Нашы ў Маскве. Жыццё ў сталіцы неспакойнага суседа вачыма жаўнера

Апагей трыумфу Вялікага Княства Літоўскага ў знешняй палітыцы з Масквой — уваход у горад гарнізону пад камандаваннем Станіслава Жалкеўскага. З восені 1610-га па восень 1612-га польска-літоўскае войска знаходзілася ў Маскве. Пра тое, якім было жыццё Масковіі ў гэты час, красамоўна піша відавочца падзей.

00_vokladka_40.jpg

Войскі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай увайшлі ў Маскву падчас так званай «маскоўскай смуты». Перад уводам войска адбылася значная падзея — разгром рускіх войскаў пры Клушыне 4 ліпеня 1610 года. Параза падштурхнула баяр да перамоў, у выніку якіх было дасягнутае паміж бакамі пагадненне: узвесці на рускі пасад каралевіча Уладзіслава.

Маскоўская смута (сучасны арт)

Маскоўская смута (сучасны арт)

Урад і маскоўскія жыхары ўрачыста прысягнулі каралевічу Уладзіславу, а колькасць тых, хто злажыў прысягу, была не менш за трыста тысяч. Маскавіты, як пісаў іх гісторык Карамзін, цалавалі крыж з выглядам стараннасці і глыбокай павагі. Пасля гэтага ўначы з 20 на 21 верасня 1610-га Маскву заняў гарнізон Жалкеўскага. Галоўная мэта ўводу войскаў — абарона Масквы ад яе захопу войскамі Лжэдзмітрыя II. Гэта была просьба баяр. Жаўнеры размясціліся ў Крамлі, Кітай-горадзе і Белым горадзе, занялі Навадзевічы манастыр.

Каралевіч Уладзіслаў

Каралевіч Уладзіслаў

Калі без лішніх слоў, то амаль бесклапотна войскі прастаялі ў Маскве да сакавіка 1611 года, пакуль гарнізон не быў блакіраваны Першым народным апалчэннем князя Дзмітрыя Трубяцкога. Увосень 1612 года Другое народнае апалчэнне падштурхнула польска-літоўскі гарнізон пакінуць Маскву. Мясцовыя самастойна вырашылі выйсці з уласнага палітычнага крызісу.

Удзельнікам гэтых падзей быў прафесійны жаўнер, чыя стыхія — вайна. Ён занатаваў тое, што пабачыў у іншай цывілізацыі. Сапраўды і без перабольшвання: для жыхароў Вялікага Княства Літоўскага Масква і Маскоўская дзяржава былі іншым сусветам. Масква — сусвет які здзіўляў, які ўражваў, які быў нечаканым. Карацей, быў цалкам іншым. Якім? Слова відавочцу падзей.   

Хто пакінуў мемуары?

Удзельнікам паходу на Маскву, які пра гэта ўсё напісаў, быў шляхціц з Наваградчыны пан Самуіл Маскевіч. Паходзіў з сярэдняй шляхты, род яго карыстаўся гербам Адравонж, веравызнанне — кальвінісцкае, радавая сядзіба — Сэрвач у Наваградскім павеце.

Самуіл Маскевіч (партрэт з выдання 1863 г. Брусэль)

Самуіл Маскевіч (партрэт з выдання 1863 г. Брусэль)

Маскевіч быў прафесійным ваяром. Яшчэ ў 21 год у 1601-м у складзе палка Габрыеля Войны ён ваяваў са шведамі ў Лівоніі. Потым — быў пры двары магната Адама Вішнявецкага. Жаўнерскі лёс занёс яго на Падолле, дзе Маскевіч біўся з Сандамірскімі канфедэратамі. А потым надышоў 1609-ты год…

Жаўнер Вялікага Княства Літоўскага (так мог выглядаць і Маскевіч)

Жаўнер Вялікага Княства Літоўскага (так мог выглядаць і Маскевіч)

Кароль Жыгімонт ІІІ распачаў паход на ўсход. Спачатку Маскевіч правёў восем месяцаў у асадзе пад Смаленскам. Затым каралеўскі полк, у якім служыў Маскевіч, далучыўся да войска польнага гетмана Станіслава Жалкеўскага і прымаў удзел у пераможнай бітве пры Клушыне. Далей была Масква: у 1610–1611 гадах Маскевіч знаходзіўся з гетманам Гансеўскім у Маскоўскім Крамлі, змагаўся з апалчэннем Ляпунова і Трубяцкога.

Атака крылатых гусараў у бітве пад Клушынам

Атака крылатых гусараў у бітве пад Клушынам

Пасля вяртання з маскоўскага паходу Маскевіч зрабіў неблагую кар’еру. З 1615 года ён служыў у клецкага ардыната Яна Альберта Радзівіла, а затым крыху пры двары князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Самуіл Маскевіч абіраўся паслом Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад Навагрудскага павета, займаў пасаду наваградскага земскага пісара, з дапамогай новых патронаў — Сапегаў — быў прызначаны наваградскім падваяводам.

Паход на Маскву

Паход на Маскву

Паміж войнамі і службай Маскевіч паспеў напісаць свае ўспаміны. У яго творы ахопленыя падзеі з 1594 па 1621 год. Даследчыкамі адзначаецца аб’ектыўнасць Маскевіча пры апісанні ўсіх бакоў гістарычных падзей: ён шчыра выказвае павагу ворагу, крытыкуе сваіх паплечнікаў, заўважае добрае і благое з усіх бакоў канфлікту. Карацей, дзённік Маскевіча — варты даверу. 

Просты люд — невукі

Дык вось, 1609 год, паход войска Рэчы Паспалітай на Маскву. Шляхецкае войска перасекла межы дзяржавы, трапіла ў іншую для сябе цывілізацыю.

Самуіл Маскевіч быў кальвіністам, яго светапогляд сфармавала Рэфармацыя, а гэта значыць — навука, адпаведная свайму часу. Сутыкнуўшыся з мясцовымі, ён напісаў: «У пытанні веры сярод простага люду пануе вялікае невуцтва. Калі кароль падышоў да Смаленска, навакольны люд пачаў уцякаць з быдлам у лясы, беручы з сабой з дому i абразы, на якія ўскладае празмерныя спадзяванні. Таму калі нашы, шукаючы ў лесе спажывы, натрапілі на ix i адабралі быдла, яны, гневаючыся на абразы, на знак ганьбы паразвешвалі ix на дрэвах дагары, кажучы: «Мы молімся вам, a вы нас ад Літвы не ўбераглі». A іншы, калі ўначы злодзей вывеў з яго хлява вала, схапіў са сцяны абраз i кінуў праз акно на хлеў (а той упаў у гной) ды сказаў: «Я тобе молюся, a ты мене от татя не боронишь»».

Маскоўскае баярства, 17 стагоддзе

Маскоўскае баярства, 17 стагоддзе

Канешне, кальвіністу было цяжка зразумець, чаму мясцовыя шануюць іконы больш, чым Бога. І ў пацвярджэнне піша: «Калі масковец просіць урачыста каго-небудзь пра што-небудзь, ён не кажа ў імя Бога або Хрыста, але ў імя Святога Міколы».

Наогул, навукі ў Маскоўскай дзяржаве былі не тое каб не ў пашане, але ж нават пад забаронай! Чаму? Слова Маскевічу: «A ўсё дзеля таго, каб не знайшоўся хтосьці мудрэйшы за цара, каго грамада прыняла бы за Гаспадара, пагардзіўшы папярэднім, бо ў іх грамада можа многае».

Перамога пад Смаленскам

Перамога пад Смаленскам

Лёс кніг

Ад забароны займацца навукамі выцякае і стаўленне да кніг. Маскевіч прыводзіць красамоўную гісторыю, якая адбылася яшчэ за часамі цара Івана Жахлівага, якога ў дзённіку ён называе Тыранам:

«Наш купец прывёз туды воз календароў. Даведаўшыся, загадаў цар частку з тых кніг прынесці да сябе (на ix думку, былі яны замудрыя, бо i сам цар нічога ў ix не разумеў): баючыся, што людзі пачнуць у ix разбірацца, загадаў даставіць усе да сябе ў замак і, заплаціўшы, колькі хацеў купец, кінуў у агонь».

Маскоўскія стравы — не спадабаліся

Пасля прысягі каралевічу Уладзіславу і ўваходу войска ў Маскву, мясцовая эліта запрасіла нашых военачальнікаў на прыём з банкетам. Быў на тым прыёме і Маскевіч: «Частавалі нас у трох пакоях. Стравы былі прыгатаваны па-маскоўску, ніводная з ix мне не спадабалася, акрамя здабы, накшталт французскай, i іншага печыва».

Не спадабалася нашым і маскоўскі манер падаваць алкаголь: «Мяды падавалі розныя, кожны раз наліваючы іншы, каб паказаць, як шмат ix у Маскоўскім царстве. Нашы ж, хочучы напіцца, моцна прасілі, каб падавалі любы гатунак, адно каб не змешвалі, але не маглі ад ix таго дамагчыся».

А вось маскавітам стравы з кухні літвінаў і палякаў падабаліся. Маскевіч завёў сяброўства з баярынам Фёдарам Галавіным, які аказваў мемуарысту розныя паслугі. Са свайго боку Маскевіч таксама дапамагаў яму пры неабходнасці. «Галавін часта бываў у мяне на прыёмах, — піша Маскевіч, — для якіх адмыслова дзеля яго я загадваў гатаваць па-польску. Еўшы, здзіўляўся, бо такога ніколі не тое што не спажываў, але i не бачыў».

Адзінае, што з тамтэйшай кухні спадабалася Маскевічу, была… капуста! Было гэта ў 1612-м годзе, калі ў пошуках правіянту войскі дайшлі да берага Волгі. Маскевіч занатаваў: «Мы стаялі ў вёсцы, што называлася Родня, а ў мясцовых сялян не было іншай павіннасці, акрамя пастаўкі капусты на царскую кухню. Таму амаль у кожнага мы знайшлі па 2-3 закладзеныя кадушкі бялюткай капусты, i такой харошай, якой у нас знойдзеш рэдка або i зусім не знойдзеш: квашаная качанамі, з анісам i каляндрай, настолькі смачная, што мы не маглі ёй здаволіцца».

Знакамітая славутасць

Адной з турыстычных славутасцей сучаснай Масквы з’яўляецца ўзор мясцовай гігантаманіі XVII стагоддзя знакамітая «Цар-Пушка». Была яна ў горадзе і тады, калі там бавілі час нашы жаўнеры. Маскевіча яна таксама ўразіла: 

«Пасярэдзіне рынка ляжыць гармата, марціра, вылітая, здаецца, толькі на паказ: калі я прысеў унутры яе, то ад маёй галавы да другога краю гарматы заставалася цэлая пядзь».

Але як яе выкарыстоўвалі нашы жаўнеры? A нашы пахолкі ўзялі сабе за звычай: залезе ix тры ў сярэдзіну гарматы ды граюць там у карты ў куце, пад запалам.

Цар-Пушка

Цар-Пушка

Смяюцца з нашых танцаў, забаўляюцца непрыстойнымі песенькамі

Надарыўся выпадак Маскевічу пабываць і на мясцовым вяселлі. Здзіўлена ён піша: «Падчас сваіх банкетаў маскоўцы не маюць ніякай музыкі для забавы, таксама смяюцца з нашых танцаў i лічаць танцы непрыстойным для чалавека заняткам». Во як! І далей пра нашы танцы маскоўцы казалі так: ходзяць па пакоі, шукаюць, чаго не згубілі.

Баярскі вясельны пір

Баярскі вясельны пір

Але ж чым на сваіх урачыстасцях забаўляліся ў Маскве? Публіку весялілі блазны, якіх Маскевіч на еўрапейскі манер называе камедыянтамі. Шуты забаўляюць усіх то размаітымі маскоўскімі танцамі, часам вырабляючы, як акрабаты, то надзвычай непрыстойнымі песенькамі, i яны, седзячы пры стале, маюць з таго забаву. Нашым гэта не падабалася: «Ад слухання ўсяго таго, што гаворыцца i спяваецца, у прыстойнага чалавека забаляць вушы, бо ні пра што іншае не гавораць, ні пра што іншае не спяваюць, як толькі пра самае распутнае, самае брыдкае i самае бессаромнае. Дужа падабаецца ім тое i такая вялікая з таго ім радасць! То хай гэтым сябе пацяшаюць ды іншага не маюць!»

Шут і гусляр

Шут і гусляр

Наўрад ці спадабалася нашым жаўнерам на тым вяселлі. Пры гэтым там яшчэ і не пілі а ні чаго спіртнога. Як і па ўсёй Масковіі…

Еўрапейскі танец, XVII ст.

Еўрапейскі танец, XVII ст.

Трымаюцца поўнай цвярозасці

У гэта цяжка паверыць, але ў XVII стагоддзі ў Маскве трымаліся цвярозага ладу жыцця. Для нашай шляхты, вядомых аматараў назюзюкацца, гэта было дзіва.

Маскевіч піша: «Трымаюцца поўнай цвярозасці, строга патрабуючы яе ад вяльможаў i грамады. П’янства забаронена, таму па ўсёй Масковіі няма корчмаў, нідзе не прадаецца ні піва, ні гарэлка. I нават дома звычайны чалавек, за выключэннем баярына, не можа вырабляць для ўласнага спажывання які-небудзь хмельны напой».

А хто парушыць закон — не пакідалі без пакарання. Было і такое: каго ўгледзяць п’янага, таго адразу кідаюць турму. Праз некалькі тыдняў можа быць адпушчаны пасля заступніцтва. Паўторна заўважанага ў тым самым, пасля доўгага сядзення ў турме, каты, бязлітасна лупцуючы бізунамі, праводзяць па вуліцах i адпускаюць. 

Пра пакаранні: кантраст з нашым правам

Наогул бізун — галоўнае пакаранне ў Маскоўскай дзяржаве. Людзям з краіны пануючага Статута і адносна празрыстай судовай сістэмы таксама было дзіўным, як прававая сістэма функцыянавала ў Маскве.

Пакаранне бізуном

Пакаранне бізуном

Суддзяў тут было так шмат, колькі магло быць розных спраў. Напрыклад, адзін суддзя судзіць злодзея, другі разбойніка, трэці махляра, хоць усё гэта адно рамяство, адно злачынства. Усе суды маюць асобныя судовыя дамы, дзе судзяць штодня з раніцы, пакуль у царкве не зазвоняць на вялікую абедню, i як толькі данясецца звон, усе суды спыняюцца.

Пакаранне бізуном

Пакаранне бізуном

Сістэма пакарання была простай: «Нават найбольшыя i звязаныя з праліццём крыві злачынствы не караюцца смерцю, a толькі бізуном, за выключэннем i найменшага падазрэння ў замаху на царскую асобу: такога чалавека без суда i права на абскарджанне выраку пускаюць пад лёд, не даючы магчымасці апраўдацца». 

Міне ўжо чатыры сотні год, а сітуацыя з правам і падыходам да вымярэння пакарання не выкліча здзіўлення.

Смяротнае пакаранне ў Маскве

Смяротнае пакаранне ў Маскве

Паводзіны і статус жанчын

Стаўленне да жанчын у Масковіі было адметным: на ўзроўні нявольніцтва. Маскевіч піша: «Яны публічна не стасуюцца з жонкамі i жанчынамі i не дазваляюць ім нідзе паказвацца на людзях, акрамя царквы. I таму кожны баярын, нават жывучы ў Сталіцы пры цары i маючы свой дом, павінен мець для жонкі царкву непадалёк ад дому, a на ўрачыстае свята едзе ў вялікую царкву. Туды едзе ў калымазе, закрытай з усіх бакоў, за выключэннем бакавых праёмаў для ўваходу i выхаду, прыкрытых дзверцамі з акенцамі, праз якія жонка можа бачыць кожнага, a яе ніхто, хіба толькі калі выходзіць або сядае».

Жанчыны Масковіі

Жанчыны Масковіі

Нявольніцкі статус быў у жанчыны і дома. Пакоі для жанчын размяшчаліся ў тыльнай частцы дома, i хаця туды магчыма было ўвайсці з падворка па сходах, яны зачыняліся ключом гаспадара, таму зайсці туды магчыма толькі праз яго пакоі; але мужчын туды не пускалі, не выключаючы самых малых i дамашніх. Падворак за жаночымі пакоямі быў загароджаны вельмі высокім ледзь птушцы пераляцець i глухім плотам; толькі тут яны прагульваюцца. Па сучасных мерках — гэта звычайная турма. 

Калі гаспадар быў рады госцю ў доме, то загадваў з’явіцца жонцы i дзецям, якую замест прывітання абавязкова трэба пацалаваць, бо тая абражалася. 

Пісаў Маскевіч і пра каноны прыгажосці масквічак: «Усе жанчыны наогул накладваюць бялілаў i лічаць, што гэты звычай прадпісаны верай; i ніводная не выйдзе на людзі не наклаўшы бялілы, уважаючы тое за смяротны грэх i ганьбу».

Маскоўская жанчына ў бялілах

Маскоўская жанчына ў бялілах

Пакрыўджаны стаўленнем да нашых танцаў, Маскевіч іранічна занатоўвае сваё стаўленне да ўсяго патрыярхальнага ладу Масковіі: «Але калі б ім дазвалялася сядзець з дзяўчатамі так свабодна, як у нас, то веру, што хлапец загарэўся б ды паварочаў бы лавы, a не толькі танчыў з дзяўчынай».

Раскол цывілізацый: «Няма пад сонцам больш вялікага манарха, чым ix цар»


План Масквы, 1610 год

План Масквы, 1610 год

Культурныя і побытавыя адрозненні — натуральная справа для розных дзяржаў. Але ж паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай была вялікая цывілізацыйная прорва. Якая? Слова Маскевічу: 

«У гутарках з імі нашы ўслаўлялі волю, раілі дамагацца яе, з’яднаўшыся з намі. Але яны адказвалі проста: «Вам добрая ваша воля, a нам наша няволя. Ваша воля — казалі — гэта сваволля. У нас, — кажа, — найбольшы баярын не можа нічога зрабіць найбяднейшаму, бо па першай скарзе цар мяне ад яго ўратуе. A калі сам цар прычыніць мне якую несправядлівасць, то яму дазволена, як Богу: ён i карае, i мілуе. Мне лягчэй зносіць пакаранне ад цара, уладара ўсяго свету, чым ад свайго брата»».

Вельмі трапна ў XVII стагоддзі занатаваў Маскевіч ключавую каштоўнасць і падмурак цывілізацыі Масковіі: «Яны ўпэўненыя, што ў цэлым свеце няма пад сонцам больш вялікага манарха, чым ix цар, якога ніхто i ніколі не адолее, i таму называюць яго солнце праведное, светило руское».

Ці змянілася там нешта за чатыры сотні гадоў? Пытанне — рытарычнае.