Апошняя справа Вітаўта
27 кастрычніка 1430 года спынілася сэрца найвыбітнага кіраўніка беларускіх зямель, вялікага князя, які амаль стаў другім каралём. Вітаўт мог бы (тут можна падставіць доўгі пералік планаў) зрабіць многае, але здолеў тое, з чым прыходзіцца жыць нам аж да сёння.

Вітаўт Вялікі. Выява Штучнага Інтэлекту.
instagram.com/belarus_minulaja
Колькі словаў пра каралеўства
У 1253 годзе дзякуючы Папе Рымскаму Інацэнту IV адбылася надзвычай істотная падзея. Першы кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг быў каранаваны. Ён станавіўся каралём, а нашая дзяржава — каралеўствам.
Пантыфік прыязна паставіўся да прозьбы Міндоўга ўзяць яго пад апеку. Празь некаторы час Папа Інацэнт IV даслаў у Наваградак дзьве булы (папскі заканадаўчы акт), у адной зь якіх называў Міндоўга каралём, а ўсю нашую дзяржаву — каралеўствам.
У другой буле, адрасаванай рыжскаму, дорпацкаму і эзэльскаму біскупам, найвышэйшы кіраўнік каталіцкага Касьцёлу прасіў дапамагчы «каралю літоўскаму, які хоча павярнуць паганцаў да хрысьціянскай веры». Быў атрыманы таксама дазвол на каранацыю навагародзкага князя каралеўскай каронаю. Каранацыя і стварэньне для краіны асобнай каталіцкай дыяцэзіі былі актамі грандыёзнага дзяржаўнага значэньня. Каралеўства Літоўскае здабыло прызнаньне ў Эўропе як роўнае сярод іншых каралеўстваў.
Аднак пасьля забойства Міндоўга ў 1261 годзе дзяржава страціла статус каралеўства.
Глядзіце таксама

З тых часоў кіраўнік нашай радзімы меў тытул вялікага князя літоўскага. Зрэшты, у пляны сына Кейстута ўваходзіла аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Пасьля шэрагу дзяржаўных вуніяў з Польскім каралеўствам, пачынаючы з 1386 году, Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў стане фактычна «малодшага партнэра» ў дачыненьнях з заходнім суседам. Больш за тое, паводле падпісаных дамаўленасьцяў, і асабіста Вітаўтам у тым ліку, тэрыторыя Княства мусіла адыйсьці да Кароны пасьля сьмерці Гаспадара.
Але гены не прап’еш. Вітаўт намагаўся на схіле свайго ўладарства ўзмацніць сваю краіну і перадаць яе ў незалежным выглядзе далей.
Каралеўская мара Вітаўта
Толькі напрыканцы 1420-х гадоў пачалося вымалёўваньне некалі мары, а ўжо амаль і рэальнасьці. Імпэратар Сьвятой Рымскай Імпэрыі Жыгімонт І вырашыў прыкласьці руку дапамогі, каб такім чынам саслабіць уласнага суседа, зь якім быў далёка не ў сяброўскіх адносінах — караля Польшчы Ягайлу.
Дзеля далейшай незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага неабходна было скасаваць «сяброўскія» вуніі з палякамі. 1386 і 1413 год (даты падпісаньня вуніяў) стаялі перашкодамі.
Аднак яшчэ ў 1427 годзе Папа Марцін V, галоўны чалавек, які мусіў даць згоду на стварэньне новага каралеўства, ськептычна ставіўся да ідэі. Па інфармацыі, якая да яго дайшла (верагодна, на польскай мове ці праз польскіх дзеячоў), ён адмоўна разглядаў палітыку Вітаўта ў дачыненьні да праваслаўных Вялікага Княства.
На міжнародным кангрэсе, які адбыўся ў Луцку ў 1429 годзе, праведзеным з ініцыятывы Вітаўта, былі пакліканыя зацікаўленыя бакі: Ягайла і імпэратар Жыгімонт І Люксембургскі. Акрамя іх былі князі Цьвяры і Разані, кіраўнік Малдоўскай дзяржавы, амбасадары з Даніі і Бізантыйскай Імпэрыі, а таксама Пантыфіка. І нягледзячы на тое, што афіцыйна кіраўнікі дзяржаваў мусілі абмяркоўваць зьнешнепалітычныя пытаньні (праблему пратэстантызму гусітаў у Чэхіі і вайну з туркамі), галоўнай была справа каранацыі.

Вітаўт Вялікі. Выява Штучнага Інтэлекту.
instagram.com/belarus_minulaja
Вітаўт скарыстаўся падтрымкай Жыгімонта, які, як адзначаюць крыніцы, яшчэ па выніках Грунвальдзкай бітвы 1410 году абяцаў карону для нашага князя.
Як і з Міндоўгам, каралеўская карона ўключыла б ВКЛ у роўную сям’ю эўрапейскіх каталіцкіх дзяржаваў. Імпэратар Жыгімонт Люксембургскі зьвярнуўся да Ягайлы і пераконваў яго згадзіцца з каранацыяй Вітаўта, бо гэта не павялічыць улады літоўскага князя, якой у таго і без кароны хапала. І наадварот, працягваў імпэратар, каралю Ягайле будзе больш ганарова мець за сябра і хаўрусьніка караля Вітаўта.
Ягайла павёў сябе хітрым чынам. На словах ён пагадзіўся з каранацыяй стрыечнага брата, але з умовай ухвалы польскай шляхты і біскупаў.
На самім кангрэсе Вітаўт сутыкнуўся (чакана) з моцнай апазыцыяй з польскага боку. Іх голасам стаў біскуп Кракаву Зьбігнеў Алясьніцкі. Ён сцьвярджаў, што Вітаўт плянуе адарваць Вялікае Княства ад Польшчы (так яно і было, вядома). Польская дэлегацыя вырашыла рашуча сабраць рэчы і зьехаць як надалей ад патэнцыйнага мейсца здрады польскім памкненьням. Такім чынам Луцкі кангрэс быў сарваны.
Папа Рымскі, падбухтораны Ягайлавымі амбасадарамі, напісаў наступны ліст Вітаўту, у якім пераконваў таго крыху перанесьці каранацыю:
«Каб ня зьведала згубы тваё добрае імя, якое паўсюль карыстаецца хвалой, і каб душа твая не была абцяжараная такім вялікім грахом, каб пазьбегнуў асуджэньня на апошнім судзе, каб пазьбегнуў усіх тых няшчасьцяў, якія несумненна надыйшлі б. Дзеля гэтага, мой любы сын, у такой небясьпечнай справе кіруйся ўласнай воляй і прыслухайся да нашай парады. Мы высока цябе ставім праз твае незвычайныя, вялікія і выключныя заслугі, якія ты прысьвяціў распаўсюду хрысьціянскай веры, бацькоўскай мілатой любім тваю справядлівасьць і цябе прымаем за вельмі вартага ганаровай пасады караля. Але жадалі б, каб твая асоба была ўпрыгожаная такім гонарам зь мірам, без бунту і крыўды і нежаданьня з боку твайго брата».
Брат Ягайла і выступаў галоўным антаганістам у гісторыі нашага супергероя.
Глядзіце таксама

Біскуп Зьбігнеў Алясьніцкі з Кракава, як вядома, казаў наступныя словы Вітаўту: «Ведай жа, што карона каралеўская хутчэй прынізіць твой статус, бо паміж князямі ты першы, а паміж каралёў будзеш апошні».
Імпэратар Жыгімонт І Люксембургскі чарговы раз падтрымаў Вітаўта і даслаў яму праэкты каранацыйнага акту і ўзьвялічваньня Вялікага Княства Літоўскага ў Каралеўства.
Так ці інакш, на наступны, 1430 год, у жніўні быў заплянаваны міжнародны зьезд у Вільні, дзе мусіла адбыцца каранацыя Вітаўта.
Мара сыходзіць у нябыт
На гістарычную ўрачыстасьць у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага прыехалі шматлікія высокія асобы. У іх ліку магістры Ордэну — Прускі і Ліфляндзкі, вялікі князь маскоўскі Васіль (між іншым, ён зьяўляўся ўнукам Вітаўта), хан Залатой Арды Магамед, князь Мазавецкі і іншыя.
Імпэратарскія абмасадары — арцыбіскуп Магдэбургскі, вугорскія магнаты Пётр Юрга і Ваўрэнец Ганрэвер, апатаўскі князь Прэмка, што везьлі ўжо падрыхтаваную карону ад Папы, былі нечакана (чакана) затрыманыя. Яны даведаліся пра польскія кардоны на мяжы і спыніліся ў Франкфурце-на-Одэры. Паводле іншай вэрсіі, палякі напалі на амбасадараў і скралі карону.
Як паведамляе Вітаўт Чаропка, замест гэтай кароны палякі прапанавалі Вітаўту польскую карону (што робіцца!), якую зьбіраліся сарваць з галавы Ягайлы. Вітаўт ад такога гонару адмовіўся, разумеючы, што палякі падрыхтавалі капкан, бо пасьля сьмерці Вітаўта польская карона ўсё адно перайшла б да дзяцей Ягайлы. Такім чынам яны зьбіраліся перашкодзіць Вітаўту атрымаць уласную карону, але прапанавалі нейкі час панасіць чужую — польскую.
Каранацыю вырашылі адкласьці на некалькі тыдняў, але і 8 верасьня амбасадары ўсё яшчэ не даехалі ў Вільню.
Ягайла прыехаў у кастрычніку 1430 году ў Вільню да Вітаўта і спрабаваў яго пераканаць адкласьці каранацыю і ўвогуле папрасіць імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі Жыгімонта І адправіць карону не праз Польшчу, а праз Прусію. Душэўны чалавек быў кароль Польшчы Ягайла.
Глядзіце таксама

Як вядома з гістарычных крыніцаў, імпэратар Жыгімонт І быў гатовы забясьпечыць вайсковую сілу для абароны сваіх амбасадараў з каронай. Аднак праз некалькі дзён па прыезьдзе Ягайлы ў Вільню, 15 кастрычніка, Вітаўт напісаў ліст да Жыгімонта, каб той не пачынаў ваенных дзеяньняў, бо нібы Вітаўт і Ягайла дасягнулі мірнага пагадненьня, і карона зможа спакойна прайсьці праз тэрыторыю Польшчы.
80-цігадовы Вітаўт выехаў з Вільні з Ягайлам і па дарозе ад слабасьці зваліўся з каня. Яго прывезьлі ў Трокі.
27 кастрычніка 1430 году памёр Вітаўт Вялікі, які так і недачакаўся спраўджваньня сваёй мары.