Боскую службу і Целу Езуса Хрыстоваму пакланяюцца, і на пакаяньне няхай да латынскіх сьвятароў прыходзяць і Цела Божае ад іх прымаюць. А Латыняне павінны ў іх грэцкія цэрквы хадзіць і Боскія службы слухаць, з цёплай вераю пакланяцца таму ж Езуса Хрыстоваму Целу, бо яно таксама сьвятое ёсьць ад грэцкага сьвятара ў квасным хлебе, як ад латынскага сьвятара ў прэсным хлебе. А Латыняне няхай прыходзяць на пакаяньне да грэцкіх сьвятароў і Камунію Божую ад іх прымаюць, таму што абодва тое самае ёсьць».

Прабыўшы ў межах Польшчы чатыры месяцы, мітрапаліт Ісідар прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае і найперш скіраваўся да Вільні ў жніўні 1440 года. Аднак затрымаліся яны ў сталіцы, мабыць, усяго толькі адзін-два дні. Рыма-каталіцкі біскуп Віленскі Мацей не прызнаваў Папу Яўгена IV і Фэрара-Флярэнтыйскі Сабор і не дазволіў абвесьціць вунію. Падобна ўчыніў і суседні арцыбіскуп Рыжскі.

Істотнасьць таго, што адбылося ў Вільні, пацьвярджае факт, што пазьней, у 1451 годзе, мітрапаліт Ісідар ініцыяваў у Рыме касьцёльны судовы працэс супраць Мацея, біскупа Віленскага, абвінавачваючы, што дзеяньні Мацея сталіся галоўнай прычынаю пазьнейшага арышту яго, Ісідара, у Маскве і заняпаду Фларэнтыйскай вуніі на ўсходнеславянскіх землях.

Глядзіце таксама

Пасьля паўгода, што былі прысьвечаныя абвяшчэньню вуніі ў Вялікім Княстве Літоўскім (у іншых ваяводзтвах, ня толькі ў сталіцы), мітрапаліт Ісідар скіраваўся ў Маскву. Гэта было тагачаснае месца рэзідэнцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. У 1441 годзе мітрапаліт Ісідар абвесьціў Флярэнтыйскую вунію ў Маскве, але вунія была выразна адкінутая, а сам мітрапаліт арыштаваны і абвешчаны здраднікам веры.

Капуцын Яраслаў Крыловіч прыйшоў да высновы, зь якой можна цалкам пагадзіцца: Для таго, каб вунія мела трывалы посьпех, то веравызнаўчы акт вуніі не павінны выклікаць у кагосьці ўражаньня кампрамісу ці саступкі, а наадварот, павінны запальваць сэрца сваёй пазытыўнай радыкальнасьцю і бескампраміснасьцю.

Акт Флярэнтыйскай вуніі

Акт Флярэнтыйскай вуніі

І нарэшце, пастановы Сабору павінны быць яснымі і зразумелымі для супольнасьці вернікаў, прынамсі для актыўнай яе часткі (манахаў, духавенства, сьвецкіх, якія практыкуюць веру), каб звышпрыроднае пачуцьцё веры Божага народу магло прыняць і падтрымаць Сабор.

Досьвед Флярэнтыйскай вуніі выразна паказаў, што згоды, падпісанай экпертамі, герархіяй і сьвецкай уладай было не дастаткова, каб усходнія вернікі прынялі вунію. Не хапіла падтрымкі на ўзроўні «народнай тэалёгіі».

Праз амаль 150 гадоў, у 1596 годзе ў беларускім Берасьці была падпісаная аднайменная Берасьцейская царкоўная (касьцёльная) вунія. І сёньня на тэрыторыі Беларусі існуюць вызнаўцы грэка-каталіцтва нягледзячы на перасьлед ад нядобразычліўцаў.